Старшыню горадзенскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Вадзіма Саранчукова затрымалі раніцай 20 сьнежня.
Абноўлена 17:17: Саранчукова аштрафавалі на 637,5 рубля за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
Як расказаў Свабодзе сябра БНФ Максім Губарэвіч, яму патэлефанавала жонка Саранчукова і паведаміла пра затрыманьне.
«Яна сказала, што Вадзім адводзіў дзяцей у дзіцячы садок. Яго каля садка затрымалі супрацоўнікі міліцыі. За што, на якой падставе, —інфармацыі няма», — расказаў Максім Губарэвіч.
Тэлефон Саранчукова недасяжны для выклікаў.
Перад акцыяй апазыцыі за незалежнасьць, заплянаванай на 20 сьнежня ў цэнтры Менску, міліцыя затрымала некалькі актывістаў, дзясяткі чалавек атрымалі папярэджаньні аб адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах.
Вадзім Саранчукоў быў адным з удзельнікаў ланцуга за незалежнасьць у Горадні, які ладзіўся 15 сьнежня. Гарадзенцы ўзяліся за рукі на старым мосьце цераз Нёман. У канцы не дазволенай уладамі акцыі яны адправілі плыт з рэзалюцыяй супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі ў Пецярбург, дзе 20 сьнежня працягнуцца перамовы ў гэтым пытаньні паміж кіраўнікамі згаданых краінаў.
Аб 11:10 за гэтую ж акцыю затрымалі актывіста Сяргея Верамеенку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На старым мосьце ў Горадні адбылася акцыя за незалежнасьць Беларусі. ФОТАГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расею паплыў плыт з пратэстам супраць інтэграцыі. Як прайшла акцыя за незалежнасьць у Горадні. ФОТА