80 ці 35 эўра за шэнгенскую візу? Залежыць ад хуткасьці падпісаньня і ратыфікацыі дамоваў

  • БелаПАН

Шэнгенская віза.

Эўразьвяз прапанаваў Беларусі падпісаць дамову аб спрашчэньні візавага рэжыму ў студзені 2020 году. Калі гэтае пагадненьне не пасьпеюць ратыфікаваць да 2 лютага, беларусаў на нейкі час чакаюць шэнгенскія візы па 80 эўра, калі пасьпеюць — па 35.

Пра гэта паведаміла Эўрапейская служба вонкавых дзеяньняў па выніках пасяджэньня Каардынацыйнай групы Беларусь — Эўразьвяз, якое прайшло 17–18 сьнежня ў Брусэлі.

Эўрапейскі зьвяз прапануе правесьці цырымонію падпісаньня ў Брусэлі. Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі дэталі апошніх працэдурных крокаў, неабходных для заключэньня i ўступленьня ў сілу пагадненьняў аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі. Пасьля падпісаньня абодва пагадненьні павінны будуць прайсьці працэдуру ратыфікацыі ў Эўрапарлямэнце і Нацыянальным сходзе Беларусі, удакладняецца ў паведамленьні.

2 лютага 2020 году ўступіць у сілу абноўлены Візавы кодэкс Эўразьвязу, які прадугледжвае ў тым ліку павышэньне візавага збору за шэнгенскую візу зь цяперашніх 60 да 80 эўра.

«Тым ня менш ЭЗ адзначыў, што такое павелічэньне кошту будзе часовым, да моманту ўступленьня ў сілу пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму. Пасьля гэтага візавы збор для ўсіх грамадзян Беларусі аўтаматычна зьнізіцца з 80 да 35 эўра», — паведамляе Эўрапейская служба вонкавых дзеяньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз зацьвердзіў рашэньне падпісаць візавую дамову зь Беларусьсю, шэнгенскія візы будуць па 35 эўра


Абноўлены Візавы кодэкс таксама прадугледжвае павелічэньне колькасьці катэгорый грамадзян, якія змогуць атрымаць шэнгенскую візу бясплатна, а таксама магчымасьць для атрыманьня шматразовых шэнгенскіх візаў з больш працяглым тэрмінам дзеяньня (да пяці гадоў) для законапаслухмяных падарожнікаў. Перамовы аб заключэньні пагадненьняў аб спрашчэньні візавага рэжыму і аб рэадмісіі ЭЗ і Беларусь вядуць з 2014 году.