Як і шмат хто з навакольных, апошнім часам я часта думаю пра так званую паглыбленую інтэграцыю. Ці ёсьць рэальная пагроза сувэрэнітэту Беларусі? На якія сфэры жыцьця змогуць паўплываць інтэграцыйныя працэсы? Ці застануцца нейкія сфэры незакранутымі?
Як жанчыну мяне вельмі хвалюе так званая жаночая палітыка. І я ўпэўнена: лепшым нашае жыцьцё ў выпадку далейшай інтэграцыі дакладна не стане.
Чым глыбейшымі будуць інтэграцыйныя працэсы, тым большага зьліцьця заканадаўстваў і агульных сацыяльных працэсаў варта чакаць. І, хутчэй за ўсё, беларускія законы будуць набліжацца да расейскіх, а не наадварот. А ў Расеі сытуацыя з правамі жанчын яшчэ горшая за беларускую.
Пра гэта кажуць і міжнародныя дасьледаваньні ( у Глябальным рэйтынгу гендэрнай роўнасьці 2020 Беларусь займае 29-е месца, а Расея — 81-е), і звычайныя побытавыя назіраньні. Яны, вядома ж, на статус статыстыкі прэтэндаваць ня могуць, але таксама нешта значаць. Гучныя справы, зьвязаныя з гендэрным гвалтам, і тое, як на гэтыя гісторыі рэагуюць праваахоўныя органы Расійскай Фэдэрацыі, прыводзяць мяне да думкі, што ў выпадку мацнейшага збліжэньня Беларусі і Расеі адсюль трэба проста бегчы, каб уратавацца. Бо змагацца за свае правы будзе нашмат цяжэй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без закону аб хатнім гвалце: «Шмат жанчын у Расеі сядзяць за забойства свайго тырана»Ні ў якім разе не хачу ідэалізаваць нашую сыстэму і казаць, што цяпер у Беларусі жанчын добра абараняюць, а пасьля паглыбленай інтэграцыі Расея ўсё сапсуе. Не, усё вельмі складана і цяпер — няма закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту, жанчыны пасьля родаў збольшага аказваюцца ў цяжкім эканамічным палажэньні, дзяржава спрабуе абмяжоўваць права на аборт, існуе сур’ёзны гендэрны разрыў у заробках і сьпіс забароненых для жанчын прафэсій. У нас шмат сваіх праблем, але няма ніводнай нагоды меркаваць, што пасьля паглыбленай інтэграцыі вырашаць іх будзе неяк прасьцей.
Так, ёсьць некалькі аспэктаў жаночай павесткі, у якіх Расея выглядае лепш за Беларусь — сьпіс забароненых для жанчын прафэсій і відаў працы там цяпер карацейшы, чым у нас (рашэньне аб скарачэньні ўжо прынята, але яно ўступіць у сілу толькі ў 2021 годзе), а аборты ўваходзяць у сыстэму абавязковага мэдычнага страхаваньня, так што жанчынам не даводзіцца дадаткова за іх плаціць.
Але ж д’ябал, як водзіцца, у дэталях: сьпіс забароненых прафэсій ня столькі скарацілі, колькі рэструктуравалі, аб’яднаўшы асобныя прафэсіі ў прафэсійныя сфэры. Так, зь яго прыбралі прафэсіі, якія ўжо не існуюць, і некаторыя віды працы, якія цяпер можна рабіць «дастаткова бясьпечнымі», але галоўны сакрэт «скарачэньня» сьпісу амаль у чатыры разы — аб’яднаньне прафэсій у групы. Жыцьцё жанчын асабліва не палепшылі, але на паперы ўсё выглядае шыкоўна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Макей даў слушныя парады, як працаваць на дзяржаўным узроўні з тэмай хатняга гвалту»Што тычыцца бясплатных абортаў, дык з гэтым у Расеі таксама ня ўсё так проста — пакуль аборты ня выведзены з АМС, але ініцыятывы, якія выступаюць за вывядзеньне, зьяўляюцца рэгулярна. Там, як і ў нас, заўважная тэндэнцыя — пад уплывам розных рэлігійных сілаў дзяржава спрабуе ствараць жанчыне перашкоды для перарываньня нежаданай цяжарнасьці.
З сацыяльнымі гарантыямі для маці там таксама складана — выплаты гарантуюцца на працягу першых 18 месяцаў пасьля нараджэньня дзіця. Ясьляў не хапае, а наступныя паўтара года дзяржава плаціць па 50 расейскіх рублёў у месяц. Гэта менш за нашыя два рублі. Праўда, нядаўна быў падпісаны ўказ, у адпаведнасьці з якім некаторыя сем’і ўсё ж будуць атрымліваць выплаты большага памеру і пасьля таго, як дзіцяці споўніцца паўтара года.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка расчараваны Расеяй: «На храна патрэбен такі саюз?»Таму ў мяне ёсьць пытаньне, падобнае да таго, якім задаваўся Аляксандар Лукашэнка: на храна нам інтэграцыя з краінай, дзе становішча жанчын горшае за нашае ўласнае? Нам хапае змаганьня з беларускімі ўладамі! А калі давядзецца змагацца яшчэ і з расейскімі, якія ў цэлым выглядаюць больш кансэрватыўнымі... дык нам гэта толькі лішняя праблема.
Шкада, праўда, што нас ніхто і не запытваецца, чаго мы хочам і што нам трэба.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саўка ды Грышка: Мы з Расіяй. На храна?