Як першы амбасадар Беларусі Садоўскі «троліць» позвы міліцыі

Пётра Садоўскі выступае на акцыі ў Менску 7 сьнежня 2019 году.

Супраць 80-гадовага мовазнаўцы, былога дэпутата Вярхоўнага Савету, першага пасла Беларусі ў Нямеччыне і першага амбасадара ў гісторыі незалежнай Беларусі Пётры Садоўскага распачаты адміністрацыйны працэс. Яго вінавацяць у тым, што ён выступаў на мітынгах 7-8 сьнежня з прыступак Палаца Рэспублікі на Кастрычніцкай плошчы. Пётра Садоўскі праз Свабоду зьвярнуўся з заявай для прэсы, якую мы публікуем цалкам.

Сьцісла

  • Ён кандыдат навук, дацэнт, мае статус Надзвычайнага і Паўнамоцнага амбасадара. Гэта істотна для сьледзтва. Бо ў пратаколе ён прадстаўлены як разбэрсаны хуліган...
  • Для ведама міліцыі: «Жыве Беларусь!» — гэта словы зь верша Янкі Купалы.
  • У пратаколе недакладна ўказаны год нараджэньня майго кліента. Ён нарадзіўся 2 лютага (у гэты ж дзень нарадзіўся і Кастусь Каліноўскі) 1939-га, а не 1941-га.
  • Гэта прыватны выпадак з шэрагу іншых, пра якія грамадзтва ведае. У кожнага часу ёсьць свой Дрэйфус.

Садоўскі абараняе Садоўскага

У сувязі з маімі выступамі на мітынгах 7 і 8 сьнежня 2019 г. супраць мяне распачаты адміністрацыйны працэс паводле артыкулу 23. 34 КоАП Рэспублікі Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У цэнтры Менску пратэставалі супраць інтэграцыі з Расеяй. ФОТА і ВІДЭА

Адмаўляючыся ад паслугаў адваката і беручы на сябе гэтую ролю, што дазволена мне пунктам 6 «Правоў і абавязкаў асобы, у адносінах якой вядзецца адміністрацыйны працэс», хацеў бы як адвакат пазванага зрабіць заяву наступнага зьместу.

Азнаёміўшыся з тэкстам пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэньні, складзеным у Савецкім РАУС г. Менску 16.12.2019 г. і падпісанае інспэктарам Тарлюком В. І. і начальнікам УУС адміністрацыі Савецкага раёну г. Менску Каліньнікам С. Л., я прыйшоў да высновы, што судовае пасяджэньне для выраку грамадзяніну Садоўскаму павінна быць адкладзена для дадатковага дасьледаваньня па наступных прычынах:

Пратакол складзены з разьлікам на тое, што магчымы судовы працэс будзе праходзіць па сцэнары, калі зьмест і сутнасьць падразгляднай справы будзе падменена фармальным вымаганьнем пацьверджаньня падсудным свайго ўдзелу або няўдзелу ў падзеях, што паслужылі нагодай для пачатку адміністрацыйнага працэсу, які павінен абавязкова мець сваім вынікам суровае пакараньне абвінавачанага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дайшлі да амбасады Расеі. Як у Менску прайшоў другі 5-гадзінны маратон супраць «паглыбленай інтэграцыі»

Аўтары пратаколу зусім не абцяжарваюць сябе захадамі для праверкі праўдзівасьці паказаньняў сьведак, якія, будучы службоўцамі міліцыі і зьведваючы выразна адміністрацыйны ціск, даюць часта заведама лжывыя сьведчаньні, так бы мовіць, на карысьць дзяржавы.

Дадатковае дасьледаваньне ў справе г-на Садоўскага павінна зьмяшчаць праўную ацэнку не толькі дзеяньняў пазванага, але таксама сьведак і службовых асобаў, датычных да згаданага пратаколу, якія абумоўлены агульным станам грамадзтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пётра Садоўскі пра палітычны ўзрост у 1991-м: Пазьняк — кандыдат навук, Шушкевіч — вучань 5 клясы


Юрыдычна-іранічны разбор

Па сутнасьці дэталяў зьместу пратаколу як адвакат патэнцыйна падсуднага П. Садоўскага маю заявіць наступнае:

  1. Пашпартныя і асабовыя зьвесткі пра г-на Садоўскага пададзены недакладна. У пратаколе ўказана, што ён мае сярэднюю адукацыю. Мой кліент мае вышэйшую адукацыю — Менскі дзяржаўны інстытут замежных моваў. Ён кандыдат навук, дацэнт. Мае статус Надзвычайнага і Паўнамоцнага амбасадара. Гэта істотна для сьледзтва. Бо ў пратаколе ён прадстаўлены як разбэрсаны хуліган, які «держал в руках бело-красно-белый флаг и выкрикивал лозунги «Жыве Беларусь». Зьвяртаю заўвагу экспэртаў-псыхолягаў на стыль сьведак, якія пад дыктоўку фармулявалі пасьпешліва свае паказаньні: «Жыве Беларусь» — гэта ўсяго адзін лёзунг. Гэта адзіночны лік. Да таго ж тут патрэбны клічнік, бо абвінавачаны паводле пратаколу «крычаў» гэты лёзунг. У першым выступе 7-га сьнежня Садоўскі сапраўды, як закончыў сьпяваць купалаўскую песьню-марш «А ў бары-бары тры дарожанькі», закончыў свой выступ урачыстым воклічам «Жыве Беларусь!». Ён не крычаў, ён голасна прамаўляў. Для ведама міліцыі: «Жыве Беларусь!» — гэта словы зь верша Янкі Купалы.
  2. У пратаколе недакладна ўказаны год нараджэньня майго кліента. Ён нарадзіўся 2 лютага (у гэты ж дзень нарадзіўся і Кастусь Каліноўскі) 1939-га, а не 1941-га. У пашпартным аддзеле Фрунзенскага РАУС ёсьць сьведчанне-папраўка 2007 году з пацьверджаньнем двух сьведак па месцы нараджэньня П. Садоўскага. Для дзяцей часоў вайны для паправак у страчаных пасьведчаньнях аб нараджэньні дастаткова было паказаньняў дзьвюх сьведак. Гэтая дэталь істотная для вызначэньня меры пакараньня: чалавеку ж 2-га лютага споўніцца 81 год!
  3. П. Садоўскі не «держал в руке бело-красно-белый флаг» ні 7-га, ні 8-га сьнежня. Першы дзень у яго не было нічога ў руках. Другі дзень у яго ў руках быў доўгі парасон з загнутай ручкай, які ён часам бярэ з сабой у якасьці лясачкі як ужо не малады чалавек. Для вынясеньня абвінавачаньня гэта ня мае значэньня: вінаваты ва ўдзеле ў недазволеным мітынгу — адказвай. Але ж гэта — ускоснае сьведчаньне пра лжэсьведчаньне міліцыянтаў. Яны ж ня могуць паказаць здымкаў абвінавачанага са сьцягам у руках. Фатаграфіі ж фігуруюць як прадметы доказу правапарушэньня разам зь іншымі дэталямі (неразборліва ў пратаколе).
  4. Другі ўскосны доказ ілжэсьведчаньня грамадзянаў Штопа Андрэя Іванавіча і Церашковіча Рамана Сяргеевіча (магу памыляцца: напісана неразборліва) — блытаніна ў часе. Яны сьведчаць, што 7-га і 8-га П. Садоўскі быў на плошчы з 12 да 12.35. У гэты час яго там не было. Няхай пакажуць фатаграфію, дзе на камэры ёсьць адбітак гэтага часу. 7-га сьнежня ён быў на плошчы хвілін 30-40. Зьявіўся прыблізна а 15-й. Перад сьпевамі павыбачаўся, што не зусім здаровы. Гэта добра відаць на запісе з указаньнем часу. Адразу пайшоў дадому. 8-га прыйшоў да мітынгоўцаў прыблізна а 14-й. У 12.30 ён быў каля Петрапаўлаўскай царквы. У яго там была сустрэча. Сьведка можа пацьвердзіць. Улічваючы, што сьведкі пісалі свае паказаньні з элемэнтамі лжэсьведчаньня пад дыктоўку, варта пракантраляваць, ці не давалі яны яшчэ падобных сьведчаньняў якраз у гэты час у іншым месцы супраць іншых асобаў.
  5. Не адмаўляючы, што ён зьяўляецца перакананым праціўнікам гібрыднай эканамічнай экспансіі Расеі, П. Садоўскі сьцьвярджае, што непасрэдных заклікаў супраць «інтэграцыі з Расеяй» ён не выказваў (гэта інклюзіўна сьцьвярджаюць сьведкі). Ён лічыць гэты выраз няўдалым журналісцкім штампам, які выкарыстоўваюць і дзяржаўныя і недзяржаўныя мэдыя. 8-га сьнежня падсудны нічога пра так званую інтэграцыю таксама ня згадваў. Ён выступаў як філёляг, аналізуючы псыхалягічны аспэкт узьдзеяньня манеры выступу прэзыдэнта, калі ён у расейскую моўную плынь пэрыядычна ўплятае фрагмэнты беларускай мовы, ужываючы яе выключна з адмоўнай канатацыяй і суправаджаючы гэта перакрыўленым выразам твару ды інтанацыяй. Гэта ёсьць, на думку гр-на Садоўскага, распальваньнем грамадзянскай варожасьці паводле моўнай прыкметы. На сёньняшні дзень у Беларусі фактар мовы становіцца палітычным чыньнікам, мяркуе мой падабаронны.
  6. Некарэктна запоўнены пункт пратаколу, дзе павінна быць канкрэтна ўказана, ці прыцягваўся раней грамадзянін да адміністрацыйнай адказнасьці. Замест гэтага толькі напісана загадкавае для шараговага грамадзяніна скарачэньне «гл. ЕГБД» (пэўна, так абазначаецца адзіная дзяржаўная база дадзеных). Трэба было пісаць: не прыцягваўся. Гэты факт істотна ўплывае на меру пакараньня. Грамадзянін Садоўскі — законапаслухмяная асоба. За 80 гадоў свайго жыцьця ён толькі два разы быў у судзе. Першы раз, калі выступаў дакладчыкам у Канстытуцыйным судзе як член канстытуцыйнай камісіі (быў членам Прэзыдыюма ВС) і калі быў заяўнікам прэтэнзій да ВС з прычыны нявыплаты заробку паводле распараджэньня Аляксандра Лукашэнкі падчас ягонай першай кадэнцыі. У 1996 годзе быў засьведчаны «несяброўскі кантакт» майго кліента зь невядомымі прадстаўнікамі сілавых дзяржаўных органаў (судовая справа не даведзена да канца) падчас галадоўкі дэпутатаў апазыцыі БНФ супраць незаконнага рэфэрэндуму. Тады дэпутатаў зьбівала і выкідала з будынку ВС невядомае ваенізаванае падразьдзяленьне ў масках.
  7. Як адвакат прашу суд пры вынясеньні адміністрацыйнага пакараньня, калі гэта будзе грашовы штраф, дазволіць г-ну Садоўскаму выплачваць яго працяглым тэрмінам, вылічаючы з пэнсіі ня больш як 10% штомесячна. Памер ягонай пэнсіі — трохі больш за 500 рублёў. Акрамя неабходных сродкаў на харчаваньне і лекі яму трэба да ліпеня 2020 г. сабраць сродкі на надмагільле для нядаўна памерлай жонкі.
  8. Прашу паведаміць майму кліенту загадзя пра дату адкладзенага судовага пасяджэньня, каб у ягоных сяброў, у тым ліку і былых калегаў па працы — выкладчыкаў, настаўнікаў, дыпляматаў, службоўцаў — быў час праявіць сваю карпаратыўную салідарнасьць. Мы ж жывём у дэмакратычнай краіне. Гэты адміністрацыйны працэс мае глыбокі сацыяльна-грамадзянскі характар. У пратаколе запісана: В действиях Садовского П. В. отсутствует состав преступления. Сапраўды, ён нікога не забіў, нічога ў буйным памеры не ўкраў, падчас сваіх выступаў не рабіў антыканстытуцыйных заяваў.

Думаю, усё выкладзенае дае падставы для больш глыбокага разгляду казуса гэтага адміністрацыйнага працэсу. Гэта прыватны выпадак з шэрагу іншых, пра якія грамадзтва ведае. У кожнага часу ёсьць свой Дрэйфус.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.