Вечарам 18 сьнежня ў Варшаве прайшоў пікет салідарнасьці з засуджаным у Менску актывістам Пятром Маркелавым.
Маркелаў патрабаваў пераліку галасоў на парлямэнцкіх выбарах, быў затрыманы і пакараны судом на 14 сутак арышту. Актывіст быў даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты Стаса Шашка, які прадстаўляў «Моладзевы блёк».
Арганізатар акцыі Томэк Каладзейчук, польскі студэнт, зазначае:
«Маральны абавязак, калі хтосьці з маіх блізкіх затрыманы, то трэба пратэставаць супраць бяспраўных дзеяньняў дзяржавы».
«Яго зьняволеньне не адпавядае юрыдычным нормам і асноўным правам чалавека», — перакананы Каладзейчук.
Пратэстоўцы напісалі зварот да беларускіх уладаў, які перадалі ў амбасаду Беларусі ў Варшаве. У тэксьце выказваецца салідарнасьць з Паўлам Севярынцам, пакараным судом арыштам на 15 сутак за акцыі ў абарону незалежнасьці Беларусі ў Менску 7–8 сьнежня, і абурэньне ўмовамі ўтрыманьня Пятра Маркеклава ў турме на Акрэсьціна. (Павал Севярынец пакуль не пачаў адбываць свой арышт).
Польскія беларусы плянуюць акцыю і канцэрт «За Незалежнасьць» у Шчэціне 20 сьнежня, пікеты ў Варшаве і Торуні 21 сьнежня, паведаміў Свабодзе беларускі актывіст з Польшчы Францішак Цярэшка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да арыштаванага назіральніка пусьцілі адвакатку. І ўручылі яшчэ адзін пратакол — за мітынг 7 сьнежня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Неабыякавыя маладзёны. Хто гэтыя людзі, якія зрабілі цікавымі нават выбары ў Палату прадстаўнікоў