Дзеці растуць надзвычай хутка. Шчэ ўчора, літаральна — учора, вы тлумачылі ім, што галоўнае — гэта слухацца дарослых і мець добрыя адзнакі ў дзёньніку, а сёньня яны ўжо вырасьлі, і вы прыходзіце ў паліклініку, дзе для вашага доктара галоўнае — гэта слухацца галоўурача і мець добрыя паказчыкі ў адпаведных радках справаздачаў.
Шчэ ўчора вы пісалі за іх сачыненьні і набывалі ў кніжных «решебники», а ўжо сёньня вашых унукаў вучаць недасьведчаныя настаўнікі, а ў пашпартных сталах сядзяць непісьменныя супрацоўнікі. Шчэ ўчора вы ўсімі праўдамі й няпраўдамі запіхвалі сваё дзіцятка на платнае аддзяленьне хаця б якога вну, а ўжо заўтра вам пабудуюць дом па небясьпечным праекце, і ў яго проста пасярод жыцьця рухне сьцяна. Дзеці растуць надзвычай хутка, і мы яшчэ пасьпеем зжаць усё тое, што пасеем.
Няма чаго дзівіцца масавай эміграцыі моладзі за мяжу — гэта ж мы самі расказвалі дзецям, што тут, у гэтай краіне, нічога ніколі ня будзе, а ўсё самае добрае і самае пэрспэктыўнае — там. Няма чаго дзівіцца, што нас сёньня няма каму лячыць і няма каму вучыць — гэта ж мы самі расказвалі сваім дзецям на кухнях пра ўсё самае благое, што бачылі ў настаўніках і дактарах, і забываліся расказаць пра добрае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хочацца нармальна жыць». Як беларускія лекары робяць кар’еру ў ПольшчыНяма чаго дзівіцца, што сёньняшнія чыноўнікі, як адзін, бубняць у адказ на справядлівае абурэньне грамадзян нейкую жуйку са словаў і нічога, нічога не робяць, каб на гэтае абурэньне адрэагаваць канструктыўна — бо мы самі ніколі не рэагавалі канструктыўна на абурэньне дзяцей, прапануючы ім у адказ жуйку з гучных словаў і пустых маралізатарстваў.
Але самае галоўнае — мы ніколі не давалі дзецям магчымасьці быць гаспадарамі. Свайго ўласнага пакою (Што гэта ты тут навешаў? А ну здымі! Як гэта ў цябе кніжкі валяюцца? А ну прыбяры!), сваёй зьнешнасьці (Яшчэ раз пафарбуеш валасы ў зялёны — зброю налыса!), свайго часу (Куды гэта ты намыліўся на сьвята? Мы едзем разам на вясельле да цёці Марыны!), свайго ўласнага лёсу (Што? У кулінарны тэхнікум? Я табе дам кулінарны тэхнікум! Толькі ў праграмісты!), сваёй краіны (Гэта не твая справа, гэта справа дарослых).
І цяжка нас вінаваціць у гэтым. Савецкая ўлада зрабіла шмат недаравальных злачынстваў, але ці ня самае страшнае — яна выбіла з чалавека жаданьне гаспадарыць на сваёй зямлі і ў сваім жыцьці. Толькі ўздымі голас, толькі прад’яві права ўласнасьці — нацдэм, шпіён, кулак, буржуй, у расход. Нічога не вырашай, трымайся лініі партыі, слухайся ўладу, не пытайся нічога.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Формула посьпеху — «зваліць». Жанна Нямцова прэзэнтавала ў Менску дасьледаваньне аб настроях моладзіІ толькі там, адкуль нічога немагчыма выкалупаць і выбіць, у калектыўнай падсьвядомасьці, у генэтычнай памяці, засталася гэтая прага — да свайго. Сваёй, няхай няпростай, але — толькі сваёй зямлі. Свайго, хаця й цяжкога, але — толькі свайго лёсу.
Галоўнае, што мы павінны сёньня тлумачыць сабе і сваім дзецям — гаспадар гэта ты. Ты гаспадарыш у сваім пакоі, і ён будзе такім, якім ты яго зробіш. Ты гаспадарыш у сваёй вучобе, і яна будзе такой, якой ты яе вывучыш. Ты гаспадарыш у сваім выбары, і ён будзе такім, якім ты палічыш важным выбраць. І ты сам адкажаш за гэта перад сабой, за кожную са сваіх памылак, і ты сам будзеш карыстацца плёнам сваіх перамог.
І краіна твая будзе такой, якой ты яе зробіш. Нідзе, ні ў якой іншай краіне табе не дазволяць гэта зрабіць — паўсюды ты будзеш жыць па чужых законах, бо кожны народ мае права будаваць свой закон і патрабаваць ад цябе ягонага выкананьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менавіта так чалавек ператвараецца ў раба, а адукацыя — у канцлягерАдзінае месца, дзе ты можаш гаспадарыць — твая ўласная зямля, якая належыць табе па праву нараджэньня і любові да яе. Твае дзяды яе табе перадалі — бяры.
Дзеці растуць вельмі хутка. Калі мы пасьпеем патлумачыць ім гэта сёньня — ужо заўтра мы будзем старэць і слабець пры дбайных гаспадарах, якія не дазволяць сабе ані галечы ў лякарнях, ані бардаку ў школах, бо гаспадары сабе такога не дазваляюць. Толькі — рабы.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.