Сябры аргкамітэту ўсебеларускай кампаніі «Абаронім незалежнасьць!» апублікавалі зварот да супрацоўнікаў міліцыі, войска і спэцыяльных службаў.
«Вы прымалі прысягу на вернасьць народу Беларусі і кляліся абараняць незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць Рэспублікі Беларусь,— зьвяртаюцца аўтары ліста да афіцэраў, сяржантаў і шарагоўцаў. — Мы верым, што для вас гэта былі не пустыя словы, таму зьвяртаемся да вас, каб клятва была вамі выканана. Мы зьвяртаемся дзеля таго, каб вы не заплямілі свае службовы гонар ды грамадзянскую годнасьць ілжэсьведчаньнем, фальсыфікацыямі і іншымі рэпрэсіўнымі злачыннымі дзеяньнямі».
«За некалькі стагодзьдзяў знаходжаньня пад прыгнётам Расейскай імпэрыі і Савецкага Саюзу сотні тысяч лепшых сыноў Беларусі сталі ахвярамі замежнапалітычных амбіцый Крамля. І цяпер за нашымі сьпінамі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка вядуць перамовы пра „паглыбленую інтэграцыю“, якая можа скончыцца паглынаньнем беларускай дзяржавы Расейскай Фэдэрацыяй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Акцыі ў абарону незалежнасьці ў Менску і перамовы ў Сочы: галоўныя высновыАўтары звароту пішуць, што анэксія беларускай дзяржавы азначае, што беларускіх сілавікоў «Крэмль часткова звольніць, прымусіць змагацца з беларускімі патрыётамі, іншых супрацоўнікаў накіруе служыць у Сібір, на Далёкі Ўсход, а таксама гінуць, „прападаць“ за імпэрскія інтарэсы РФ на Данбасе, у Сырыі ды іншых рэгіёнах сьвету».
Аўтары нагадваюць, што 7 і 8 сьнежня 2019 году ў Менску грамадзяне Беларусі выйшлі на вуліцы, каб выканаць сваё канстытуцыйнае права на пратэст супраць страты дзяржаўнай незалежнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 6-кілямэтровае шэсьце цягам 5 гадзінаў, і без затрыманьняў. Чым зьдзівіў пратэст супраць інтэграцыі з Расеяй«Але цяпер многія ўдзельнікі гэтых мірных масавых пратэстаў атрымліваюць позвы ў суды. 20 сьнежня, у дзень чарговых перамоваў Пуціна і Лукашэнкі, у 18.00 на Кастрычніцкай плошчы ў Менску («плошчы Каліноўскага») прызначана новая мірная акцыя пратэсту. Тыя, хто зноў выйдзе на плошчы гарадоў Беларусі, вам ня ворагі, яны вашы блізкія: вашы браты, сёстры, сябры, сваякі. Незалежнасьць — гэта самае важнае, што ёсьць ва ўсіх і кожнага зь беларусаў. Памятайце, што мы адзіны народ; іншай Радзімы, акрамя Беларусі, у нас няма!
Мы заклікаем вас не выконваць злачынных загадаў: не разганяць мірных грамадзян, не затрымліваць іх, ня ўдзельнічаць у правакацыях супраць маніфэстантаў, не перашкаджаць сваім суайчыньнікам рэалізоўваць свае канстытуцыйныя правы. Памятайце: праўда пра выкананьне злачынных загадаў рана ці позна ўсё роўна стане вядомая, а вінаватыя супрацоўнікі панясуць адказнасьць. Мы верым, што беларускі народ, яго войска, міліцыя ды іншыя службы здолеюць абараніць сувэрэнітэт і дэмакратыю Рэспублікі Беларусь ад любой небясьпекі»,— пішуць аўтары звароту, сярод якіх:
Мікалай Казлоў, падпалкоўнік міліцыі ў запасе, старшыня АГП;
Павал Севярынец, сустаршыня БХД;
Рыгор Кастусёў, старшыня БНФ;
Алесь Арэстовіч, першы намесьнік старшыні БСДП «Народная грамада»;
Аляксей Сігаеў, першы намесьнік старшыні БСДПГ;
Ігар Рынкевіч, каардынатар Беларускага камітэту салідарнасьці з Украінай;
Сяргей Папкоў, дэпутат ВС Рэспублікі Беларусь 12-га скліканьня, намесьнік старшыні КХП-БНФ;
Натальля Гарачка, кіраўніца грамадзкай ініцыятывы «Маці вайскоўцаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арганізатары акцыі пратэсту супраць інтэграцыі паведамілі пра яе ў гарвыканкам