Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Юры Гараўскі

Клясычнае пытаньне любога расьсьледаваньня крымінальнага злачынства — «Каму выгадна?»​

Даючы адказ на адпаведнае пытаньне адносна фільму Deutsche Welle пра выкраданьне палітыкаў у 1999 годзе, некаторыя адразу вынесьлі вэрдыкт — выгадна Расеі, а значыць, яна гэтыя заявы Юрыя Гараўскага і арганізавала.

Сьцісла:

  • «Каму выгадна?» — гэта не канчатковая выснова, а спосаб вызначэньня найбольш імаверных вэрсіяў
  • Калі нешта выгадна Расеі (Беларусі, Амэрыцы, каму заўгодна), то з гэтага не вынікае, што менавіта яны гэтае нешта і ўчынілі
  • За пару тыдняў зрабіць такі фільм пад 20 сьнежня было немагчыма чыста тэхналягічна
  • Калі праграма інтэграцыі будзе падпісаная, гэта будзе ня кропка, а пачатак працэсу, у якім стужка можа быць сродкам ціску
  • Яшчэ адну мэту такой спэцапэрацыі (калі гэта была спэцапэрацыя) назваў Алег Алкаеў: «Рыгоравічу старэйшыя браты з Масквы закрылі шлягбаўм на Захад»
  • Справа Гараўскага вельмі падобная на справу Сташынскага — кілера савецкай спэцслужбы, які забіў Бандэру
  • На пытаньне «Каму выгадна?» можа быць адказ — яму, Юрыя Гараўскаму, выгадна, яго сумленьню, яго душы

Між тым і ў дасьледаваньні крымінальных злачынстваў, і ў аналізе падзеяў кшталту прызнаньня Гараўскага адказ на пытаньне «Каму выгадна?» — гэта не канчатковая выснова, а спосаб вызначэньня найбольш імаверных вэрсіяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

Калі нешта выгадна Расеі (Беларусі, Амэрыцы, каму заўгодна), то з гэтага не вынікае, што менавіта яны гэтае нешта і ўчынілі.

Аналітык Арцём Шрайбман у сваім Тэлеграм-канале пераканаўча абверг простую вэрсію «расейскага сьледу», паводле якой зьяўленьне стужкі менавіта зараз — спроба паўплываць на вынікі сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна 20 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу, падарваць пазыцыі кіраўніка Беларусі на гэтых перамовах.

Шрайбман слушна адзначыў, што фільм рыхтаваўся доўга (гэта пацьвердзіў і адзін з удзельнікаў яго вытворчасьці Ўладзімер Дорахаў), і пры гэтым прадказаць, як павернуцца перамовы аб паглыбленьні інтэграцыі, ня мог ніхто, у Маскве ў тым ліку. Абвяшчалася, у тым ліку і публічна, што дэдлайн падпісаньня праграмы інтэграцыі — 8 сьнежня. Аднак напярэдадні гэтай даты фільм Deutsche Welle не зьявіўся, каб прымусіць Лукашэнку падпісаць праграму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яго словы трэба прымаць за праўду», — аўтар кнігі «Расстрэльная каманда» Алег Алкаеў аб прызнаньні ў забойствах апазыцыянэраў

За пару тыдняў зрабіць такі фільм пад 20 сьнежня было немагчыма чыста тэхналягічна.

Іншая справа, што ёсьць і больш складаная вэрсія «расейскага сьледу» у гэтай стужцы. Паводле гэтай вэрсіі калі нейкі дэдлайн у яе зьяўленьні і быў, дык гэта 30 жніўня 2020 году — меркаваны дзень прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Ці дэдлайну наагул няма і гэта сродак доўгатэрміновага ўзьдзеяньня на беларускага кіраўніка. Існуе ўяўленьне, што падпісаньне праграмы інтэграцыі (калі яна будзе падпісаная) стане нейкай фінальнай, канчатковай кропкай. Але так ня будзе. Калі будзе падпісанае нешта, то яно толькі вызначыць рамкі і накірунак. Скажам, будзе прынятая ўніфікацыя падатковага заканадаўства. Але нават паводле зьліву «Коммерсанта» рэалізацыя гэтай меры заплянаваная ажно да 2021 году.
Іншымі словамі, ня будзе кропкі, будзе працэс. Гэтак жа, як і ў выпадку, калі праграма падпісаная ня будзе. Але наўрад ці расейцы скажуць — не дык не, забудзем пра паглыбленьне інтэграцыі, будзем будаваць стасункі на глебе існых пагадненьняў. Там будзе таксама працэс, толькі іншы, новых прапановаў, новага ціску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Ну а працэсе стужка Deutsche Welle сапраўды можа быць фактарам, сапраўды своеасаблівым «дамоклавым мячом». Можа ня тое, што зусім ужо сьмяротным мячом, але сродкам ціску.

Яшчэ адну мэту такой спэцапэрацыі (калі гэта была спэцапэрацыя) назваў у інтэрвію Свабодзе Алег Алкаеў: «Рыгоравічу старэйшыя браты з Масквы закрылі шлягбаўм на Захад». Што закрылі назаўжды — гэта наўрад ці. Што заплянаваны візыт Лукашэнкі ў Рыгу ў хуткім часе не адбудзецца — гэта выглядае надзвычай імаверным. Што гэта карэнным чынам зьменіць заходнюю палітыку нармалізацыі стасункаў з афіцыйным Менскам — гэта наўрад ці.

Але гэта дадатковы інструмэнт ціску. Прынамсі, тут няма такога простага абвяржэньня, як з вэрсіяй пра фільм, прымеркаваны да 20 сьнежня.

Іншымі словамі, так — пэўную выгаду для Расеі ў выкрываньнях Гараўскага можна ўбачыць. Дарэчы, прыгаданы Дорахаў, адзін з удзельнікаў стварэньня фільму, гэтага не адмаўляе і нават таго, што «расейскі сьлед» у справе можа быць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Але можа быць — гэта ня доказ таго, што такі сьлед існуе. Доказы могуць быць толькі канкрэтныя. Каму выгадна — толькі першы крок, але не апошні.

Насамрэч жыцьцё багатае на нечаканасьці. Справа Гараўскага, калі ён кажа праўду, у нечым падобная на справу Сташынскага — кілера савецкай спэцслужбы, які забіў лідэраў украінскай эміграцыі Льва Рэбета і Сьцяпана Бандэру. Потым Сташынскі вярнуўся ў СССР, закахаўся ў немку з ГДР, пераехаў на яе бацькаўшчыну і разам зь ёй зьбег у Заходні Бэрлін. І публічна распавёў пра свае злачынствы.

Ці былі ўдарам для СССР выкрыцьці Сташынскага? Безумоўна былі, скандал быў калясальны. Ці было гэта выгадна Захаду? Ну ў прынцыпе так, было. Вобраз савецкай сыстэмы паўставаў з прызнаньняў Сташынскага даволі змрочны. Але ці быў у яго ўцёках і прызнаньнях «заходні сьлед»? Не было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Думаю, Юра зрабіў гэта за грошы». Знаёмы Гараўскага перакананы, што інтэрвію пра зьніклых палітыкаў ня можа быць праўдай

Было расчараваньне ў сыстэме, якой ён служыў, жыцьцёвыя складанасьці, каханьне, нарэшце.

Так бывае. Ну а чаму адмаўляць, што гэта ўсё магло быць і ў Гараўскага?

І на пытаньне — Каму выгадна — у дадзеным выпадку можа быць адказ — яму, Юрыю Гараўскаму, выгадна, яго сумленьню, яго душы. З сумленьнем з трыма забойствамі можа і складана, але душа ў яго пэўна ёсьць.

Ну а каму бліжэй вэрсія пра «расейскі сьлед» — вольнаму волю. Абвергнуць усе яе варыянты, напэўна, немагчыма. Як і даказаць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.