Кіраўнік унутраных войскаў у 1999–2000 гадах Юры Сівакоў назваў інтэрвію экс-байца «СОБРу» аб зьніклых палітыках укідам перад сустрэчай Лукашэнкі і Пуціна 20 сьнежня, піша «Наша Ніва».
Што адбылося?
Deutsche Welle (Нямецкая хваля) апублікавала відэа, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла
Што сказаў Сівакоў?
- «Матэрыял такі дыхтоўны, зроблены прафэсійна, на высокім тэхнічным узроўні і, адчуваецца, на добрай такой кухні. Галоўнае — своечасова. Калі ў нас там сустрэча Лукашэнкі і Пуціна? 20 сьнежня? І мне здаецца, што гэта нават не дэсэрт, а толькі закуска. Павінны яшчэ зьявіцца і першая страва, і другая, і трэцяя. Пра гэтую кухню можна толькі здагадвацца. Мне здаецца, што такія казыры загадзя рыхтуюцца. Яны дзесьці ляжаць, чакаюць моманту ісьціны, укідваньня ў грамадзтва. Але я хачу сказаць, што гэты матэрыял з усіх тых, што былі раней, самы прафэсійны».
- Сівакоў пацьвердзіў сваю мянушку «дзед», якую называў Гараўскі. «Усё астатняе, што там напісана, я сам прачытаў, як дэтэктыўны раман». Гараўскі сьцьвярджаў, што Сівакоў ведаў пра апэрацыі выкраданьня апазыцыйных палітыкаў.
- Сівакоў ня ведаў Гараўскага, бо такіх салдатаў у яго падпарадкаваньні было 15 тысяч.
Сёлета ў верасьні, да 20-годзьдзя зьнікненьня Ганчара і Красоўскага, Свабода выпусьціла відэа, у якім мы паказалі, хто мог стаяць за зьнікненьнямі Захаранкі і Ганчара і як зьнікненьні паўплывалі на далейшую гісторыю краіны.