Будаўнічыя работы на тэрыторыі Гальшанскага замку прыпынілі, частку парэшткаў перавезьлі ў Інстытут гісторыі НАН для антрапалягічнай экспэртызы. Такі вынік розгаласу гісторыі з пашкоджаньнем 700-гадовых пахаваньняў, якія тут былі яшчэ да будаўніцтва палаца Сапегаў.
Свабода расказвала, што падчас добраўпарадкаваньня на тэрыторыі Гальшанскага замка на Ашмяншчыне будаўнікі ўскрылі грунтовы могільнік ХІІІ-XIV cтагодзьдзя. Адно пахаваньне цалкам зьнішчана, два моцна пашкоджаныя гусенічнай тэхнікай, ацалела толькі апошняе. Пры гэтым амаль уся навакольная плошча ўжо або засыпаная пяском, або залітая бэтонам. Літаральна з-пад каўша археолягі Павал Кенько і Яўген Ўласавец выцягвалі косьці ды бясцэнныя артэфакты, якім 700, а можа і 800 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гальшанах заліваюць бэтонам унікальнае пахаваньне XIV стагодзьдзя«Будаўніцтва з сур’ёзным парушэньнем заканадаўства»
Як магла здарыцца такая сытуацыя? Надзвычайнае здарэньне камэнтуе намесьнік дырэктара па навуковай працы Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вадзім Лакіза.
— Вадзім Леанідавіч, дык ці існуе археалягічны кантроль за тым, што адбываецца на тэрыторыі Гальшанскім замку?
— Як такога археалягічнага кантролю не было — натуральна, да таго моманту, пакуль не было зафіксавана руйнаваньне магілаў. Гэта значыць, заяўкі на ажыцьцяўленьне археалягічных дасьледаваньняў, як таго патрабуе заканадаўства, Інстытут гісторыі не атрымліваў. У канцы мінулага тыдня я пра гэта даведаўся ад нашага археоляга Паўла Кенькі, які ў пятніцу і суботу там быў. Ён мае адмысловы дазвол на правядзеньне дасьледаваньняў на Гальшанскім археалягічным комплексе. У сваю чаргу, яго праінфармаваў наш былы супрацоўнік Яўген Уласавец, які ў мінулым месяцы звольніўся з установы з уласнага жаданьня.
Усе наяўныя зьвесткі я давёў да Ашмянскага райвыканкаму, падняўшы пытаньне, чаму так ажыцьцяўляюцца работы. Даведзена інфармацыя і да Міністэрства культуры: упраўленьне гісторыка-культурнай спадчыны павінна прымаць рашэньне ўжо на той падставе, што замак у Гальшанах — гэта гісторыка-культурная каштоўнасьць.
— Іншымі словамі, асабіста вы парушэньні бачыце бясспрэчныя?
— Тое, што там робіцца, адбываецца з сур’ёзным парушэньнем нацыянальнага заканадаўства. Я размаўляў з прадстаўніком падраднай арганізацыі, якая праводзіць там работы, пра неабходнасьць спыніць любыя земляныя і будаўнічыя работы да завяршэньня археалягічных дасьледаваньняў дзеля захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны.
Там аказалася тэрыторыя грунтовага могільніка ХІІІ—ХІV стагодзьдзяў. Згадкі пра гэта ёсьць у археалягічных працах ХІХ стагодзьдзя, не было толькі вядома канкрэтнае месца. І каб для распрацоўкі і ажыцьцяўленьня захадаў у ахове археалягічнай спадчыны зьвярнуліся ў Інстытут гісторыі раней, безумоўна, да такой надзвычайнай сытуацыі не дайшло б.
«Мусяць рэагаваць кампэтэнтныя органы»
— Ці прыпыненыя там земляныя работы? Якая апошняя інфармацыя?
— Земляныя работы не праводзяцца некалькі дзён, але, на жаль, ужо парушаны значны верхні пласт. Павал Кенько і Яўген Ўласавец зрабілі тое, што магчыма: зачышчана некалькі пахаваньняў, сабраны археалягічны матэрыял, унікальныя артэфакты. Загадчык аддзелу археалёгіі Андрэй Вайцяховіч падрыхтаваў службовую запіску, працягнулі камандзіроўку, Павал працягвае працу. Была папярэдняя дамоўленасьць з Ашмянскім райвыканкамам, што ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва дашле ліст на заключэньне дамовы на ажыцьцяўленьне ратавальных археалягічных дасьледаваньняў у зоне правядзеньня земляных будаўнічых работ.
Безумоўна, ёсьць пытаньні. Найперш трэба разьбірацца ў каардынацыі арганізацый, якія адказваюць за ахову гісторыка-культурнай спадчыны. Гэта тычыцца ня толькі дзяржаўных інстытуцый, а і грамадзкіх арганізацый, канкрэтных людзей, у чыю кампэтэнцыю гэта ўваходзіць. Добра, што актыўна падключылася грамадзтва, але мусяць рэагаваць на сытуацыю і кампэтэнтныя органы.
— Што замінае рабіць так, як гэта робіцца ў цывілізаваным сьвеце?
— У нас нармальнае заканадаўства, дзе дакладна прапісана, што павінна рабіцца на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны падчас земляных, будаўнічых, мэліярацыйных ды іншых работ. Ёсьць кодэкс «Аб культуры», шэраг нарматыўна-прававых актаў. Нарэшце, заканадаўства аб адміністрацыйных працэдурах (пункт 3.15-1, падпастанова 156), дзе абгаворваецца выдача заключэньня Інстытутам гісторыі пра наяўнасьць ці адсутнасьць археалягічных аб’ектаў на канкрэтнай тэрыторыі. Любым падобным работам павінна папярэднічаць археалягічная экспэртыза. А ў дачыненьні Гальшанскага замка і навакольнай тэрыторыі тым больш.
І мяне зьдзіўляе, чаму арганізацыя ІКАМОС, якая ўдзельнічае ў рэстаўрацыйных работах і ведае, як ўсё павінна рабіцца, дапускае ігнараваньне заканадаўчых нормаў. Не заўсёды вінаватая дзяржава. За ўсім стаяць асобы: хтосьці не ўзгадняе, хтосьці не падпісвае, а хтосьці капае і раскідвае косткі. Як з гэтым змагацца і як вылечыць такое грамадзтва — рэцэптаў пакуль няма. Але ў дачыненьні Гальшанаў прыкра ўдвая. З аднаго боку, хочацца зрабіць добраўпарадкаваньне, а з другога, калі паўсюль валяюцца парэшткі, гэта няправільна. Нехта скажа, што няма надмагільляў, нічога ня ведаем. Але ж часам і на могілках аналягічнае адбываецца, а ўсім, прабачце, «па барабану».
«Можам толькі ўзьдзейнічаць на заказчыкаў»
— Інстытут гісторыі можа нешта ініцыяваць прэвэнтыўна, адчуваючы, што справа рызыкуе завершыцца катастрофай?
— Як толькі паступіла інфармацыя, мы адрэагавалі. Справа ў тым, што ў нас ня так шмат археолягаў. Калі паглядзець на колькасьць ратавальных дасьледаваньняў, і так працуем на знос. Велізарная колькасьць работ, якія не спыняюцца нават зімой — мне і самому даводзілася атрымліваць дазволы. Выдзяляюцца сродкі на рэканструкцыю мастоў, на падрыхтоўку месцаў пад дні пісьменства ці «Дажынкі». Археолягі ўвесь час у полі.
Робім маніторынг, спрабуем узьдзейнічаць на заказчыкаў, кантактуем зь людзьмі, якім неабыякавая наша спадчына — адразу рэагуем на іх сыгналы. Так атрымалася і з Гальшанамі. Бо ціха-спакойна ўкачалі б пад асфальт, зрабілі б «цацку» на касьцях. Бачыш гэтыя фатаздымкі — і агортвае роспач. Не павінна так быць. Таму чакаем адказу з Ашмянаў, чаму вывернулі старадаўні могільнік.
Што да Інстытуту гісторыі... Мы дзяржаўная навуковая арганізацыя. Робім тое, што ў нашых сілах і ў рамках заканадаўства. Калі да нас зьвяртаюцца, на падставе заключэньняў праводзім ратавальныя дасьледаваньні, раскопкі, нагляд. Дарэчы, цяпер вось у Полацку разгортваецца дзіўная сытуацыя. Так, у нас могуць быць асабістыя меркаваньні аб кожным аб’екце, але задача — правесьці ахоўныя захады ў рамках заканадаўства.
— Вадзім Леанідавіч, які лёс чакае знойдзеныя парэшткі?
— Штосьці будзе перазахавана, штосьці пакінута ў інстытуце. Дамовіліся з Паўлам Кенькам частку фрагмэнтаў даставіць у Менск, дзе антраполягі абмераюць, апішуць, правядуць неабходныя дасьледаваньні. Гэта вельмі важны навуковы матэрыял, нягледзячы нават на тое, як ён атрыманы. Плюс сьведчаньне таго, што там вялікі грунтовы могільнік, ня толькі знойдзеныя пахаваньні.
Плюс самі па сабе ўнікальныя артэфакты — прадметы, пахаваныя разам з памерлымі ў ХІІІ–ХІV стагодзьдзях. Таму добра, што ўдалося ў апошні момант выратаваць, хоць вінаватым і трэба выставіць рахунак за разбурэньне археалягічнай і гісторыка-культурнай спадчыны. А то некаторыя асобы маюць занадта вялікі карт-блянш...
Зараз у Гальшанах мусіць ажыцьцяўляцца ня толькі археалягічны нагляд, а і паўнавартасныя ратавальныя раскопкі. Райвыканкам, заказчык, падрадная арганізацыя павінны забясьпечыць працоўнай сілай, а археолягі — атрымаюць адрасны дазвол на аб’ект. Хоць, паўтаруся, дазвол у Паўла Кенькі, які займаецца гэтым пэрыядам і тэрыторыяй, ужо ёсьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як рэстаўруюць правобраз «Чорнага замку Альшанскага». ФОТАПаводле гістарычных зьвестак — «Хроніка Быхаўца», «Хроніка Літоўская і Жамойцкая», «Наўгародзкі летапіс» — да 1525 году замак быў ва ўладаньні князёў Гальшанскіх, а пасьля шлюбу князёўны Алены з Паўлам Сапегам перайшоў да прадстаўнікоў гэтага роду. Цягам гісторыі комплекс шмат разоў разбураўся і перабудоўваўся.
Выглядае, што сярэднявечныя будаўнікі больш раньніх пахаваньняў не закранулі. Ці былі яны ў ХVI стагодзьдзі нейкім чынам абазначаныя, дакладных зьвестак няма. Як і таго, хто канкрэтна знайшоў там апошні спачын. Магчыма, адказы на пытаньні дасьць навуковая экспэртыза.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Полацку побач з Сафійскім саборам разьмесьцяць кадэцкую вучэльню. Гісторыкі абураюцца