Расейская «Новая газета» апублікавала расьсьледаваньне пра арганізатараў кампаніі супраць апазыцыі, разгорнутай улетку 2019 году перад выбарамі ў Маскоўскую гарадзкую думу. Тэкст заснаваны на працоўных дакумэнтах удзельнікаў кампаніі, а таксама на камэнтарах аднаго з выканаўцаў.
Журналісты прыйшлі да высновы, што за сэрыяй правакацый стаіць Яўген Прыгожын, якога СМІ называюць блізкім сябрам і «кухарам» прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Свабода пераказвае расьсьледаваньне «Новой газеты», цалкам тэкст можна прачытаць тут.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве патрабуюць допуску незалежных кандыдатаў на выбары ў гарадзкую думу
«Падпольныя цэхі» Любові Собаль
29 чэрвеня так званае Фэдэральнае агенцтва навінаў (ФАН), якое зьвязваюць з Прыгожыным, паведаміла аб выяўленай у Маскве «падпольнай фабрыцы па вырабе падробленых подпісаў» на карысьць апазыцыйных кандыдатаў Любові Собаль, Ільлі Яшына і Канстанціна Янкаўскаса.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве перад дазволеным мітынгам затрымалі расейскую апазыцыянэрку Собаль, уварваліся ў студыю Навальнага«Новой газеце» ўдалося высьветліць, што за стварэньнем гэтага фэйку стаяў паліттэхноляг Ігар Мангушаў, прыхільнік сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны, у мінулым працаваў на прыгожынскую «фабрыку інтэрнэт-троляў». Менавіта Мангушаў арандаваў і абставіў кватэру, у якой потым знайшлі «фабрыку па вырабе падробленых подпісаў». За гэта ён атрымаў 300 тысяч расейскіх рублёў. Мангушаў пагадзіўся сустрэцца з журналістамі і пацьвердзіў гэтую інфармацыю, аднак ня стаў раскрываць імя замоўніка.
«Улічваючы, што ўцечка адбылася не па маёй віне — гэта праблемы замоўніка, — той заказ я адпрацаваў, далей — не мае праблемы. У гэтай бітве жабы з гадзюкай у мяне сымпатый няма», — заявіў Мангушаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэсты ў Маскве: «хапун» безь перакладу зь беларускай«Расчараваны ў апазыцыі актывіст»
У рамках кампаніі супраць апазыцыі тое ж самае агенцтва ФАН 16 ліпеня расказала гісторыю Арсенія Шыпеленка, які нібыта працаваў у штабе Любові Собаль. Малады чалавек на камэру заявіў пра «брудныя мэтады» працы, «перасьлед нязгодных» і «спажывецкае стаўленьні да людзей» у штабе Собаль.
За гэта Шыпеленка, як вынікае зь яго расьпісак, атрымаў як мінімум 850 тысяч рублёў. «Новая газета» адзначае, што раней малады чалавек быў удзельнікам пракрамлёўскага руху «Новы рубеж», а нядаўна ён наведваў унівэрсытэт у так званай «ЛНР» зь місіяй ад Расейскага ўнівэрсытэта дружбы народаў. На запыт журналістаў аб камэнтары Шыпеленка не адказаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ОВД-Инфо»: на акцыі ў Маскве 3 жніўня быў затрыманы 1001 чалавек
Домік у Мыцішчах
31 жніўня ФАН расказала пра дом у Падмаскоўі, у які нібыта звозілі «праплочаныя» апазыцыянэрам Аляксеем Навальным актывістаў з рэгіёнаў, каб яны потым удзельнічалі ў акцыях пратэсту.
«Новая газета» знайшла гэты дом, а Ігар Мангушаў пацьвердзіў, што фэйкавы сюжэт пра «праплочаных актывістаў» быў часткай кампаніі супраць апазыцыі. Гэта пацьвярджаюць і расьпіскі аб атрыманьні ганарараў за ўдзел у сюжэце. Усяго было выдаткавана 220 тысяч расейскіх рублёў, 150 зь іх сышлі на ўзнагароджаньне падстаўным актывістам.
«Новая газета» адзначае, што ўсе фэйкавыя матэрыялы пра апазыцыю былі апублікаваныя адразу ў некалькіх СМІ, якія ўваходзяць у мэдыягрупу «Патрыёт». Яе зьвязваюць з Яўгенам Прыгожыным. Паводле дадзеных журналістаў, ён таксама фінансаваў працу «інтэрнэт-троляў», якія ўмешваліся ў амэрыканскія выбары. Акрамя гэтага, імя Прыгожына зьвязваюць з расейскай «прыватнай вайсковай кампаніяй Вагнэра».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвялі санкцыі супраць ПВК «Вагнера» і «Канкорда» ПрыгожынаРасьсьледаваньне «Новой газеты» аб выбарах у Масгардуму Прыгожын не пракамэнтаваў.
Аднак, увечары 15 сьнежня расьсьледаваньне пракамэнтавала мэдыягрупа «Патрыёт». У камэнтары расьсьледаваньне зьвязалі з тым, што СМІ, якія ўваходзяць у гэтую мэдыягрупу, «выпускаюць матэрыялы аб карупцыі ў рэдакцыі „Новой газеты“ і брудных мэтадах іх працы». У камэнтары таксама гаворыцца, што зьвязаныя з Прыгожыным СМІ не заўсёды былі першакрыніцамі матэрыялаў аб выбарах у Масгардуму, пра якія піша «Новая газета». Пры гэтым вынікі расьсьледаваньня «Новой газеты» прама не абвяргаюцца.
- Апазыцыйныя кандыдаты не былі дапушчаныя на выбары ў расейскую Масгардуму з-за таго, што сабраныя імі подпісы забракаваў выбаркам. Гэта прывяло да масавых пратэстаў у Маскве. Улады палічылі іх масавымі беспарадкамі, у выніку пратэстаў былі затрыманыя сотні чалавек. Па справах, распачатых пасьля мітынгаў, некалькі чалавек атрымалі рэальныя тэрміны пазбаўленьня волі.