Улады Ўкраіны заявілі пра затрыманьне асобаў, датычных да забойства 20 ліпеня 2016 году журналіста Паўла Шарамета. Сярод іх удзельнікі і валянтэры антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе.
Гэта або спроба адцягнуць увагу ад іншых праблемаў, або на самой справе адваротны бок мэдаля герояў вайны, лічыць калега загінулага Сьвятлана Калінкіна.
Вэрсія пра «дэстабілізацыю сытуацыі» занадта расплывістая
Сьвятлана Калінкіна працавала разам з Паўлам Шараметам у «Белорусской деловой газете», яны аўтары нашумелай кнігі пра Аляксандра Лукашэнку «Выпадковы прэзыдэнт». Яе рэакцыя на тое, што ўкраінскія сілавікі адрапартавалі пра затрыманьне падазраваных у забойстве яе калегі, неадназначная.
«З аднаго боку, безумоўна, добра, што ўкраінская ўлада не адклала гэтую справу ў доўгую скрыню — сьледзтва вядзецца і нешта робіцца, — гаворыць журналістка. — Але на гэтым этапе я б не казала, што справа раскрытая. Бо вэрсія, што байцы антытэрарыстычнай апэрацыі, героі вайны зь нейкіх сваіх меркаваньняў, ня ведаючы Шарамета, ніяк зь ім не перасякаючыся і ня маючы асабістых прэтэнзій, проста пайшлі і ўзарвалі яго „дзеля дэстабілізацыі сытуацыі ў краіне“, не здаецца цалкам пераканаўчай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзіцячы хірург, кантрактнік, валянтэрка. Што вядома пра падазраваных у забойстве ШараметаСьвятлане Калінкінай цяперашняя сытуацыя нагадвае тое, што ў 2011 годзе здарылася ў Менску. Тады хлопцы-віцябляне былі абвінавачаныя ў падрыве мэтро — таксама нібыта з мэтай «дэстабілізацыі грамадзтва». І вельмі хутка пакараныя.
«Хто быў зацікаўлены ў дэстабілізацыі, чаму яе не адбылося, хоць забойства ўчынілі; дзе сам замоўца?.. Толькі пасьля адказу на гэтыя пытаньні можна гаварыць: так, сапраўды раскрылі забойства Паўла. На гэты момант я б так не сьцьвярджала. Я паглядзела брыфінг, якія падазрэньні супраць арыштаваных. Шчыра кажучы, нешта з палітычным падтэкстам. Магчыма, тыя людзі і выканаўцы, не выключаю. І тады гэта адваротны бок мэдаля герояў вайны. Можа, акурат з такіх меркаваньняў Пятро Парашэнка не хацеў пэдаляваць справу. Толькі здагадкі. Але матыў забойства павінен быць пераканаўчым, а не дзеля прыцягненьня ўвагі...»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шакавалі, але не пераканалі. Як ва Ўкраіне адрэагавалі на вынікі расьсьледаваньня справы Паўла Шарамета
Воўчак: «Ёсьць падставы падазраваць затрыманых»
Праваабаронца, а ў мінулым сьледчы пракуратуры Алег Воўчак не такі насьцярожаны да заяваў украінскіх сілавікоў, хоць і не разумее «кулюарных гульняў» у Кіеве: чаму пры папярэдняй адміністрацыі справа была пакрытая змрокам, а з прыходам да ўлады новага прэзыдэнта раптам такі прагрэс.
«У Пячорскім судзе якраз вырашаецца пытаньне аб арышце, пад падпіску ці пад заклад, — кажа Воўчак. — Калегі з Украіны лічаць, што ёсьць падставы іх падазраваць. Мы ж ня кажам, што яны замоўнікі, выканаўцы ці памагатыя, — гэта вызначыць сьледзтва. Наогул актыўная фаза пачалася ў ліпені, калі журналісты перадалі дакумэнты Зяленскаму — гэта ўжо была крыху іншая кампанія ў праваахоўных органах у частцы расьсьледаваньня. Ну і яшчэ нагадаю, што ў справе праходзіць іншая група асобаў, арыштаваных за датычнасьць да іншых тэрактаў. З улікам, што больш-менш незалежна працуе пракуратура, спэцслужбы, хочацца верыць у аб’ектыўнасьць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці Паўла Шарамета пра арышты ў Кіеве: «Баюся, каб не пацярпелі невінаватыя»Калі падазраваных арыштуюць, дарогі назад ужо ня будзе, адзначае Алег Воўчак. Гэта значыць, сьледчым давядзецца абгрунтаваць пакуль што прыярытэтную вэрсію пра спробу «дэстабілізацыі ў краіне».
Павал Шарамет нарадзіўся ў Менску 28 лістапада 1971 году, ад сярэдзіны 1990-х працаваў на тэлевізіі, у друкаваных выданьнях і на інтэрнэт-рэсурсах Беларусі, Расеі і Ўкраіны. Загінуў 20 ліпеня 2016-га, падарваўшыся ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева, дзе перад гэтым жыў апошнія пяць гадоў. 12 сьнежня Нацыянальная паліцыя Ўкраіны абвясьціла пра арышт асобаў, датычных да яго забойства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У справе Шарамета назвалі падазраваных. ВІДЭА