Сэнат Кангрэса ЗША ў чацьвер ухваліў рэзалюцыю, у якой масавае забойства армян у Асманскай імпэрыі ў гады Першай сусьветнай вайны прызнаецца генацыдам. Дакумэнт, раней падтрыманы Палатай прадстаўнікоў, быў ухвалены аднагалосна.
Дэмакрат Боб Мэнэндэс і рэспубліканец Тэд Круз неаднаразова ўносілі рэзалюцыю на абмеркаваньне, аднак раней яе блякавалі іх калегі. Зусім нядаўна гэта зрабіў, напрыклад, сэнатар Ліндсі Грэм, заявіўшы, што выконвае просьбу Белага Дому. Прыняцьце рэзалюцыі, як чакаецца, сутыкнецца з рэзкай рэакцыяй Турэччыны. Верагодна, цяпер Белы Дом зьняў пярэчаньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эрдаган назваў «абразай нацыі» прызнаньне Кангрэсам ЗША генацыду армянУпершыню ў гісторыі Злучаныя Штаты на дзяржаўным узроўні прызналі генацыд армян. Раней яго прызнаў шэраг штатаў.
Адносіны ЗША з Турэччынай перажываюць напружаны пэрыяд у сувязі з турэцкай ваеннай апэрацыяй на поўначы Сырыі, накіраванай супраць саюзьнікаў ЗША — сырыйскіх курдаў, а таксама з пакупкай Турэччынай расейскіх зэнітна-ракетных комплексаў С-400.
Колькасьць ахвяр масавых забойстваў армян у Асманскай імпэрыі ацэньваецца ў паўтара мільёна. Некалькі дзясяткаў краін афіцыйна прызнае тыя падзеі генацыдам. Турэччына рэзка выказваецца супраць такой ацэнкі.