Перамовы Беларусі і Расеі аб інтэграцыі закранаюць інтарэсы Эўразьвязу, — прадстаўнік Эўрапарлямэнту

Пятрас Аўштрэвічус

Сталы дакладчык Эўрапарлямэнту па Беларусі, літоўскі эўрадэпутат Пятрас Аўштрэвічус зьвярнуўся да новага кіраўніка замежнай палітыкі Эўразьвязу Жузэпа Бурэля з заклікам ​арганізаваць трохбаковыя эўрапейска-беларуска-расейскія кансультацыі з нагоды паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расеі.

Мы папрасілі спадара Аўштрэвічуса патлумачыць, чаму ён спадзяецца, што Лукашэнка і Пуцін пагодзяцца на ягоную прапанову.

— Спадар Аўштрэвічус, ці былі ў Вас кантакты наконт вашай прапановы з прадстаўнікамі дыпляматычных ведамстваў ці ўрадаў Беларусі і Расеі?

— Я папярэдніх размоваў з гэтымі прадстаўнікамі ня меў. Усе чыноўнікі, якія занятыя плянам паглынаньня Беларусі, не былі б шчырыя са мной. Ня ведаю, якую інфармацыю яны маглі б мне даць наконт таго, што здарыцца з незалежнасьцю Беларусі, калі гэты плян будзе рэалізаваны.

Я размаўляў з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі, яны выказваюць вельмі сур’ёзную заклапочанасьць наконт гэтых плянаў інтэграцыі. І да таго ж я ведаю гісторыю сучасных дзяржаваў, ведаю, як гэтыя пляны ўвасабляюцца ў жыцьцё і што можа здарыцца з незалежнасьцю дзяржаваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Што нам рабіць з плякатам «Расея — дз..мо?» Апазыцыя вырашае, як пратэставаць супраць інтэграцыі з Расеяй

— Але вы прапануеце трохбаковыя кансультацыі, для іх патрэбная згода трох бакоў. Дык ці пагодзяцца афіцыйныя Менск і Масква ўдзельнічаць у гэтых кансультацыях?

— Цяпер можа так здарыцца, што адной краінай у Эўропе стане менш. А Беларусь мае агульную мяжу з ЭЗ — 1100 кілямэтраў. Таму для мяне выглядаюць вельмі натуральнымі такія кансультацыі, каб краіны ЭЗ атрымалі поўную яснасьць, чаго чакаць ад такой інтэграцыйнай дамовы і што можа адбыцца з незалежнасьцю і сувэрэнітэтам Беларусі.

У мяне ёсьць нагода для маёй прапановы. У 2014 годзе Расея вельмі актыўна патрабавала такіх кансультацыяў ад ЭЗ і Ўкраіны наконт падпісаньня пагадненьня аб асацыяцыі і зоне вольнага гандлю. Тады Расея знайшла аргумэнты, каб атрымаць такія кансультацыі. ЭЗ зьяўляецца адкрытымі, дэмакратычным бокам, таму Зьвяз арганізаваў тады такія кансультацыі, хаця там не ішла размова аб поўнай інтэграцыі Ўкраіны ў Эўразьвяз.

— Вы правялі аналёгію з кансультацыямі ў 2014 годзе паміж ЭЗ, Украінай і Расеяй, якіх дамаглася тады Расея. Але паміж Расеяй і Ўкраінай адносіны тады былі дастаткова шчыльнымі. Цяперашнія інстытуцыйныя адносіны Беларусі з ЭЗ ня вельмі глыбокія: Беларусь не вядзе з ЭЗ перамовы аб асацыяцыі, Беларусь ня мае з ЭЗ нават стандартнага пагадненьня аб партнэрстве і супрацоўніцтве, не падпісаны дакумэнт «Прыярытэты партнэрства» паміж ЭЗ і Беларусьсю. Пры такім узроўні стасункаў, якія інтарэсы ЭЗ можа закранаць пагадненьне аб паглыбленьні інтэграцыі паміж Беларусьсю і Расеяй?

— Мы ня ведаем, што азначае гэтае пагадненьне для сувэрэнітэту Беларусі. Мы чуем размовы пра супольны парлямэнт, пра супольны ўрад, пра агульную манэтарную палітыку. А гэта мае вялікае значэньне для нашых эканамічных адносінаў, для гандлю, для інфраструктурных праектаў. Мы хацелі б даведацца пра пляны абодвух бакоў.

ЭЗ неаднаразова выказваў сваю падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту Беларусі. Цяпер мы чуем размовы пра ўваходжаньне ў іншую гісторыю дзяржаўнасьці.

Беларусь — эўрапейская краіна, якая зьяўляецца нашым суседам. Цяпер мы ня маем зь ёй нейкіх адмысловых дамоваў, але гэта не азначае, што нам абыякавая пэрспэктыва разьвіцьця гэтай краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зьбіраецца расставіць з Пуціным кропкі над «і»

— У сваіх прапановах вы падкрэсьлілі, што размова ідзе аб кансультацыях на ўрадавым, афіцыйным узроўні. Кажучы папросту, фактычным беларускім суразмоўцам павінен быць Аляксандар Лукашэнка. Чаму Вы лічыце, што Лукашэнка можа быць зацікаўлены ў такіх трохбаковых кансультацыях?

— Прэзыдэнт Лукашэнка імкнецца быць незалежным бокам у перамовах. Ён падкрэсьлівае, што Беларусь не прымае ўльтыматумы, што ён будзе размаўляць як роўнапраўны партнэр. Я мяркую, што кансультацыі, якія я прапаную, для яго былі б магчымасьцю якраз і гаварыць як прадстаўніку незалежнага боку. Яму варта прадставіць свае аргумэнты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прынцыпова новы этап»,— амбасадар Сямашка пра паглыбленую інтэграцыю з Расеяй 

— А ў чым можа быць цікавасьць, інтарэс у такіх кансультацыях для Расейскай Фэдэрацыі? У сваім звароце вы адзначылі, што Беларусь зьяўляецца чальцом праграмы ЭЗ «Усходняе партнэрства». Расея не ўваходзіць ва «Усходняе партнэрства», яе афіцыйнае стаўленьне да гэтай праграмы хутчэй нэгатыўнае. Чаму яна можа пагадзіцца кансультавацца з трэцім бокам — з ЭЗ, наконт сваіх, расейскіх, адносінаў з Беларусьсю?

Вы напачатку нашай гутаркі сказалі, што ў 2014 годзе Расея знайшла аргумэнты, каб пераканаць, што перамовы Эўразьвязу і Ўкраіны закранаюць яе інтарэсы. А якія могуць быць зараз аргумэнты ЭЗ, каб пераканаць Уладзіміра Пуціна, што ягоныя перамовы з Лукашэнкам закранаюць інтарэсы Эўразьвязу?

Магчыма. мы зададзім пытаньні, канстытуцыйнае права задаваць якія належыць грамадзянам Беларусі


— Мы ў ЭЗ маем канцэпцыю суседзтва, гэта адносіны з наўпроставымі суседзямі і з суседзямі суседзяў. Адносіны паміж Беларусьсю і Расеяй закранаюцца гэтай канцэпцыяй. Гэта натуральны геапалітычны інтарэс, калі нешта адбываецца з адным з тваіх суседзяў.

І размова ж ідзе не пра нейкае пагадненьне аб сацыяльнай палітыцы ці навакольным асяродзьдзі. Тут дамова, якая можа канцэптуальна зьмяніць дзяржаўнасьць адной ці нават дзьвюх краінаў.

Гістарычны абавязак ЭЗ — задаць пытаньні ў той момант, калі адбываюцца падобныя працэсы.

Магчыма. мы зададзім пытаньні, канстытуцыйнае права задаваць якія належыць грамадзянам Беларусі. Але яны ня маюць такой магчымасьці. Я ня ведаю, як спадар Лукашэнка робіць справаздачу перад сваімі грамадзянамі пасьля кожнай сустрэчы са спадаром Пуціным.

Мая прапанова — гэта вельмі цывілізаваны падыход. Мы ж ня ў чым іх не абвінавачваем. Мы проста хочам ведаць, што можа стаць з Беларусьсю празь некалькі месяцаў.