Пра затрыманьне падазраваных у забойстве журналіста Паўла Шарамета паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook міністар унутраных справаў Украіны Арсэн Авакаў. Ён анансаваў брыфінг у гэтай справе, на якім будзе агучана абвінавачаньне.
17:15 Стала вядома, што паліцыя Ўкраіны затрымала рок-музыку, сэржанта сіл спэцыяльных апэрацыяў Андрэя Антоненку. Пра гэта ён сам паведаміў у сябе ў Фэйсбуку ў момант, калі яго затрымлівалі.
Адвакат Улад Добаш паведаміў у Фэйсбуку і пра затрыманьне ў гэтай жа справе доктаркі, валянтэркі Юліі Кузьменка.
Чакаецца прэсавая канфэрэнцыя ў справе Шарамета з удзелам прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага і генэральнага пракурора Ўкраіны Руслана Рабашапкі.
Раней паведамлялася, што паліцыя Ўкраіны затрымала сямейную пару добраахвотнікаў з батальёну «Правы сэктар», якія могуць фігураваць у справе.
Як паведамляла ўкраінскае інтэрнэт-выданьне «Українська правда», у якім да сваёй гібелі працаваў Павал Шарамет і якое шчыльна займаецца хадою расьсьледаваньня справы аб ягоным забойстве, Уладзімір Грышчанка (пазыўны «Буча») затрыманы 24 верасьня, а ягоная жонка Іна (пазыўны «Пума») — 5 лістапада.
Суд арыштаваў іх абаіх на час расьсьледаваньня іншай справы, пачатай у ліпені 2018 году — іх падазраюць у замаху на забойства і ў неасьцярожных паводзінах са зброяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасада ЗША ва Ўкраіне заклікала да «справядлівасьці адносна сям’і Паўла Шарамета»«Паводле вэрсіі сьледзтва, Грышчанкам ды іхнаму знаёмаму, таксама вэтэрану антытэрарыстычнай апэрацыі Івану Вакуленку, замовілі забойства жыхара Івана-Франкоўскай вобласьці. Яны нібыта зрабілі выбуховае прыстасаваньне і прымацавалі яго да машыны ахвяры ў горадзе Косаве 13 ліпеня 2018 году. Аднак выбуху не адбылося, бо пацярпелы мужчына сам заўважыў выбуховае прыстасаваньне», — паведамляе «Українська правда».
Паводле інфармацыі выданьня, пацярпелым меў стаць 61-гадовы Міхаіл Чакурак, якога цяпер таксама судзяць за напады, рабаваньне і падрыў будынку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі пра сакрэтнасьць справы Шарамета: «Калі я вам скажу — сарву апэрацыю»Справу Грышчанкаў расьсьледавала пракуратура Івана-Франкоўску, але цяпер усе матэрыялы перададзеныя ў Кіеў, у галоўнае ўпраўленьне паліцыі.
Як пісала сама Іна Грышчанка пасьля арышту свайго мужа, справа перададзеная ў Кіеў з фармулёўкай «у сувязі з датычнасьцю да іншых злачынстваў». Паводле яе, на Ўладзіслава «вешаюць» ня толькі замах на забойства ў Івана-Франкоўскай вобласьці, а і забойства журналіста Шарамета.
«Ці могуць яны зьвязаць гэта з Паўлам Шараметам? Я ня вельмі ўпэўнены, бо гэтага эпізоду сапраўды няма. Магчыма, яны атрымалі нейкія відавочныя доказы датычнасьці да іншых злачынстваў. Да чаго менавіта — у матэрыялах, якія маю, такога няма», — казаў адвакат Масі Наем, які абараняў Іну Грышчанку ў судзе ў часе абраньня для яе захаду стрыманьня.
У той жа час «Українська правда» піша, што вонкавым выглядам Уладзіслаў і Іна Грышчанкі сапраўды падобныя на падазраваных, прыкметы якіх абвясьціла афіцыйна сьледзтва. Апроч таго, справу сямейнай пары аб замаху на забойства ў Івана-Франкоўскай вобласьці вядзе той жа сьледчы, што і справу аб забойстве Паўла Шарамета.
У Нацыянальнай паліцыі сытуацыю не камэнтавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У справе Шарамета ёсьць гарачыя вэрсіі, — генэральны пракурор Украіны44-гадовы ўраджэнец Менску журналіст Павал Шарамет, які працаваў у СМІ Беларусі, Расеі і Ўкраіны, загінуў 20 ліпеня 2016 году, падарваўшыся ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева, дзе ён жыў і працаваў апошнія пяць гадоў.
Выбух адбыўся ў 7.45 на скрыжаваньні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка ў Кіеве. Магутнасьць выбухоўкі, паводле ацэнкі праваахоўнікаў, склала 400–600 грамаў у тратылавым эквіваленце. Пасьля высьветлілася, што гэта была мадыфікаваная мадэль супрацьпяхотнай міны Мон-50.
Нацыянальная паліцыя Ўкраіны пачала крымінальную справу паводле артыкулу «Наўмыснае забойства». Да расьсьледаваньня падключыліся супрацоўнікі ФБР, якіх аб дапамозе папрасілі ўкраінскія ўлады. У якасьці асноўнай вэрсіі забойства разглядалася помста за прафэсійную дзейнасьць. Сьледзтва таксама не выключала, што Шарамета маглі забіць у мэтах дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне, з асабістых матываў або памылкова (цэльлю магла быць грамадзянская жонка загінулага, уладальніца выданьня «Українська правда» Алена Прытула, — менавіта на яе аўтамабілі ехаў Шарамет у момант трагедыі).
Месяц таму прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што вызначыў тэрміны завяршэньня расьсьледаваньня справы аб забойстве Шарамета, але адмовіўся назваць прычыны яе засакрэчваньня.