Гарыць адзіны ў Расеі крэйсэр-авіяносец, ёсьць пацярпелыя

Авіяносец, фота 2017 году

Раніцай 12 сьнежня ў рамонтным доку пад Мурманскам загарэўся «Адмірал Кузьняцоў», адзіны ў Расеі крэйсэр-авіяносец.

Паводле дадзеных МНС, якія прыводзіць ТАСС, ад пажару пацярпелі тры чалавекі, якім «аказваецца дапамога». «Інтэрфакс» паведамляе, што яны знаходзіліся ў труме і «прапалі», і дзе яны — на караблі дагэтуль ня ведаюць.

Пажар пачаўся ў энэргаадсеку і неўзабаве перакінуўся на ўсё памяшканьне; што менавіта стала прычынай узгараньня, пакуль незразумела. Пазьней агонь перакінуўся таксама на дызэльнае паліва.

«Паводле папярэдніх зьвестак, узгараньне адбылося падчас рамонтных работ у першым энэргаадсеку на другой палубе», — расказалі крыніцы агенцтва «Інтэрфакс».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанія накіравала зьнішчальнікі суправаджаць расейскі «карабель сораму»

Цяжкі крэйсэр-авіяносец быў закладзены на Чарнаморскім суднабудаўнічым заводзе ў 1982 годзе. Гэта адзіны ў Расеі карабель, здольны несьці на борце цяжкія палубныя зьнішчальнікі Су-33. Гэта таксама адзіны ў сьвеце карабель, з борта якога лётчыкі-зьнішчальнікі падымаюцца ў паветра ў запалярных шыротах. Даўжыня палубы «Кузьняцова» — 306 мэтраў, шырыня — 75 мэтраў, у складзе ягонага экіпажу — 1960 чалавек, у тым ліку 518 афіцэраў, а сам карабель можа несьці звыш 50 зьнішчальнікаў і іншых лятальных апаратаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другі самалёт зваліўся з палубы расейскага «Адмірала Кузьняцова»

У складзе расейскага флёту «Кузьняцоў» знаходзіцца ад 1991 году, у тым ліку яго ў 2016 годзе адпраўлялі да берагоў Сырыі. Там пры заходзе на пасадку на яго палубу пацярпелі крушэньне спачатку зьнішчальнік МіГ-29К, а потым яшчэ адзін зьнішчальнік, Су-33.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі падчас рамонту авіяносца «Адмирал Кузнецов» патануў плывучы док. Ёсьць пацярпелыя

Пасьля вяртаньня зь Сырыі «Адмірал Кузьняцоў» быў адпраўлены ў рамонт у адзін з докаў у Мурманску, але рамонт таксама быў няўдалым. Плывучы док, дзе праходзіў рамонт, у 2018 годзе нечакана затануў, а на авіяносец зваліўся кран з вышыні прыкладна 15 мэтраў. Два чалавекі тады былі шпіталізаваныя, адзін прапаў бязь вестак, але на караблі запэўнівалі, што ніякае «жыцьцёва важнае» абсталяваньне тады не пацярпела.