«Думалі, што буду зьліваць інфармацыю Nexta». Як служыць у войску айцішнік, які змагаўся з законам «аб адтэрміноўках»

Ілюстрацыі Ганны Рэкець

Дзясяткі твітаў за пару тыдняў у войску — 25 лістапада экс-кандыдата ў дэпутаты Аляксея Лазарава праводзілі ў войска. Увесь гэты час ён вядзе ў твітэры салдацкі дзёньнік. Пачыталі, як яму служыцца.

Аляксей Лазараў будзе служыць паўгода, бо ва ўнівэрсытэце год адвучыўся на вайсковай катэдры. У першы ж дзень службы напісаў у твітэры: «Вох, забралі ў войска».

«Дзедаўшчыну вынішчылі, прычым вельмі жорстка»

«Пагрузілі ў аўтобус, вязуць кудысьці. Сядзячых месцаў на ўсіх не хапіла. Прайшлі дагляд, у мяне забралі нажніцы. Прайшлі мэдыцынскую праверку, падчас якой хірург мне сказаў, што ў мяне жорсткі скаліёз, падумаў трохі і паставіў „здаровы“», — піша Аляксей.

Аляксей Лазараў ля ваенкамату перад адпраўкай у частку. Менск, лістапад 2019

Што больш за ўсё зьдзівіла ў беларускім войску 21-гадовага айцішніка?

«Выявілася, што дзедаўшчыны ў нас няма зусім, яе вынішчылі, пры гэтым вельмі жорстка, — расказаў Лазараў Свабодзе. — У першыя дні нам пастаянна даводзілі артыкулы [кодэксаў. — РС] — каго на колькі пасадзяць, калі што. Апавядалі, што цяпер на кагосьці завялі справу за тое, што зьлёгку па сьпіне ўдарыў».

Ілюстрацыі Ганны Рэкець

Але агулам, кажа хлопец, усё так, як ён і разьлічваў.

«Я дастаткова перад войскам усё вывучыў. Усё гэтак, як я і меркаваў. Толькі што да ўсіх ставяцца мякка — некаторыя лічаць, што нават занадта мякка. У нас нават няма зарадкі раніцай — зіма, халодна, можна захварэць».

Ілюстрацыі Ганны Рэкець

Штодзень у 20:00 салдаты павінны глядзець беларускія і расейскія навіны. Лазараў радуецца, што гук і карцінка глючаць, таму нічога не зразумела.

А вось так праводзіцца інструктаж.

«Праводзіўся інструктаж па тэхніцы бясьпекі ў фармаце міні-лекцыяў: увесь шыхт мерзьне, імкнучыся ўслухоўвацца ў словы чарговага лектара, а потым маршуе на драўляных нагах да наступнага. Калі б афіцэры ведалі пра піраміду Маслоў, то зразумелі б, што гэта не найлепшы спосаб засвойваць інфармацыю».

Цяпер Аляксей і яго саслужыўцы на карантыне. За імі сочаць сяржанты, яны ж і апавядаюць пра тое, што дзедаўшчыны няма.

«У нас стараслужбоўцаў няма, ёсьць толькі сяржанты. Зь іншымі салдатамі мы пакуль ня бачыліся. Карантын будзе месяц, потым нас разьмяркуюць па розных частках на курс маладога байца».

«У Міністэрстве абароны ёсьць спэцыяльныя людзі, якія правяраюць сацыяльныя сеткі салдатаў»

З прычыны таго, што Лазараў пачаў весьці блог у твітэры, зь ім размаўлялі афіцэры.

«Ну, мяне выклікалі псыхолягі, ідэолягі. Яны з усімі размаўлялі, проста са мной больш. Па-добраму ўсё, каб ня крыўдзіў нікога ў твітэры. Усё максымальна акуратна. Я пачуў, што ў частцы ведалі пра мой прыезд. І яны думалі, што я буду зьліваць інфармацыю [тэлеграм-каналу] Nexta.

Быў такі дзень, калі кожныя пяць хвілін розныя афіцэры пыталіся, ці ўсё ў мяне добра. Можа так выпадкова атрымалася, бо тут пэрыядычна пытаюць усіх. А ў мяне так запар было».

Ілюстрацыі Ганны Рэкець

Лазараў думае, што сацыяльныя сеткі кожнага салдата правяраюць спэцыяльныя людзі зь Міністэрства абароны. Але там гэтую інфармацыю зьняпраўджваюць.

«Салдату тэрміновай службы цяжка пісаць у сацыяльных сетках, бо ў нас дазволеныя тэлефоны адмысловага ўзору — яны безь відэакамэры, доступу ў інтэрнэт. У іх няма магчымасьці весьці сацыяльныя сеткі. Гэта абумоўлена патрабаваньнем, каб інфармацыя з тэрыторыі вайсковай часткі не трапляла ў сетку. Адпаведна неабходнасьці адсочваць іхную актыўнасьць у сеціве ў пэрыяд іх службы няма, — кажа прадстаўніца Міністэрства абароны Натальля Гаўрусік. — І людзей адмысловых для гэтага ў Міністэрстве абароны таксама няма».

Пра вынікі першага тыдня службы хлопец таксама напісаў у твітэры:

«Прамежкавыя вынікі: першы тыдзень у арміі аказаўся шэрым і сумным. Адным зь нешматлікіх цёплых момантаў стаў паход у салдацкую лазьню. Вядома, пра парылку глупства было марыць, але вельмі прыемна пасьля гарачай вады ўпершыню за тыдзень адчуць сябе чыстым!»

Дзень Аляксея і яго саслужыўцаў пачынаецца так: хлопцы ўстаюць, мыюцца, ідуць на сьняданак, а потым на заняткі.

«Цяпер у асноўным заняткі, шыхтовая падрыхтоўка. Якія заняткі? Ну, лекцыі, Статут чытаюць, правілы, як паводзіць сябе ў калектыве. Ня вельмі сучасныя, я б сказаў. Звычайна проста афіцэр чытае, хтосьці засыпае, яго падымае сяржант. Але ёсьць і выключэньні: у нас былі даволі цікавыя лекцыі. Ёсьць афіцэры, якія вельмі хочуць нам апавядаць і робяць гэта цікава. Напрыклад, пра аўтамат Калашнікава — тактычна-тэхнічныя характарыстыкі, як зь ім абыходзіцца, як разьбіраць, пра штык-нажы. Былі і гісторыі з жыцьця, усялякія лайфхакі».

Ілюстрацыі Ганны Рэкець

3 сьнежня Лазараў паведаміў, што «афіцэры папрасілі пісаць больш добрага пра нашу частку». Але хлопец падкрэсьліў, што піша толькі свае думкі і ня будзе пісаць на замову.

«Ніхто ж не замінае ім завесьці свой твітэр і пісаць туды хвалебныя оды нашай брыгадзе».

Твітэр Лазараў вядзе з дапамогай сябра — адпраўляе яму тэкст, а той публікуе твіт. Шмат апавесьці Свабодзе пра службу Лазараў не пасьпеў — яго паклікалі на вячэру.

Што яшчэ айцішнік піша пра войска?

5 сьнежня Лазараў зь іншымі салдатамі езьдзіў на стрэльбішча.

«Хоць усё і прайшло крыху сумбурна, але ўзаемадзеяньне з баявой зброяй амаль нікога не пакінула абыякавым!».

«У сталоўцы ў нас стаяць дзьве вялікія калёнкі, і кожны прыём ежы мы слухаем адну і тую ж музыку (яна ў мяне чамусьці асацыюецца з маршруткай). Адзін раз хтосьці захапіў кіраваньне музыкай, і ўся сталовая слухала Каржа і Маргенштэрна. А аднойчы мы абедалі пад „Уладзімірскі цэнтрал“».

Ілюстрацыі Ганны Рэкець

10 сьнежня Аляксей Лазараў амаль дзьве гадзіны стаяў на месцы, гледзячы, як маршуюць іншыя хлопцы.

11 сьнежня Аляксей Лазараў паведаміў, што зь ягонага ўзводу ўцёк салдат. Але празь некалькі гадзін Аляксей выдаліў твіт. Інфармацыю пра зьнікненьне салдата Свабодзе пацьвердзілі ў Міністэрстве абароны. Салдата знайшлі цягам содняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У IT-роце месца не хапіла». Айцішнік, які змагаўся з законам «аб адтэрміноўках», пайшоў у войска
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Неабыякавыя маладзёны. Хто гэтыя людзі, якія зрабілі цікавымі нават выбары ў Палату прадстаўнікоў