Рабін, цырульня і Статут ВКЛ. Што можна ўбачыць у габрэйскай экспазыцыі музэю ў Іўі. ФОТА

У залі івейскага музэю «Беларускія габрэі»

Новая заля, прысьвечаная габрэйскай тэматыцы, адкрылася ў Івейскім музэі нацыянальных культураў у канцы лістапада. Выстаўленыя экспанаты зь Іўя, пэўнымі артэфактамі падзяліліся менскія музэі. Пакой стварылі дзякуючы спонсарскай дапамозе Слонімскага мясакамбінату.

Перад апошняй вайной у Іўі жылі больш за 3000 габрэяў (76% усяго насельніцтва). Амаль усе яны загінулі ад рук нацыстаў у івейскім гета. Паводле перапісу 2009 году тут заставалася толькі двое габрэяў.

Першаю наведнікі бачаць фігуру рабіна, які чытае Тору на адмысловым узвышэньні (біме).

Рабін чытае Тору

Тора

Тора 1910 году з друкарні Цэдэрбаўма. Яд — указка для чытаньня Торы. ХХ стагодзьдзе

Фрагмэнт Торы ў выглядзе скрутку. Канец XVIII — пачатак XIX стагодзьдзяў

Вобраз скрыжаляў Старога Запавету. ХХ стагодзьдзе

Сьцяна за сьпіной рабіна паўтарае выглядам сьцяну ў адной з івейскіх сынагогаў. Перад вайной іх было тры, адну зруйнавалі, дзьве астатнія аддалі сёньня пад спартовую школу.

У куце стаіць частка мацэвы — надмагільнай пліты — і кавалак агароджы ад габрэйскіх могілак у Іўі XIX стагодзьдзя. Яны месьціліся за горадам.

Мацэва па нябожчыцы Р. Кабак (першая палова XX стагодзьдзя) і частка агароджы могілак

На стэндзе пасярэдзіне пакою сабраныя выявы сынагогаў, якія былі ў Беларусі.

Сынагогі Беларусі

Тут узнавілі адрэзак Бэрнардынскай вуліцы (цяпер вуліца Карла Маркса) у Іўі міжваеннае пары. Пад нагамі камяні быццам сапраўднага бруку. У пэрспэктыве вуліцы, выяўленай мастаком Аляксеем Навумчыкам, відаць касьцёл, ля якога яшчэ няма фігуры Езуса з раскінутымі рукамі, як у Рыё-дэ-Жанэйра, хаты, мосьцік.

Фрагмэнт міжваеннай забудовы Іўя

Бэрнардынская вуліца, мастак Аляксей Навумчык

Зьлева стаіць жылы дом. На шыльдзе напісана, што тут жыве Арон Шварц. Праз адчыненыя вокны можна ўбачыць гаспадыню. Яна сядзіць за сталом, накрытым да сьвяточнай пятнічнай вячэры, прысьвечанай Субоце.

Жылы дом у Шабат

Стравы для сэдэру — рытуальнай сямейнай бяседы на пачатку Пэсаху. Дранікі габрэі называюць латкес

Стравы на габрэйскі Новы год (Рош га-Шана), які сьвяткуюць у верасьні

Габрэйскі каляндар

Ханукія (трэцяя чвэрць ХХ стагодзьдзя) — сьветач, які запальваюць на Хануку, дзень перамогі сьвятла над цемрай, надзеі над роспаччу. Супадае з днём зімовага сонцастаяньня

Справа месьціцца цырульня Давіда Бэндэра. Фота 14

Млын у Іўі, фота 1916 году

Аптэка ў Суботніках, фота 1930-х гадоў

На адным са стэндаў можна перасунуць шыльды і паглядзець, як называліся вуліцы мястэчка. Крывую перайменавалі ў Чкалава, Наваградзкую — у Леніна, Віленская стала 1-га Мая, а Рыначная — Камсамольскай.

Стэнд з гістарычнымі назвамі вуліц і здымкамі мястэчак вакол Іўя

Аўтэнтычныя назвы вуліц замянілі савецкімі

Плян мястэчка Іўя 1932 году

Тут можна ўбачыць амулет, які насілі насілі як юдэі, гэтак і мусульмане, — хамсу. Гэта выява далоні, якую рабілі з падручных матэрыялаў. Юдэі яе яшчэ называюць рука Мірыям, а мусульмане — рука Фацімы.

Ёсьць легенда, што аднойчы муж прывёў дахаты другую жонку. Першая жонка ў той момант варыла халву. Яна настолькі зьдзівілася і адчула разлуку з мужам, што надалей мяшала гарачую халву голай рукой, не адчуваючы болю. Выява далоні ва ўсходняй культуры лічыцца сымбалем вернасьці.

Хамса

Незвычайны экспанат — рэлігійная кніга ў вокладцы «Дакумэнты зьнешняй палітыкі СССР». Яе перадала ўраджэнка Іўя Тамара Барадач, якая цяпер жыве ў Ізраілі. Кніга належала ейнаму бацьку, партыйнаму работніку. Так ён хаваў забароненую літаратуру.

Рэлігійная кніга схаваная пад савецкай вокладкай

Яшчэ адна цікавая кніга — копія Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 году. Надрукаваны на беларускай мове ў віленскай друкарні Мамонічаў (дзейнічала з 1574 году). Пасьля далучэньня тэрыторыі Беларусі да Расейскай імпэрыі Статут працягваў дзейнічаць у Віленскай, Горадзенскай, Менскай губэрнях да 1840 году.

Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 году

Івейскі музэй нацыянальных культураў заснаваны ў 2009 годзе. Гэта адзіны ў Беларусі музэй такога профілю. Тут таксама працуюць залі, прысьвечаныя гісторыі Івейскага раёну, беларускім татарам і Другой усясьветнай вайне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як дбаюць пра габрэйскія могілкі ў Беларусі і Латвіі. Параўноўваем
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 374 даляры заробку, скарачэньне насельніцтва, закрыцьцё школ. Як жыве «беларускі рай», дзе так спадабалася Лукашэнку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Полацку побач з Сафійскім саборам разьмесьцяць кадэцкую вучэльню. Гісторыкі абураюцца