Колькасьць ахвяраў пажару ў будынку Адэскага каледжа эканомікі, права і гатэльна-рэстараннага бізнэсу па стане на 7 раніцы 9 сьнежня вырасла да 12 чалавек, пацьвердзілі ў Дзяржаўнай службе ў надзвычайных сытуацыях Украіны.
«Усяго ў выніку пажару загінулі 12 чалавек», — заявілі ў прэс-службе ведамства.
4 сьнежня ў лякарні памерла жанчына, 7 сьнежня ад атрыманых траўмаў сканаў ратавальнік. Целы яшчэ 10 чалавек былі знойдзеныя падчас разбору завалаў пры правядзеньні пошукавых работ у пэрыяд з 5 па 9 сьнежня.
Лёс яшчэ некалькіх чалавек дасюль застаецца невядомым, таму колькасьць ахвяраў яшчэ можа вырасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Адэсе ў пажары пацярпелі 27 чалавек, загінуў адзін, лёс 14 невядомы. Абвешчаная жалобаПажар пачаўся 4 сьнежня ў цэнтры Адэсы, у навучальным корпусе каледжу эканомікі, права і гатэльна-рэстараннага бізнэсу. Плошча пажару склала некалькі тысяч квадратных мэтраў. Верхнія паверхі будынка выгаралі дашчэнту, у корпусе абрынуўся дах і перакрыцьці.
Сярод загінулых і пацярпелых былі ў тым ліку студэнты 16-17 гадоў. Калі пачаўся пажар, некаторыя, ратуючыся ад полымя, скакалі на прыпаркаваныя машыны зь пятага паверха. Ратавальнікі не адразу змаглі падʼехаць да будынка і эвакуаваць людзей ад таго, што вакол было прыпаркавана шмат аўтамабіляў.
Па факце пажару адкрытая крымінальная справа за парушэньне вызначаных заканадаўствам патрабаваньняў пажарнай бясьпекі. Сьледчыя разглядаюць у тым ліку вэрсіі аб наўмысным падпале будынка і аб кароткім замыканьні.