Ядзернае раззбраеньне Паўночнай Карэі больш ня ёсьць прадметам перамоваў з ЗША, заявіў пасол КНДР у ААН Кім Сонг. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.
«Нам не патрэбныя доўгія перамовы з ЗША», — заявіў Сонг. Ён назваў дыялёг, да якога імкнуўся Вашынгтон, «хітрыкам з эканоміяй часу ў інтарэсах амэрыканскай унутранай палітыкі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў».
Таксама напярэдадні Пхэньян заявіў пра «вельмі важныя выпрабаваньні» на ракетным палігоне Сохэ. Яны нібыта зробяць значны ўплыў на стратэгічнае становішча краіны ў найбліжэйшай будучыні. Тады CNN, грунтуючыся на спадарожнікавых здымках палігону Сохэ, паведамляла пра гатовасьць Паўночнай Карэі аднавіць выпрабаваньні ракетных рухавікоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўночная Карэя запусьціла неапазнаныя ракеты ў бок Японскага мораРаней кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын заяўляў пра «новы шлях» у наступным годзе, не раскрыўшы дэталі. Гэта можа азначаць аднаўленьне выпрабаваньняў ядзерных бомбаў і ракет вялікага дасягу, якія былі спыненыя ў 2017 годзе, адзначае Reuters. Трамп называў гэта ключавой перамогай у дыялёгу дзьвюх краін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пхэньян заявіў аб спыненьні перамоваў з ЗША аб ядзерным раззбраеньніНа мінулым тыдні паўночнакарэйскі МЗС зноў заклікаў Вашынгтон выпрацаваць больш гнуткую пазыцыю на перамовах па дэнуклеарызацыі і вырашыць, «які калядны падарунак» яны атрымаюць. У адказ прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што зьдзіўлены непрыязным заявам Пхэньяну.
Бакі праводзяць рабочыя сустрэчы, абмяркоўваючы поўнае спыненьне ядзернай праграмы Паўночнай Карэяй, але пра прагрэс пакуль не паведамлялі. Пхэньян настойвае на зьняцьці амэрыканскіх санкцый і прыпыненьні супольных вайсковых вучэньняў ЗША і Паўднёвай Карэі.
Ад траўня сёлета Пхэньян правёў ня менш як 13 ракетных выпрабаваньняў.