Беларусь і Расея падпісалі індыкатыўны балянс паставак нафты на 2020 год, піша «Інтэрфакс». На пытаньне аб тым, ці ёсьць у балянсе «перамытненьне» нафты, як піша «Інтэрфакс», віцэ-прэм’ер Расеі Дзьмітры Козак адказаў адным словам: «Не».
Пры тым аб’ёмы паставак нафты не раскрываюцца. Крыніцы «Інтэрфаксу» сьцьвярджаюць, што яны мусілі застацца ранейшымі: 24 млн тонаў на год. У 2019 годзе з гэтых 24 млн т на перапрацоўку ішлі 18 млн т, а на «перамытненьне» — 6 млн т. Што цяпер будзе з 6 млн тонаў нафты, калі аб’ёмы паставак будуць ранейшымі, незразумела.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мядзьведзеў — Румасу: У Расеі няма «антыбеларускіх элемэнтаў»Дамова пра «перамытненьне» (Беларусь можа прадаваць набытую расейскую нафту, а мыта забіраць сабе) дзейнічала ад 2017 году, каб кампэнсаваць Беларусі высокія цэны на газ. Дзеяньне дамовы было прапісанае да 2019 году ўключна.
Бюджэт на 2020 год у Беларусі плянавалі без даходаў ад «перамытненьня», страты ацэньвалі ў 432,6 млн даляраў (страты ад падатковага манэўру, для параўнаньня, ацэньваліся ў 239,3 млн даляраў).
На думку экспэрткі ў галіне энэргетыкі Тацяна Манёнак, цяпер пытаньне аб «перамытненьні» яшчэ ня вырашанае канчаткова — яго могуць абмяркоўваць Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін 7 сьнежня. І нават могуць знайсьці кампраміс.
Але калі Расея ня дасьць Беларусі нафту на «перамытненьне», але дасьць ранейшыя аб’ёмы паставак, Беларусь можа і не адмаўляцца ад «лішніх» 6 млн тонаў. Мадэрнізацыя нафтаперапрацоўчых заводаў Беларусі мусіла скончыцца якраз да 2020 году — і мадэрнізацыю паскорылі, «каб падрыхтавацца да новых умоваў», кажа Манёнак.
Магчыма, заводы сапраўды змогуць у бліжэйшы час эфэктыўна перапрацоўваць большыя аб’ёмы, разважае яна (перапрацаваць такія аб’ёмы могуць ужо, але ня надта эфэктыўна і эканамічна мэтазгодна). Але беларускі бок можа прасіць і працягнуць дазвол на «перамытненьне», бо да поўнага завяршэньня мадэрнізацыі эфэктыўнасьць будзе параўнальна нізкай.