У Сярэднявеччы ВКЛ і Маскоўская дзяржава шмат ваявалі паміж сабой, гэтая гісторыя мела працяг і ў XX стагодзьдзі. Мы сабралі на мапе некаторыя бітвы, якія адбываліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Паглядзець мапу у вялікім памеры можна тут.
Амсьціслаўская бітва 1501 году
Адна з асноўных бітваў вайны 1500–1503 гадоў. Перамагло маскоўскае войска, войска ж ВКЛ страціла некалькі тысяч чалавек.
Аблога Крычава
Літоўска-маскоўская вайна 1507–1508 гадоў. Маскоўскія войскі ўзялі ў аблогу Крычаў і Мсьціслаў, але адступіліся, калі на дапамогу войскам ВКЛ падышло паспалітае рушэньне.
Бітва пад Воршай
Асноўная бітва Дзесяцігадовай вайны 1512–1522 гадоў. Адбылася 8 верасьня 1514 году. Войска ВКЛ пад камандаваньнем Канстанціна Астроскага разьбіла большае колькасьцю маскоўскае войска.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 80-тысячнага войска Масквы не было, значэньне бітвы перабольшанае, — гісторык Алесь Казакоў
Спаленьне Браслава і Друі
Ваенныя сутычкі 1515–1517 гадоў. Вялікіх стратаў не прынесьлі, але маскоўскае войска рабіла дробныя налёты і паліла гарады.
Спаленьне фартэцыі Сокал
11 верасьня 1579 году жаўнеры Рэчы Паспалітай пры падтрымцы нямецкіх наймітаў зьнішчылі маскавіцкі гарнізон фартэцыі Сокал. Страты расейскага боку — каля 3 тысяч. З боку Рэчы Паспалітай загінулі да 300 чалавек.
Паўстаньне ў Магілёве
Падчас вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай (1654–1667) былі захопленыя многія беларускія гарады, у іх ліку і Магілёў. 1 лютага 1661 году магілёўцы паднялі паўстаньне і зьнішчылі ўвесь царскі гарнізон, каля 3 тысяч чалавек. Таксама выбухнулі паўстаньні ў Дзісьне, Себежы і Гомлі.
У адказ на паўстаньне расейскія жаўнеры спалілі Магілёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Магілёўскіх вучняў на выставу пра расейскага цара вадзілі «як на выхаваўчае мерапрыемства»
Бітва пад Крупчыцамі
Адна з асноўных бітваў падчас паўстаньня пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі ў 1794 годзе. Войска Серакоўскага, лікам некалькі тысяч, было разьбітае войскамі Суворава.
Мілавідзкая бітва
Адна зь бітваў паўстаньня 1863–1864 гадоў, якое ўзначаліў Кастусь Каліноўскі. Бітва адбылася 3 чэрвеня 1863 году. Паўстанцы страцілі каля 18 чалавек, расейскае войска — каля 50. Паўстанцы выйшлі пераможцамі, хоць само паўстаньне пасьля было здушана.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускае „Слова 2019 году“ — Каліноўскі
Слуцкі збройны чын
У 1920 годзе ў Слуцку вырашылі не дапусьціць бальшавікоў да ўлады. Зь сялянаў сфармавалі асобныя вайсковыя брыгады, якія месяц аказвалі супраціў чырвонаму войску. Мабілізавалі да 5 тысяч чалавек. Чырвонае войска здушыла паўстаньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У бой за Случчыну. Мінімум фактаў, якія варта ведаць пра Слуцкі збройны чын