Падзеі 8 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.
Дата дня
8 сьнежня 1991 году ва ўрадавай рэзыдэнцыі Віскулі былі падпісаныя Белавескія пагадненьні. Кіраўнікі Беларусі, Расеі і Ўкраіны Станіслаў Шушкевіч, Барыс Ельцын і Леанід Краўчук афіцыйна дэнансавалі дагавор аб утварэньні СССР і ўтварылі Садружнасьць Незалежных Дзяржаў.
Таксама ў гэты дзень
1432 — Ашмянская бітва паміж войскамі вялікіх князёў Свідрыгайлы і Жыгімонта Кейстутавіча.
1854 — папа Пій ІХ устанавіў дагмат Каталіцкай царквы аб беззаганным зачацьці Дзевы Марыі, маці Ісуса Хрыста.
1926 — у склад БССР увайшлі Рэчыцкі і Гомельскі паветы.
1955 — Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы зацьвердзіла свой сьцяг — цяперашні сьцяг Эўразьвязу.
1958 — у Мадрыдзе з ініцыятывы Рады БНР пачалася трансьляцыя беларускіх радыёперадач гішпанскага радыё, якія рэдагаваў Янка Сурвіла з дапамогай свёй жонкі Івонкі.. Вяшчаньне ішло да траўня 1965 году, у эфір выйшла больш за 2300 перадач.
1974 — у Грэцыі праз рэфэрэндум была скасаваная манархія.
1999 — кіраўнікі Беларусі і Расеі Аляксандар Лукашэнка і Барыс Ельцын падпісалі дамову аб стварэньні так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.
У гэты дзень нарадзіліся
1832 — Б’ёрнст’ернэ Б’ёрнсан, нарвескі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.
1914 — Часлаў Сіповіч, грэка-каталіцкі біскуп, актыўны дзяяч беларускай эміграцыі ў Вялікабрытаніі, заснавальнік Беларускай бібліятэкі і музэя імя Францішка Скарыны ў Лёндане.
1918 — Аляксандр Махнач, беларускі навуковец-гэоляг, акадэмік, у 1973-1986 гадах — віцэ-прэзыдэнт АН БССР. Удзельнічаў у адкрыцьці на тэрыторыі Беларусі нафтавых радовішчаў, радовішчаў калійных і каменных соляў, жалезнай руды, гаручых сланцаў.
1935 — Рыгор Родчанка, беларускі краязнаўца, пэдагог, фальклярыст, паэт, літаратуразнаўца.
У памяці
1937 — Язэп Гаўрылік, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч.
1937 — Ігнат Дварчанін, беларускі пісьменьнік, публіцыст, грамадзкі дзяяч.
1969 — Ванда Лявіцкая, беларуская пісьменьніца, перакладніца, настаўніца, выхавальніца.
1980 — у Нью-Ёрку быў застрэлены Джон Ленан, музыка легендарнага гурту The Beatles.
2016 — памёр адзін зь першых астранаўтаў Джон Глен. 20 лютага 1962 году Глен стаў першым астранаўтам ЗША, якія зьдзейсьніў арбітальны касьмічны палёт — тры віткі вакол Зямлі. Да яго субарбітальны палёт зьдзейсьніў астранаўт Алан Шэпард.
2019 — памерла праваабаронца, адна з заснавальніц Маскоўскай Хэльсінкскай групы Людміла Аляксеева.