Ва Ўкраіне чакаюць аднаўленьня паставак электраэнэргіі зь Беларусі пасьля завяршэньня рамонтных работ на міждзяржаўных лініях электраперадач, паведамілі БелаПАН у нацыянальнай энэргетычнай кампаніі «Укрэнэрга».
«НЭК "Укрэнэрга" не пацьвярджае інфармацыю аб прыпыненьні ўкраінскімі трэйдарамі імпарту электраэнэргіі зь Беларусі. Паводле прагнозу, імпарт электраэнэргіі зь Беларусі будзе працягнуты з 7 сьнежня 2019 году пры наяўнасьці попыту», — паведамілі ў «Укрэнэрга», камэнтуючы інфармацыю ў СМІ аб прыпыненьні ўкраінскімі трэйдарамі імпарту беларускай электраэнэргіі.
У ведамстве сказалі, што па выніках месячнага аўкцыёну доступ да прапускной здольнасьці электраэнэргіі па кірунку зь Беларусі ва Ўкраіну разьмеркаваны на сьнежань 2019 году, пачынаючы з 7 чысла, бо з 1 па 6 сьнежня праводзілі плянавыя рамонтныя работы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна з 1 сьнежня спыніла пастаўкі электраэнэргіі зь Беларусі, але працягвае яе набываць у Расеі. Чаму?Раней у СМІ зьявілася інфармацыя, што зь 1 сьнежня ўкраінскія трэйдары перасталі закупляць электраэнэргію зь Беларусі таму, што яна даражэй, чым ва Ўкраіне.
У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі БелаПАН сказалі, што цяпер не прадаюць электраэнэргію ва Ўкраіну з прычыны рамонту, а далей будуць «паступаць у адпаведнасьці з законамі эканомікі»: «калі гэта нам будзе выгадна, то мы працягнем супрацоўніцтва, але гандляваць сабе ў страту мы ня будзем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пытаньне бясьпекі. Фракцыя Пятра Парашэнкі прапанавала забараніць пастаўкі электраэнэргіі зь БеларусіБеларусь цягам ліпеня-кастрычніка стала найбольшым пастаўніком электраэнэргіі ва Ўкраіну — украінскія спажыўцы атрымалі 644,9 мільёна кіляват-гадзін беларускай энэргіі. Але ў ноч з 30 лістапада на 1 сьнежня Ўкраіна спыніла пастаўкі электраэнэргіі зь Беларусі.
У лістападзе Міністэрства энэргетыкі і аховы навакольля Ўкраіны паведамляла, што ў прагнозным балянсе электрычнай энэргіі Аб’яднанай электрычнай сыстэмы Ўкраіны ў 2020 годзе прадугледжаны закуп у Беларусі 2,1 мільярда кіляват-гадзін электраэнэргіі. Гэта амаль траціна ад заплянаванага налета аб’ёму вытворчасьці электраэнэргіі БелАЭС.