Камітэты Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу Злучаных Штатаў, якія праводзілі расьсьледаваньне аб магчымасьці імпічмэнту прэзыдэнта Дональда Трампа, апублікавалі ў аўторак даклад аб выніках расьсьледаваньня.
У дакумэнце сьцьвярджаецца, што Дональд Трамп злоўжываў прэзыдэнцкімі паўнамоцтвамі, а таксама перашкаджаў расьсьледаваньню ягоных дзеяньняў у Кангрэсе.
Абодва гэтыя абвінавачаньні могуць быць падставай для імпічмэнту прэзыдэнта.
Справаздача будзе перададзеная ў юрыдычны камітэт Палаты прадстаўнікоў, які правядзе ўласныя слуханьні і па іх выніках, як чакаецца, складзе артыкулы імпічмэнту, што будуць вынесеныя на галасаваньне Палаты.
«Дональд Трамп, 45-ы прэзыдэнт ЗША, дзейнічаў асабіста або праз сваіх падначаленых ва ўрадзе і па-за ім, выступіў пасярэднікам для ўмяшаньня замежнай дзяржавы, Украіны, у выбары прэзыдэнта ЗША ў 2020 годзе, — гаворыцца ў дакумэнце. — Прэзыдэнт паступаў такім чынам, каб дамагчыся перавыбраньня, ускладніць пэрспэктывы для свайго апанэнта на выбарах і паўплываць на выбары ў сваю карысьць.
Зрабіўшы так, ён паставіў свае асабістыя інтарэсы вышэй за нацыянальныя інтарэсы ЗША».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былая дарадца Трампа на слуханьнях па імпічмэнце: Расея, а не Ўкраіна атакавала нас. Вэрсія пра Ўкраіну — шкодныя выдумкіАўтары дакумэнту лічаць даказаным, што Трамп чыніў ціск на ўлады Украіны, дамагаўшыся ад іх дзеяньняў, якія маглі б пашкодзіць ягонаму апанэнту, дэмакрату Джо Байдэну. Інструмэнтам ціску на Кіеў, як сьцьвярджаецца, было замарожваньне амэрыканскай вайсковай дапамогі Ўкраіне. На слуханьнях у Кангрэсе шэраг сьведак паказалі, што Трамп дамагаўся ад украінскіх уладаў расьсьледаваньня дзейнасьці сына Байдэна ва Ўкраіне.
Пры гэтым у дакладзе няма канкрэтных рэкамэндацыяў аб фармулёўцы артыкулаў імпічмэнту і нават наўпрост не гаворыцца, што Трамп павінен быць падданы імпічмэнту.
У Палаце прадстаўнікоў дэмакраты маюць бальшыню. Калі імпічмэнт будзе вынесены, рашэньне аб адхіленьні прэзыдэнта ад пасады мае прыняць Сэнат, дзе бальшыня ў рэспубліканцаў.
Рэспубліканцы і сам Трамп раней заяўлялі, што ня згодныя з абвінавачаньнямі. Белы дом заявіў, што дакумэнт больш падобны не на афіцыйную справаздачу аб расьсьледаваньні, а на «трызьненьне канапавага блогера».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белы дом адмовіўся ўдзельнічаць у слуханьнях аб імпічмэнце Трампа