У Пінску перад судом паўстануць двое кіраўнікоў арганізаванай злачыннай групы наркагандляроў, якія распаўсюджвалі наркотыкі з 2009 году, паведамляе сайт МУС Беларусі.
Іх затрымалі ў студзені 2019 году пры збыце больш як 700 грамаў наркотыку на тэрыторыі Берасьцейскай вобласьці. Паводле інфармацыі апэратыўнікаў, яны арганізавалі канал пастаўкі какаіну ў асабліва буйных памерах з Заходняй Эўропы ў Расею транзытам празь Беларусь.
У ходзе расьсьледаваньня высьветлілася, што з 2009 году яны ўваходзілі ў склад арганізаванай злачыннай групы на тэрыторыі Пінску, якую пасьля ўзначалілі.
Спачатку група распаўсюджвала ў Беларусі насвай, потым стварыла сетку па рэалізацыі насеньня маку з дамешкам макавай саломы. Тавар фасавалі на дробныя партыі і рэалізоўвалі. У Пінску працавала некалькі аўтамабіляў-наркатаксі — па званку спажыўцоў наркотык прывозілі на ўказаны адрас.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асуджаных за наркотыкі ў Беларусі могуць пачаць выпускаць «на парукі»За ўвесь час існаваньня групы ў яе ўваходзіла ня менш як 8 чалавек. Большасьць зь іх ужо асуджаныя і адбываюць пакараньне за збыт наркотыкаў. Як правіла, у групу набіралі маладых людзей з праблемных сем’яў зь фінансавымі цяжкасьцямі.
У групе было дакладнае разьмеркаваньне роляў: прадаўцы часьцяком ня ведалі фасоўшчыкаў, пастаўшчыкоў і арганізатараў, што дазваляла апошнім доўгі час пазьбягаць адказнасьці.
У 2018 годзе лідэры групы пераарыентаваліся на аптовыя пастаўкі какаіну. Пасьля некалькіх угодаў іх затрымалі і завялі крымінальныя справы па ч.3 арт.328 Крымінальнага кодэксу Беларусі. Разам з двума лідэрамі па гэтай крымінальнай справе праходзіць і адзін з актыўных удзельнікаў групы, які таксама арыштаваны.
Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць
- У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
- Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
- «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
- 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.