Суд Астравецкага раёну абвясьціў вырак расейцу, які правозіў празь літоўска-беларускую мяжу 290 кг гашышу. Расейцу прызначылі пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на 17 гадоў у калёніі ўзмоцненага рэжыму.
У траўні падчас мытнага кантролю ў пункце пропуску «Катлоўка» у машыне расейца выявілі тайнік з 290 гашыша. Меркавалася, што наркотыкі будуць прадаваць на тэрыторыі Расеі.
Мужчыну прызналі вінаватым у:
- набыцьці, захаваньні і перавозцы наркатычных сродкаў у асабліва буйным памеры, зьдзейсьненыя групай асоб (ч. 3 арт. 328 КК);
- перамяшчэньні наркотыкаў у буйным памеры праз мяжу Эўразійскага эканамічнага саюзу (ч. 2 арт. 328-1).
Прысуд не набыў моц і можа быць абскарджаны.
Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць
- У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
- Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
- «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
- 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.