Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў закон, які ад 1 ліпеня 2020 году абавяжа прадаўцоў электронікі ўсталёўваць на гаджэты расейскае праграмнае забесьпячэньне. Закрыты пералік прадукцыі вызначыць урад, паведамляе Інтэрфакс.
«Закон накіраваны на тое, каб расейскія карыстальнікі сеткі інтэрнэт і паслугаў сувязі выкарыстоўвалі абсталяваньне (смартфоны, кампутары, тэлевізары з функцыяй „смарт-ТВ“) без неабходнасьці ўсталёўкі дадатковых мабільных прыкладанняў і іншых праграмаў для ЭВМ», — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да дакумэнта.
Раней дэпутаты Дзярждумы, прадстаўляючы законапраект, адзначалі, што яго ўхваленьне патрэбнае для таго, каб чалавек, купляючы складаны тэхнічны сродак, не марнаваў час на пошук айчыннага праграмнага забесьпячэньня — яно будзе усталяванае загадзя.
Тым часам Асацыяцыя гандлёвых кампаній і таваравытворцаў электрабытавой і кампутарнай тэхнікі Расеі выступіла супраць закону. На іх перакананьне, адбываецца «выцісканьне» з рынку добрасумленных кампаній, якія тэхнічна ня змогуць выканаць такія нормы. Напрыклад, на апэрацыйную сыстэму Apple фізычна не пераўсталёўваецца нешта іншае.
«Прыняцьце закону можа прывесьці да сыходу легальных кампаній-вытворцаў, у тым ліку і мабільных тэлефонаў, з рынку. Іх месца зойме прадукцыя, якая нелегальна пастаўляецца ў Расею тымі, хто ня будзе адказваць ні за праграмнае забесьпячэньне, ні за гарантыі для спажыўцоў, ні за сэрвісную падтрымку», — мяркуюць у асацыяцыі.
Аўтары дакумэнту разьлічваюць, што першымі на расейскае праграмнае забесьпячэньне пяройдуць кампаніі, дзе дзяржава зьяўляецца асноўным акцыянэрам. Паводле прагнозаў, да 2021 году больш за палову софту кожнага клясу там будзе расейскай вытворчасьці (да 2022-га — увесь софт).
Што такое «расейскія праграмы», з тэксту закону незразумела. Напрыклад, абсалютная большасьць «расейскіх апэрацыйных сыстэмаў», як іх называюць, на самой справе ёсьць вэрсіямі адкрытай апэрацыйнай сыстэмы Linux, створанай амэрыканцамі і толькі часткова мадыфікаванай расейцамі.
Уладзімір Пуцін яшчэ ў 2015 годзе патрабаваў, каб у межах імпартазамяшчэньня праз замежныя санкцыі за анэксію Расеяй украінскага Крыму раскйскія дзяржаўныя кампаніі выкарыстоўвалі расейскі софт. У тым годзе была падпісаная забарона купляць для патрэбаў дзяржаўных установаў замежны софт пры наяўнасьці расейскіх аналягаў. У 2018-м расейскія дзяржаўныя кампаніі абавязалі цалкам перайсьці на расейскі софт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўныя кампаніі Расеі абавязалі перайсьці на расейскія кампутарныя праграмыУ сваю чаргу Фэдэральнае бюро расьследаваньняў ЗША лічыць, што любыя мабільныя прыкладаньні, распрацаваныя ў Расеі, ёсьць «патэнцыйнай контарвыведнай пагрозай». У ведамстве лічаць, што ФСБ Расеі можа «выдалена атрымліваць доступ да ўсіх камунікацый і сэрвэраў у расейскіх сетках без звароту да інтэрнэт-правайдэраў».