Пуцін падпісаў закон, які дазваляе прызнаваць грамадзян «замежнымі агентамі»

Ілюстрацыйнае фота. Надпіс «Замежны агент. Love USA», нанесены невядомымі на будынак праваабарончага цэнтру «Мэмарыял» у Маскве

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў закон аб пашырэньні сьпісу СМІ, якія могуць быць прызнаныя замежнымі агентамі. Дакумэнт апублікаваны на афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі.

Закон прадугледжвае, што «замежнымі агентамі», акрамя СМІ, могуць быць прызнаныя таксама фізычныя асобы, якія распаўсюджваюць матэрыялы СМІ-«замежных агентаў» або ўдзельнічаюць у іх стварэньні, а таксама атрымліваюць грошы ці маёмасьць з-за мяжы або ад расейскіх юрыдычных асобаў, якія фінансуюцца з замежных крыніц.

Дзяржаўная Дума Расеі прыняла законапраект, які дазваляе прызнаваць «замежнымі агентамі» фізычных асобаў, 21 лістапада. Савет Фэдэрацыі ўхваліў яго 25 лістапада.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Савет Фэдэрацыі Расеі ўхваліў закон аб прызнаньні грамадзян «замежнымі агентамі»
  • У лістападзе 2017 году ў Расеі быў прыняты закон, які дазваляе прызнаваць «замежнымі агентамі» сродкі масавай інфармацыі, якія атрымліваюць фінансаваньне з-за мяжы.
  • Арганізацыі, якія трапілі ў рэестар, павінны пэрыядычна даваць справаздачу аб сваёй фінансавай дзейнасьці, а таксама пазначаць у сваіх публікацыях, што яны «замежныя агенты». Парушэньні могуць прывесьці да буйных штрафаў.
  • Міністэрства юстыцыі цяпер адносіць да «замежных агентаў», сярод іншых, дзевяць рэдакцый мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода і «Голас Амэрыкі». Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Джэймі Флай заявіў, што прынятыя Дзяржаўнай Думай Расеі папраўкі да закону «аб СМІ — замежных агентах» накіраваныя на перасьлед замежных СМІ і зьяўляюцца «чарговым крокам да таго, каб грамадзяне Расеі атрымлівалі толькі ўхваленую Крамлём інфармацыю».