Дзьмітры Казлоў вядзе блог «Серый кот». Цяпер ён у аршанскім ізалятары часовага ўтрыманьня. 30 лістапада на 9 гадзінаў раніцы яго выклікалі ў мясцовае аддзяленьне міліцыі. Пасьля ён перастаў выходзіць на сувязь.
Пра зьняволеньне Свабодзе паведаміў старшыня незалежнага прафсаюзу РЭП у Воршы Аляксандар Булаўка. Па ягоных словах, дзяжурны ізалятару праз тэлефон паведаміў, што Дзьмітры Казлоў адміністрацыйна затрыманы да суду і яго справу разгледзяць 2 сьнежня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 2 сьнежня пачынаюцца суды над актывістамі за пікеты і акцыі да выбараў. Каго будуць судзіць
Напярэдадні ў інтэрвію Свабодзе Дзьмітры Казлоў дапускаў затрыманьне за ўдзел у пікеце ля будынка Цэнтральнай выбарчай камісіі 16 лістапада. 20 лістапада ён меўся быць на разглядзе справы аб адміністрацыйным правапарушэньні ў судзе ў Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Tinder, Instagram і раённыя чаты: Якія новыя тэхналёгіі выкарыстоўваюць кандыдаты ў дэпутаты
Дзьмітры Казлоў быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Але пасьля яго зьнялі з выбараў. Ён ўдзельнічаў у акцыі 16 лістапада ў Менску.