Часам розныя навіны складваюцца ў пазл і лепш за афіцыйныя статыстычная дадзеныя паказваюць праблемы ў грамадзтве. 28 лістапада на партале tut.by зьявіўся артыкул пра суд над мужчынам, які зьбіваў сына і жанчыну, з якой жыў, і матэрыял пра забітага ў расейскім Екацярынбургу хлопчыка зь Беларусі. Паведамляюць, што ў забойстве хлопчыка абвінавачваюць бацьку.
Тэма зьдзекаў і забойстваў дзяцей вельмі балючая, а такія здарэньні часта маюць вялікі розгалас. Безумоўна, заўжды знойдуцца тыя, хто будзе казаць, што малыя давялі бацькоў кепскімі паводзінамі, але большасьці людзей усё ж відавочна: апраўдаць зьбіцьцё і забойства чалавека, які знаходзіцца ў безабаронным стане, немагчыма ніяк. Гэта ня можа быць самаабаронай і не можа быць прэвэнтыўным нападам у выпадку, калі чалавек адчувае небясьпеку і б’е першым.
Часам дзяцей забіваюць уласныя мамы і таты, але каб убачыць прынцыповую розьніцу паміж гэтымі забойствамі, трэба ўглядзецца ў абставіны.
Ёсьць такі панятак — пашыраны суіцыд. Так называюць від самазабойства, калі чалавек не толькі забівае сябе, але і «забірае з сабой» кагосьці з навакольных. Менавіта такія забойствы маленькіх дзяцей мамамі я бачу ў СМІ. Звычайна гэта фінал дэпрэсіі жанчыны — яна больш ня хоча жыць і думае, што ніхто з навакольных ня зможа альбо не захоча клапаціцца пра яе дзіця. І тады гэтая жанчына бярэ дзіця на рукі і выходзіць з вакна. Відавочна, што гэта трагедыя, і што гэтай жанчыне своечасова не дапамаглі мэдыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяўчынка з Зэльвеншчыны, якую бацька выцяў аб сьцяну, памерлаАле я ніколі, ні разу ў жыцьці ня чула, каб так зрабіў бацька. Толькі гэта не значыць, што таты не забіваюць сваіх дзяцей. Яны проста робяць гэта інакш — зьбіваюць да сьмерці, выкідваюць з дому на холад, выкрадаюць у маці і помсьцяць ёй гэтым забойствам.
Ці можам мы як грамадзтва нешта зрабіць з гэтым жахам? Я ўпэўнена, што калі распаўсюджваць ідэю ўключанага і адказнага бацькоўства, такіх гісторый стане менш. Калі таты будуць больш часу праводзіць зь дзецьмі, штодня клапаціцца пра іх, зьмяняць падгузьнікі, вучыць хадзіць, пераапранаць, карміць з лыжачкі, тлумачыць па вечарах хатнія заданьні, адвозіць на сэкцыі і ўвогуле рабіць хоць палову з таго, што традыцыйна робяць мамы, у гэтых татаў радзей будзе ўзьнікаць ідэя забіць сваё дзіця.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20-гадовую гарадзенку асудзілі за катаваньні 2-месячнага дзіцяціВельмі важна, каб выпрацоўвалася эмацыйная прывязанасьць, каб дзіця не было проста пунктам штомесячных выдаткаў і аб’ектам, які замінае спаць па начох і раскідвае цацкі па ўсёй хаце. Гэта гучыць патасна і банальна, але ў сям’і мусіць быць любоў. Вы можаце ўявіць сытуацыю, каб нехта забіў любімага чалавека проста дзеля помсты камусьці іншаму?
А калі няма прывязанасьці і любові, калі дзеці — гэта проста крыніца праблем, можа здарыцца страшнае. Так, напрыклад, у 2016 годзе ў Мазырскім раёне бацька забіў уласных дзяцей, каб адпомсьціць жонцы за развод. А гэтым летам у Польшчы доўга шукалі хлопчыка, якога ў невядомым напрамку зьвез ягоны бацька, каб адпомсьціць былой жонцы. Мужчына забіў пяцігадовага сына, схаваў ягонае цела, а празь нейкі час забіў і сябе. Дарэчы, у Мазырскім раёне бацька таксама спрабаваў забіць сябе пасьля таго, як забіў сваіх дзяцей, але ў яго не атрымалася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забойцам 8-месячнай дзяўчынкі прысудзілі расстрэл і 25 гадоў калёнііАдрозьненьне ад «пашыранага суіцыду», які часам учыняюць маці, у тым, што тут для бацькаў дзеці — гэта сродак помсты. Малых забівалі не таму, што ня бачылі для іх будучыні, а таму, што гэтым забойствам хацелі зруйнаваць жыцьцё іх маці.
У Польшчы мужчына перад зьнікненьнем напісаў былой жонцы «Больш ніколі ня ўбачыш сына», а прадстаўнік акружной пракуратуры ў Варшаве потым зьвяртаў увагу, што дзеяньні забойцы выглядалі сплянаванымі і прадуманымі. Што тычыцца мазырскай гісторыі, дык там пра помсту як матыў забойства афіцыйна заявіў Сьледчы камітэт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 тысяч эўра за бэбі-бокс. Колькі каштуе жыцьцё дзіцяціЗа пяць хвілін пошуку ў Google я знайшла каля дзесяці такіх гісторый, якія здарыліся ў апошнія дзесяць гадоў у розных краінах. Безумоўна, гэта толькі частка такіх трагедый. Магчыма, камусьці гэта падасца адзінкавымі выпадкамі, але я бачу ў іх сыстэму.
І калі клопат пра дзяцей і далей будзе заставацца пераважна жаночай справай, мы будзем зноў і зноў сутыкацца з такімі злачынствамі. Дзяцей будуць зьбіваць, выкрадаць і забіваць проста для таго, каб адпомсьціць былым. Быццам бы дзеці — гэта ўвогуле не людзі.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.