Аляксандар Лукашэнка 29 лістапада зьмяніў кіраўніка Менскай вобласьці: замест Анатоля Ісачанкі на пасаду прызначаны Аляксандар Турчын, які да таго працаваў першым віцэ-прэм’ерам.
Новы кіраўнік Меншчыны: эканаміст і «вэртыкальнік»
Кіраўніком Меншчыны прызначаны Аляксандар Турчын. Дагэтуль ён кіраваў апаратам Савету міністраў. Эканаміст, кандыдат эканамічных навук. Да 2016 году працаваў памочнікам прэзыдэнта — галоўным інспэктарам па Гомельскай вобласьці.
Нарадзіўся ў Наваградку ў 1975 годзе, скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт і Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце.
Працаваў дырэктарам крамы ў калгасе «Авангард» у Наваградзкім раёне, у падатковых і рэвізійных органах Горадзенскай вобласьці. Пазьней кіраваў Карэліцкім райвыканкамам і быў намесьнікам старшыні Менскага аблвыканкаму, калі на чале вобласьці стаяў Сямён Шапіра.
На навуковай канфэрэнцыі ў Інстытуце эканомікі восеньню 2017 году Турчын выступаў за лібэральныя падыходы і рэфармаваньне эканомікі. У інтэрвію дзяржаўным СМІ падтрымліваў разьвіцьцё дробнага бізнэсу, прадпрымальніцтва і разьняволеньне дзелавой ініцыятывы.
У жніўні 2018 году замяніў на пасадзе віцэ-прэм’ера Васіля Мацюшэўскага, які лічыўся блізкім да сям’і Лукашэнкі.
Месяц таму Турчын заявіў, што ў сельскай гаспадарцы і індустрыі ня будуць узьнікаць новыя працоўныя месцы, а будучыня — за лічбавымі тэхналёгіямі.
Вызвалілася крэсла міністра эканомікі
Да прызначэньня кіраўніком Меншчыны Турчын займаў пасаду першага намесьніка прэмʼер-міністра.
Гэтую пасаду зойме ўжо былі міністар эканомікі Дзьмітры Круты.
Хто ўзначаліць Міністэрства эканомікі, Лукашэнка яшчэ ня вызначыў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замяніць кароўнікі на каворкінгі? Чаму ІТ цягне беларускую эканоміку, а каровы — не, і што з гэтым рабіць