Журналісту Чудзянцову афіцыйна выставівілі абвінавачаньні. Сьцісла пра справу

Уладзімер Чудзянцоў

Уладзіміру Чудзянцову прад'яўленыя абвінавачваньні па частцы 1 артыкулу 328 КК РБ — «незаконныя без мэты збыту выраб, перапрацоўка, набыцьцё, захоўваньне, перавозка або перасылка наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналягаў», а таксама ч. 1 артыкула 328-1 «незаконнае перамяшчэньне праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага саюза або дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў». Пра гэта паведаміў Свабодзе адвакат журналіста Аляксандар Галіеў.

Таксама стала вядома, што ў кватэры журналіста ў Менску былі знойдзеныя 6,02 грама марыхуаны. Ад дачы паказаньняў Чудзянцоў адмовіўся, ён застаецца пад вартай у СІЗА Берасьця, знаходзіцца за кратамі ўжо больш за тыдзень.

Паводле ч.1 арт. 328 КК РБ могуць пакараць абмежаваньнем або пазбаўленьнем волі на тэрмін да 5 гадоў. Паводле ч. 1 арт 328-1 - да 7 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асуджаных за наркотыкі ў Беларусі могуць пачаць выпускаць «на парукі»

Пра затрыманьне Ўладзімера Чудзянцова стала вядома 22 лістапада ад ягоных сяброў. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, раніцай 21 лістапада Ўладзімер Чудзянцоў выехаў зь Менску ў Варшаву. У Берасьці ён меў перасесьці на іншы цягнік. Затрыманьне адбылося ўжо пасьля адпраўленьня цягніка зь Берасьця. Падчас памежнага мытнага кантролю ў рэчах журналіста знайшлі пакецік з наркатычным рэчывам. Чудзянцова зьнялі зь цягніка і даставілі ў міліцэйскі пастарунак, адкуль пазьней перавялі ў СІЗА.

У панядзелак 25 лістапада стала вядома, што Ўладзімер Чудзянцоў затрыманы на 2 месяцы. Афіцыйнае абвінавачаньне яму было выстаўлена ў суботу, 30 лістапада.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падазраванага ў кантрабандзе наркотыкаў журналіста Чудзянцова арыштавалі на 2 месяцы — адвакат


Што яшчэ вядома пра справу Чудзянцова?

Празь некалькі дзён пасьля затрыманьня Ўладзімера Чудзянцова ад ягонага адваката стала вядома, што падчас мытнага кантролю на мяжы ў рэчах журналіста знайшлі 0,87 грама марыхуаны. Таксама наркотыкі знойдзеныя падчас ператрусу ў менскай кватэры журналіста, аднак колькасьць знойдзенага там забароненага рэчыва пакуль невядомая. Праваахоўнікі, якія праводзілі ператрус, не пакінулі пратаколу маці затрыманага Ніне Зуевай.

«Валодзя ехаў у цягніку і выйшаў у прыбіральню, у гэты час у яго ў сумцы мытнікі знайшлі пакецік з рэчывам, мне сказалі, што там былі наркотыкі, — расказвала Свабодзе маці журналіста на наступны дзень пасьля затрыманьня Чудзянцова. — Яго затрымалі, цяпер сын у СІЗА ў Берасьці. Пасьля адразу правялі ператрусы ў нас дома ў Менску. Тут таксама знайшлі некалькі пакетаў. Прычым у такіх месцах, што я ніколі не магла б падумаць, што там можа нешта быць. Падымалі мэблю, перасоўвалі. Я ня веру, што Валодзя мае да гэтага дачыненьне, што гэта ягоныя пакеты былі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогер NEXTA назваў затрыманьне журналіста Чудзянцова помстай Лукашэнкі

Сувязь з блогерам NEXTA

Пра магчымую сувязь Уладзімера Чудзянцова зь вядомым тэлеграм-каналам NEXTA пачалі гаварыць амаль адразу пасьля навіны пра затрыманьне журналіста. Аўтар і ўладальнік каналу Сьцяпан Пуціла ў размове са Свабодай 22 лістапада спачатку адмаўляў гэта:

«Пра гэтыя чуткі трэба пытаць у тых, хто гэтыя чуткі актыўна распаўсюджвае. З Уладзімерам я сапраўды час ад часу камунікаваў, раіўся ў некаторых пытаньнях. Магчыма, адсюль гэтыя плёткі. Але з каналам гэта ніяк не зьвязана. Было б вельмі недарэчна давяраць удзел у такім праекце чалавеку, які пастаянна жыве ў Беларусі, да якога могуць у кожны момант прыйсьці зь ператрусам ці беспадстаўна затрымаць — як гэта і адбылося ўчора. Наколькі ведаю, нядаўна ён знайшоў працу ў Польшчы ды плянаваў пакінуць Беларусь», — сказаў Пуціла.

Аднак ужо празь дзень, 23 лістапада, Сьцяпан Пуціла апублікаваў у сваім канале інфармацыю пра супрацоўніцтва з Чудзянцовым і актыўны ўдзел апошняга ў працы над фільмам «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы». Са словаў блогера, Чудзянцоў датычны прыкладна да 10% фільму, і менавіта гэта стала сапраўднай прычынай затрыманьня, а наркатычныя рэчывы яму падкінулі супрацоўнікі спэцслужбаў. На канале NEXTA зьявіліся заклікі да кампаніі салідарнасьці з Чудзянцовым, там жа абвешчаны збор сродкаў на адваката.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён ведаў, што можа адбыцца правакацыя». Гісторыя загадкавага затрыманьня журналіста Чудзянцова

Рэакцыя кіраўніка БАЖ Андрэя Бастунца

Амаль адразу пасьля навінаў аб прычынах затрыманьня Ўладзімера Чудзянцова зьявіліся параўнаньні ягонай справы са справай расейскага журналіста Івана Галунова, у падтрымку якога ў Расеі выказаліся шырокія колы грамадзкасьці. Аднак падтрымліваць Чудзянцова як журналіста захацелі далёка ня ўсе. У тым ліку кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Андрэй Бастунец

«Многія зь „міленіялаў“ проста ня ведаюць, што ў канцы 1990-х яшчэ пад прозьвішчам Зуеў ён быў „узнагароджаны“ ад БАЖ дыплёмам „Ганаровы Крумкач“, — напісаў Бастунец у сваім профілі на фэйсбуку. — Абліваў дзярмом апазыцыю. Калі Генадзь Карпенка выставіў да яго пазоў, ён спасылаўся ў судзе на свае сувязі са спэцслужбамі... Хтосьці спрабуе параўнаць ягоную справу са справай Івана Галунова. Але тут дзьве вялікія розьніцы. Галуноў меў рэпутацыю і займаўся журналісцкімі расьсьледаваньнямі, а не „накідваў на вэнтылятар“. А Чудзянцова, думаю, не за журналістыку ўзялі. Зразумела, што калі падкідваньне „рэчавых доказаў“ мела месца, то гэта пакідаць па-за ўвагай нельга. Але Чудзянцоў — пра што я і пішу — НЕ журналіст. А я — НЕ Чудзянцоў».

Хто такі Ўладзімер Чудзянцоў

У 1990-я Ўладзімер Чудзянцоў пад сваім тагачасным прозьвішчам Зуеў пісаў у дзяржаўных газэтах пра лідэраў апазыцыі. У «Народнай газеце» ён пад псэўданімам апублікаваў артыкул «Пятае вымярэньне Генадзя Карпенкі». Тады Генадзь Карпенка падаў у суд і запатрабаваў доказы «махінацый», пра якія гаварылася ў артыкуле.

На судзе высьветлілася, што матэрыял пісаў Уладзімер Зуеў на падставе дакладной запіскі «з грознага і буйнога ведамства».

Напрыканцы 1990-х Чудзянцоў (Зуеў) даў інтэрвію «Свабодным навінам», дзе расказаў, як спрычыніўся да фэйкавых улётак ад імя нібыта БНФ з заклікам запасацца камянямі і штурмаваць дзяржаўныя будынкі. Да 2010 году імя Зуева зьнікла з публічнай прасторы.

У 2010 годзе Ўладзімер Чудзянцоў стаў гарадзкім рэпартэрам Tut.by. Прозьвішча ён афіцыйна зьмяніў. Інфармацыя пра ягонае мінулае ўсплыла на фоне канфлікту Чудзянцова з кіраўніцтвам рэсурсу charter97.org. Яны ж раскапалі і апублікавалі факты пра ягонае мінулае. Чудзянцоў яшчэ некаторы час працаваў пасьля гэтага на Tut.by, хоць інтэрнэт-супольнасьць настойвала на яго звальненьні, што ў выніку і адбылося.

46-гадовы Ўладзімер Чудзянцоў апошнім часам займаўся сваім сайтам by24.org. Праект быў разьлічаны на клікбэйтныя загалоўкі. Пасьля канфлікту ва Ўкраіне ў 2014 годзе на сайце прасочвалася яўная антырасейская пазыцыя, Чудзянцоў не хаваў падтрымкі Ўкраіне, дапамагаў добраахвотным батальёнам.

Блогер NEXTA заявіў, што Чудзянцоў таксама дапамагаў яму з кантэнтам для ягонага тэлеграм-каналу.

21 лістапада 2019 году Ўладзімера Чудзянцова затрымалі на беларускай мяжы па дарозе ў Варшаву. Падчас мытнага кантролю ў рэчах журналіста знайшлі пакецік з наркатычным рэчывам. Яму выставілі абвінавачаньні паводле часткі 1 артыкулу 328 КК РБ — «незаконныя бяз мэты збыту выраб, перапрацоўка, набыцьцё, захоўваньне, перавозка або перасылка наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналягаў», а таксама ч. 1 артыкула 328-1 «незаконнае перамяшчэньне праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага саюза або дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў».

10 студзеня 2020 году Сьледчы камітэт паведаміў, што супраць Чудзянцова пачалі крымінальную справу за «гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару ў дачыненьні да заведама непаўналетняга» паводле ч. 2 арт. 167 Крымінальнага кодэксу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Андрэй Кім: «Мне таксама спрабавалі падкінуць наркотыкі»