У рэчах у яго было 0,87 грама марыхуаны, — паведаміў адвакат. Уладзімера Чудзянцова затрымалі ў цягніку па дарозе ў Варшаву, куды ён ехаў уладкоўвацца на працу ўвечары 21 лістапада. Ён кажа, што выйшаў у прыбіральню перад мяжой, а пасьля ў ягоных асабістых рэчах знайшлі пакунак з марыхуанай.
Цяпер Уладзімер Чудзянцоў арыштаваны.
«Магчыма, заўтра справу перададуць у Сьледчы камітэт і будзе вырашацца наконт абвінавачваньня. Колькі ў яго знайшлі дома —невядома, бо маці не пакінулі копію пратаколу ператрусу», — сказаў Аляксандар Галіеў.
Абвінавачаньня Ўладзімеру Чудзянцову пакуль ня выставілі. Ён — падазраваны ў кантрабандзе наркотыкаў і арыштаваны на 2 месяцы.
Родныя і сябры Ўладзімера Чудзянцова гавораць, што ён ніколі не ўжываў наркотыкаў. Пасьля затрыманьня правялі экспэртызу, якая выявіла, што ніякіх наркатычных рэчываў ён не прымаў.
Паводле Сьцяпана Сьвятлова, які вядзе папулярны telegram-канал Nexta, «Уладзімеру Чудзянцову падкінулі наркотыкі, гэта помста за супрацу з каналам і за дапамогу зь фільмам «Лукашэнка. Крымінальныя хронікі».
Уладзімер Чудзянцоў падчас сустрэчы з адвакатам таксама заявіў, што пакункі з наркотыкамі яму падкінулі.
Уладзімера Чудзянцова затрымалі 21 лістапада. Пасьля ў яго дома ў Менску правялі ператрус, знайшлі пакункі з наркатычным рэчывам. Маці Ўладзімера Чудзянцова сумняваецца, што яны належаць Уладзімеру.
«Адразу правялі ператрусы ў нас дома ў Менску. Тут таксама знайшлі некалькі пакетаў. Прычым у такіх месцах, што я ніколі не магла б падумаць, што там можа нешта быць. Падымалі мэблю, перасоўвалі. Я ня веру, што Валодзя мае да гэтага дачыненьне, што гэта ягоныя пакеты былі», — сказала пасьля затрыманьня маці Чудзянцова Ніна Зуева.