Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 28 лістапада прыбыў зь неабвешчаным візытам у Аўганістан, каб наведаць разьмешчаных у краіне амэрыканскіх вайскоўцаў з нагоды Дня дзякаваньня. Падчас візыту ён заявіў, што ЗША «істотна» скароцяць вайсковую прысутнасьць у краіне, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Гэта першы візыт Дональда Трампа ў Аўганістан за час прэзыдэнцтва. Ён адбыўся праз тыдзень пасьля абмену палоннымі паміж Вашынгтонам і прадстаўнікамі Талібану, які спарадзіў надзеі аднавіць мірныя перамовы.
Трамп прыбыў на авіябазу Баграм у суправаджэньні дарадцы ў нацыянальнай бясьпецы Робэрта О’Браена, невялікай групы памочнікаў, агентаў Сакрэтнай службы і пулу журналістаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 1300 мірных жыхароў Аўганістану загінулі ў першай палове 2019 годуНа авіябазе Трамп правёў двухбаковую сустрэчу з прэзыдэнтам Аўганістану Ашрафам Гані і выступіў перад амэрыканскімі вайскоўцамі. У сталоўні авіябазы прэзыдэнт, як традыцыйна павялося, падаваў смажанага індыка вайскоўцам, што падыходзілі да яго, а затым падзяліў сьвяточны стол з прысутнымі.
Прэзыдэнт ЗША сказаў, што працягвае рэалізоўваць плян памяншэньні вайсковага кантынгенту ЗША зь цяперашніх 12 тысяч да прыкладна 8600 салдатаў, заявіўшы пра «значнае» скарачэньне колькасьці амэрыканскіх вайскоўцаў у Аўганістане. Ён дадаў, што ЗША застануцца ў краіне «датуль, пакуль мы не заключым угоду [з талібамі] або не здабудзем поўную перамогу». Паводле Трампа, Талібан хоча дасягнуць дамоўленасьці і, відаць, імкнецца да пагадненьня аб спыненьні агню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перамовы паміж ЗША і «Талібанам» завяршыліся, бакі перайшлі да кансультацыйЯк сказала прэс-сакратар Белага дому Стэфані Грышэм, паездка ў Аўганістан была заплянаваная некалькі тыдняў таму.
«Гэта небясьпечная зона, і ён хоча падтрымаць вайскоўцаў. Ён [прэзыдэнт] і спадарыня Трамп ведаюць, што на сьвяты мноства людзей знаходзяцца далёка ад сваіх сем’яў, і мы падумалі, што гэта стане прыемным сюрпрызам», — заявіла Грышэм.
Візыт адбываўся ў атмасфэры абсалютнай сакрэтнасьці, неабходнай для нацыянальнае бясьпекі. Журналісты, якія суправаджалі Трампа, ня мелі права выдаваць інфармацыю пра паездку аж да выхаду афіцыйнага паведамленьня Белага дому.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША і талібы дамаўляюцца аб вывадзе амэрыканскіх войскаў з Аўганістану