Хто можа даць прэзыдэнту гарантыі недатыкальнасьці

Аляксандар Лукашэнка падчас галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў. 17 лістапада 2019 году

Законапраект Ганны Канапацкай аб гарантыях былому прэзыдэнту Беларусі актуалізаваў важныя для грамадзтва праблемы, якія могуць паўстаць перад палітычнай элітай краіны праз пэўны час.

Сьцісла:

  • Законапраект Канапацкай — гэта яе піяр-акцыя. Дакумэнт ня мае шанцаў быць прынятым.
  • Закону аб праўным статусе былога прэзыдэнта дасюль няма, бо кожны напамін пра канец прэзыдэнцтва Лукашэнкі для яго палітычна небясьпечны.
  • Адзіная прынцыповая спрэчка вакол гэтага законапраекту, якая ідзе цяпер і непазьбежна будзе ісьці далей, — гэта пытаньне пра гарантыі недатыкальнасьці былога прэзыдэнта.
  • Ніякі закон нічога не гарантуе.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая апублікавала законапраект аб гарантыях былому прэзыдэнту Беларусі і чальцам яго сям’і. Дакумэнт надрукаваны ў Facebook. І ёсьць вялікі сумнеў, што яму ўвогуле будзе дадзены юрыдычны ход.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канапацкая прапанавала законапраект аб гарантыях былому прэзыдэнту Беларусі

Паўнамоцтвы цяперашняга складу Палаты прадстаўнікоў заканчваюцца, Канапацкая нават паводле фармальных падставаў не пасьпее давесьці яго да разгляду. Гэта ж складаная працэдура, патрэбная згода адміністрацыі прэзыдэнта, існуюць іншыя перашкоды. Таму гэты крок Ганны варта разглядаць як удалую піяр-акцыя, якая выкліча пэўную цікавасьць да апазыцыйнай дэпутаткі. Такі спосаб грукнуць дзьвярыма перад сыходам з парлямэнту.

Тым ня менш сам факт зьяўленьня такога законапраекту закранае важныя для грамадзтва праблемы, якія могуць паўстаць перад палітычнай элітай краіны праз пэўны час. Сымбалічна, што акурат у той дзень, калі Канапацкая выступіла з прапановай, прыйшла навіна, што былы прэзыдэнт Бразыліі Лула да Сілва асуджаны на 17 гадоў турмы. Як прынята казаць, інфармацыя да роздуму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-прэзыдэнта Бразыліі асудзілі на 17 гадоў турмы за карупцыю

Несумненна, што закон аб праўным статусе, сацыяльным забесьпячэньні былога прэзыдэнта ў дзяржаве павінен быць. Чаму ж яго дасюль няма? Адказ просты. Бо ўсякі напамін пра канец прэзыдэнцтва для Аляксандра Лукашэнкі палітычна небясьпечны. Бо мімаволі ўкідвае ў грамадзтва, у палітычную клясу думку, што Беларусь можа жыць і бязь дзейнага кіраўніка. Альбо стварае ўражаньне, што зь ім нешта ня так. А гэта крамола.

Адзіная прынцыповая спрэчка вакол гэтага законапраекту, якая ідзе цяпер і непазьбежна будзе ісьці далей — гэта пытаньне пра гарантыі недатыкальнасьці для былога прэзыдэнта, пра тое, што яго нельга будзе асудзіць за злачынствы і правапарушэньні, учыненыя ў часе прэзыдэнцтва. Бо ідзецца не пра нейкага абстрактнага кіраўніка дзяржавы, а пра канкрэтнага чалавека, да якога ў грамадзтва, скажам вельмі мякка, процьма прэтэнзіяў і абвінавачаньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канапацкая пра гарантыі былому прэзыдэнту: «Усе людзі роўныя, незалежна ад пасады»

Дарэчы, апазыцыйныя палітыкі гатовыя даць гарантыі недатыкальнасьці, але толькі пры ўмове, што Лукашэнка добраахвотна зыходзіць і перадае ўладу не пераемніку, а народу (свабодныя выбары).

Але, думаю, усім зразумела, што ніякі закон нічога не гарантуе. Кожны закон можна скасаваць, памяняць. Хоць існуе праўны прынцып, што закон ня мае зваротнай сілы. Аднак заўсёды можна спаслацца на тое, што дакумэнт прыняты дзяржаўным органам (Палатай прадстаўнікоў), легітымнасьць якога сумнеўная, парлямэнт ня быў сфармаваны праз дэмакратычныя выбары.

Парадокс сытуацыі ў тым, што Лукашэнку, калі ён зьбярэцца некалі зыходзіць, давядзецца дамаўляцца пра сваю бясьпеку не толькі зь пераемнікам, сваім атачэньнем, кіроўнай намэнклятурай, але і зь лідэрамі апазыцыі. Без гарантыяў зь іхнага боку жыцьцяздольнасьць гэтага закону падвісае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка будзе ўдзельнічаць у выбарах 2020 году

Нагадаю некаторыя гістарычныя прыклады. Крымінальны перасьлед вайсковага дыктатара Чылі Аўгуста Піначэта пачаўся праз восем гадоў пасьля сыходу з пасады прэзыдэнта, а ад турмы яго выратавала толькі сьмерць. Некалькі разоў спрабавалі прыцягнуць да адказнасьці апошняга камуністычнага кіраўніка Польшчы Войцеха Ярузэльскага, які дарэчы, добраахвотна аддаў уладу апазыцыі.

Аднак, баюся, усе гэтыя развагі ня маюць асаблівага сэнсу з простай прычыны. Аляксандар Лукашэнка нікуды сыходзіць не зьбіраецца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.