Скульптура князя Вітаўта вярнулася да горадзенскіх замкаў. ФОТА

Драўляную фігуру Вітаўта Вялікага зноўку ўсталявалі на пляцоўцы паміж Старым і Новым замкамі ў Горадні. Два месяцы таму яе забіралі на рэканструкцыю.

Тады скульптуру прыбралі, бо яна моцна нахілілася і магла ўпасьці на мінакоў. Яе аснова падгніла. Скульптуру высушылі, пачысьцілі, апрацавалі ад шкоднікаў і вярнулі на ранейшае месца. Аднаўленьнем займаўся вядомы горадзенскі скульптар Мікалай Скляр.

Так Вітаўт выглядаў да аднаўленьня

Так — пасьля аднаўленьня

Драўляную скульптуру князя Вітаўта Вялікага падарыў Горадні Літоўскі фонд культуры ў 1990-я гады. Яна стала адным з сымбаляў гораду, адсюль пачынаюцца гарадзкія экскурсіі.

Вялікі князь літоўскі Вітаўт быў таксама горадзенскім князем, адным з гаспадароў горадзенскага Старога замка. Пры ім, у 1391 годзе, Горадня атрымала частковае самакіраваньне паводле Магдэбургскага права (поўнае — праз больш як стагодзьдзе).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Навошта такі падарунак страчваць?» Скульптуру Вітаўта з-пад замкаў у Горадні прыбралі, але адновяць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Гедзімін, Альгерд, Кейстут і іншыя князі не атрымалі кароны, хоць і маглі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Горадзенскія адрасы паўстанцаў Каліноўскага. МАПА