Паводле кіргіскіх экспэртаў, ад 200 да 300 мільёнаў даляраў мог вывезьці з Кіргізстану былы прзыдэнт Курманбек Бакіеў. Ён зьбег з краіны пасьля рэвалюцыі 2010 году і знайшоў прытулак у Беларусі. Улады Беларусі не выдаюць Курманбека Бакіева, хаця ягонай выдачы патрабуе ўрад Кіргізстану і праз Інтэрпол абвешчаны яго міжнародны вышук.
Адным зь меркаваных абʼектаў сямейнага бізнэсу Бакіевых можа быць шматфункцыйны комплекс, пабудаваны ў цэнтры Менску, каля стадыёну «Дынама». Гэта вынік расьсьледаваньня журналіста naviny.by Аляксандра Ярашэвіча.
«За такія месцы вядзецца нежартоўная барацьба»
Раней на гэтым месцы былі абʼекты, зьвязаныя з спортам. Іх зьнесьлі падчас рэканструкцыі стадыёну. Абвяшчалася, што тут будзе пабудаваны люкс-гатэль, але атрымалася «яшчэ лепш» — будучы комплекс «Centrоpol» уключае ў сябе казіно, кавярні і бутыкі, што значна падвышае акупляльнасьць абʼекту.
«Сказаць, што „Centrоpol“ знаходзіцца ў прывабным месцы, — гэта нічога не сказаць. Бо лепшага месца не пажадаеш: самы цэнтар гораду, два крокі да праспэкту Незалежнасьці, побач стадыён, вакзал. Атрымаць такое месца для будаўніцтва — мара ўсякага інвэстара. За такія месцы ідзе нежартоўная барацьба, і гэтым людзям ўдалося ў ёй перамагчы. Таму мае віншаваньні фірме „Гермес канстракшн“. Чаму я лічу, што „Centrоpol“ зьвязаны з Бакіевымі? Бо менавіта ўнук Бакіева Руслан, верагодна, знаходзіцца ў канцы ланцужку фірмаў, які пачаўся ад забудоўцы комплекса фірмы «Гермес канстракшн», — заўважае Аляксандр Ярашэвіч.
Ланцужок краін, пра які кажа журналіст, — гэта Кіпр — Дамініка — зноў Кіпр і нарэшце Вялікая Брытанія. У Шатляндыі зарэгістраваная фірма Forpaton Resources LP, 75% якой кантралюе нейкі Руслан Пятроў. Што пра яго даведаўся журналіст?
Руслан Маратавіч Пятроў закончыў у 2015 годзе факультэт міжнародных дачыненьняў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Між тым, паводле Ярашэвіча, сярод тых, хто паступіў у БДУ ў 2010 годзе, такога чалавека не было, затое быў Руслан Маратавіч Бакіеў. Але праз пару гадоў такога прозьвішча у дакумэнтах БДУ і ў сацыяльных сетках журналіст ужо не знайшоў. Затое знайшоў зьвесткі пра Руслана Пятрова, які ўдзельнічае ў спаборніцтвах БДУ ў дзюдо, выступае з ўласнымі дасьледаваньнямі зь міжнароднай эканомікі і на фатаздымках вельмі падобны на ўнука Бакіева Руслана. Сабраўшы зьвесткі пра Руслана Пятрова ў інтэрнэце, параўнаўшы ягоныя фота са здымкамі ўнука экс-прэзыдэнта Курманбека Бакіева — Руслана Бакіева, журналіст выказаў думку, што гэта можа быць адна і тая ж асоба.
Якія яшчэ аргумэнты на карысьць сваёй вэрсіі прыводзіць журналіст Аляксандар Ярашэвіч?
«Глядзіце: будоўляй „Centrоpol“ займаецца фірма „Гермес канстракшн“. Мо гэта супадзеньне, але яе офіс у адным будынку з офісам фірмы „Белхантэр-Інвест“, сузаснавальнік якой той самы Руслан Пятроў. Я спрабаваў наўпрост запытацца ў Руслана Пятрова, ці ён зьвязаны з будоўляй комплексу „Centrоpol“. Ад яго перадалі, што ніяк не зьвязаны. Можа і так, але па зьвестках naviny.by ягоны бацька Марат Бакіеў гэтым праектам пэўна займаецца».
То бок зноў журналіст кажа, што можна меркаваць пра сямейны бізнэс Бакіевых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Катэдж замест турмы: раўбіцкая альтэрнатыва кіргіскага «казнакрада»
Чаму Бакіева перасьледуюць на радзіме?
Пасьля ўцёкаў з Кіргізстану экс-прэзыдэнт гэтай краіны Курманбек Бакіеў быў завочна асуджаны на 24 гады зьняволеньня за спрычыненасьць да сьмерці 84 чалавек, якія загінулі падчас «дыннай рэвалюцыі» — масавых пратэстаў супроць улады Бакіева ў 2010 годзе. Кіргізстан патрабуе выдачы ня толькі Курманбека Бакіева, але і ягонага сына Максіма. Былі зьвесткі, што Максім Бакіеў атабарыўся ў Лёндане.
Другі сын Курманбека Бакіева Марат, які да рэвалюцыі займаў пасаду памочніка старшыні Камітэту нацыянальнай бясьпекі, як і ягоны бацька, стала жыве ў Беларусі ды займаецца бізнэсам. Паводле naviny.by, сямʼя Бакіевых мае долю ў Беларускай нацыянальнай біятэхналягічнай карпарацыі, якая разам зь дзяржаўнымі прадпрыемствамі засвойвае кітайскі льготны крэдыт ў 626 мільёнаў даляраў — будуе ў Пухавіцкім раёне завод камбікорму.
Дзе цяпер жыве экс-прэзыдэнт Курманбек Бакіеў?
Пасьля прыезду ў 2010 годзе ў Менск Курманбек Бакіеў жыў у Драздах, пра што пазьней сам апавядаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ты яшчэ жывы? Камароў ня дужа баісься? Калі не, прыяжджай». Як запрашалі ў Беларусь экс-прэзыдэнта Кіргізстану«Цяпер у Драздах жывем у рэзыдэнцыі, плацім за ўсе камунальныя паслугі, ваду, сьвятло, на шыі ў беларускай дзяржавы не сядзім, за дармаедзтва таксама ня плацім — жонка працуе», — казаў уцякач.
Другая жонка Бакіева Назгуль Талмушава нейкі час працавала дырэктарам гатэлю «Менск», які належыць кіраўніцтву справаў Лукашэнкі, але потым звольнілася.
У 2017 годзе стала вядома, што Курманбек Бакіеў ужо 5 гадоў як будуе катэдж непадалёк ад «Менск-арэны» на Мястраўскай вуліцы, якую ў народзе празвалі вуліцай банкіраў. Яму было вылучана 15 сотак. Будаўнічыя працы на катэджы даўно скончыліся, але, паводле зьвестак журналіста Аляксандра Ярашэвіча, «дом дагэтуль не аформлены ў афіцыйным рэгістры і таму незразумела, каму ён належыць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бакіеў пра сяброўства з Лукашэнкам, страчаную маёмасьць, прысуды і вайсковыя базы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 15 сотак элітнай зямлі, якую Лукашэнка перадаў Дэпардзьё, стаяць пустыя ФОТА