Усяго за няпоўны 2019 год махляры скралі каля 6,1 мільёна беларускіх рублёў з картак беларусаў.
Колькасьць крадзяжоў з банкаўскіх карт беларусаў у студзені — лістападзе 2019 году вырасла больш чым удвая ў параўнаньні з такім жа пэрыядам 2018 году, паведамляе Сьледчы камітэт Беларусі (СК).
Паводле СК, на 24 лістапада ў Беларусі зафіксаваныя 6372 крадзяжы грошай з банкаўскіх картак з выкарыстаньнем кампутарнай тэхнікі. Гэта рост на 111%, або больш чым удвая з параўнаньні са студзенем —лістападам 2018 году.
Сёлета ахвярамі крадзяжоў з банкаўскіх картак стаў 5991 чалавек. Як адзначаюць у СК, гэта параўнальна з насельніцтвам такіх беларускіх гарадоў, як Давыд-Гарадок ці Радашкавічы.
Часьцей за іншых (33,1% ад агульнай колькасьці) пацярпелымі ад кібэр-махляроў становяцца маладыя людзі 20—29 гадоў, якія праводзяць значную частку свайго жыцьця онлайн, адзначаюць у СК.
Усяго сёлета махляры скралі каля 6,1 мільёна беларускіх рублёў з картак беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нацбанк папярэдзіў пра махлярства з банкаўскімі карткаміЯк ня стаць ахвярай крадзяжу
У СК раяць грамадзянам:
- усталёўваць антывірус на прылады, якія маюць выхад у інтэрнэт, і своечасова яго абнаўляць,
- карыстацца апэрацыйнай сыстэмай з усталяванымі абнаўленьнямі бясьпекі, своечасова абнаўляць іншае праграмнае забесьпячэньне;
- пры выкарыстаньні вядомых сайтаў зьвяртаць увагу на іх выгляд (каб пераканацца, што гэта не падробленая копія сайту),
- уводзіць асабістую інфармацыю толькі на вэб-сайтах, якія працуюць з выкарыстаньнем абароненых пратаколаў (звычайна ў браўзэры побач з адрасам такога сайту ёсьць выява замочка на зялёным фоне);
- не ўжываць аднолькавыя лагіны і паролі на розных сайтах;
- не ўжываць паролі занадта простыя альбо пра якія можна лёгка здагадацца (даты нараджэньня, нумары тэлефонаў і г. д.);
- наколькі мага выкарыстоўваць двухфактарную аўтэнтыфікацыю (акрамя лагіну і паролю, уводзіцца часовы код, прысланы на мабільны тэлефон у выглядзе SMS альбо push-паведамленьня);
- сьцерагчыся нечаканых або незвычайных электронных паведамленьняў, нават калі адпраўнік вам знаёмы, не адкрываць падазроных спасылак і пад.,
- абачліва ставіцца да лістоў, дзе пытаюцца зьвестак пра рахункі, ніколі не адпраўляць фінансавую інфармацыю неабароненымі інтэрнэт-каналамі;
- калі знаёмыя пісьмова просяць вас перавесьці ім грошы і падобнае — праверыць, ці сапраўды вам піша знаёмы (яго акаўнт не ўзламалі, ён ня фэйкавы і г. д.) — пазваніць і спытаць ці сустрэцца асабіста;
- плоцячы праз інтэрнэт банкаўскай карткай, ужываць тэхналёгіі 3-D Secure ці інтэрнэт-пароль для дадатковай бясьпекі сплатаў,
- нікому не паведамляць коды пацьверджаньня банкаўскіх апэрацыяў, якія прыходзяць ад банкаў як SMS.