Актывісты абураныя, што экспэртаў і грамадзкасьць не пусьцілі на завод, калі яго наведвалі старшыня гарвыканкаму Аляксандр Рагачук, зь дзяржаўнымі СМІ і прадстаўніком адміністрацыі СЭЗ «Брэст», паведамляе БелаПАН.
ТАА «АйПауэр» выключыла са сьпісу актывістаў Дзьмітрыя Бекалюка і Дзям’яна Лепясевіча за тое, што яны нібыта зьяўляюцца адказчыкамі ў судовым разборы аб абароне дзелавой рэпутацыі «АйПауэр». Актывісты лічаць, што спэцыялістаў не пусьцілі сьвядома, паколькі заводу «ёсьць што хаваць».
Міліцыя праз мэгафон папярэджвала сабраных аб адказнасьці за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі.
Па словах Бекалюка, яны хацелі паглядзець, што рэальна адбываецца на прадпрыемстве. Яны лічаць, што пасьля распараджэньня аб прыпыненьні будаўніцтва завода ў пачатку лета прадпрыемства ажыцьцяўляла вытворчую дзейнасьць. Таксама ён адзначыў, што ў сьпісе для наведваньня завода ад грамадзкасьці зьявіліся людзі, якіх яны не заяўлялі.
«Улічваючы, як у нас правялі парлямэнцкія выбары, у гэты сьпіс можна было б уключыць як «спэцыяліста» Марыю Васілевіч (Міс Беларусь, абраная падчас парлямэнцкіх выбараў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў), — пракамэнтаваў Бекалюк.
Ён заявіў, што кампанія супраць завода будзе працягнутая.
Пасьля сустрэчы на плошчы, якая працягвалася прыкладна да 12.40, праціўнікі будаўніцтва завода прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасьця — Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра «Беларусь».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Труціць людзей ня будзем». Кіраўнік Берасьцейскай вобласьці пра акумулятарны завод ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я на баку людзей». Лукашэнка пракамэнтаваў затрыманьні на акумулятарным заводзе