Урад Беларусі гатовы разглядаць прапановы прыватызацыі любога прадпрыемства, калі гэта пойдзе яму на карысьць і палепшыць ягоную працу, заявіў прэм'ер міністар Сяргей Румас 22 лістапада ў Лёндане на інвэстыцыйным саміце Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця для краінаў — удзельніц «Усходняга партнэрства».
Ён сказаў, што ў Беларусі рады як інвэстыцыям у праекты з нуля, так і ў прыватызацыю.
«Кіраўнік нашай дзяржавы неаднакроць казаў, што любое дзяржаўнае прадпрыемства можа быць прыватызаванае», — дадаў Румас.
Ён адзначыў, што за 10 гадоў доля дзяржаўнага сэктару скарацілася на 10% і цяпер складае 45%. А дзяржаўныя прадпрыемствы пераходзяць на сыстэму карпарацыйнага кіраваньня і ўжо канкуруюць на роўных з прыватнымі.
«У Беларусі нізкая інфляцыя, канвэртаваная валюта, ейны курс у апошнія гады стабільны. Такім чынам, макраэканамічная сытуацыя спрыяе прыходу інвэстараў», — лічыць Румас.
Самымі прывабнымі кірункамі інвэстыцый Румас назваў беларуска-кітайскі індустрыяльны парк, інфармацыйныя тэхналёгіі, сфэру паслуг, адукацыю, транспарт і мэдычны турызм.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Ды пляваць інвэстару, што ў Беларусі будзе з парлямэнтам»