Вольга Кавалькова: Я ўсур’ёз вылучаюся на прэзыдэнта, і гатовая да любых сцэнараў, нават самых жорсткіх

Сустаршыня БХД Вольга Кавалькова

Вольга Кавалькова, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, лічыць, што ідэя ня ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах толькі на руку ўладам, заяўляе, што гатовая да ўсяго, і тлумачыць, чаму беларусы павінна прагаласаваць менавіта за яе.

Сьцісла

  • Калі людзі ня змогуць абараніць свайго кандыдата — значыць, мы гэтага заслугоўваем
  • Варта запытацца ў людзей, што ім трэба, адтуль і складаць палітычную праграму.
  • Лукашэнка — такі ж чалавек, як і я. Такі ж слабы.
  • Не вылучаць адзінага кандыдата — гэта падыгрываць уладам.

— Нядаўна на адной з дыскусій, прысьвечаных тактыцы і стратэгіі дэмакратычных сілаў, вы заявілі, што гатовыя вылучыць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкія выбары. Наколькі сур’ёзнай і прадуманай была гэтая ваша заява? Ці не было гэта проста эмацыйнай рэакцыяй на тое, што, маўляў, «пакуль ніхто не бярэ на сябе сьмеласьць, дык вылучуся тады я»? Ці вы заяўлялі гэта з усёй адказнасьцю і разумеючы ўсе патэнцыйныя наступствы?

— Я ніколі не кажу таго, чаго не зьбіраюся рабіць. Мае заявы наконт патэнцыйнага вылучэньня гучалі ўжо раней, у нашай партыі. Пасьля парлямэнцкіх «выбараў» 17 лістапада я ня страціла матывацыі, а яшчэ больш жадаю зьменаў. Бо я на свае вочы пабачыла ўсе тыя фальсыфікацыі, несправядлівасьць, якая адбываецца ў краіне. У нас скралі яшчэ 4 гады, прызначыўшы стэрыльную Палату, і ў мяне яшчэ больш матывацыі дзейнічаць. І я лічу, што ў мяне ёсьць і кампэтэнцыя, і сілы змагацца за дэмакратыю ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Неабыякавыя маладзёны. Хто гэтыя людзі, якія зрабілі цікавымі нават выбары ў Палату прадстаўнікоў

— Але, акрамя кампэтэнцыі і сілаў, патрэбна таксама згодная пазыцыя многіх дэмакратычных палітыкаў. Наколькі ваша патэнцыйнае вылучэньне можа быць падтрымана ўсімі дэмакратычнымі сіламі?

— Мы будзем гэта ўсё абмяркоўваць. Было ўзгадненьне працэдуры «праймэрыз» у межах правацэнтрысцкай кааліцыі. Але цяпер хочацца, каб гэтае кола было шырэйшае за правацэнтрысцкую кааліцыю. Каб кандыдатуры былі розныя ад розных партый і каб мы ўзгаднілі тую працэдуру, паводле якой адзіны кандыдат будзе абраны. Бо відавочна, што калі мы разам, то наша змаганьне больш эфэктыўнае.

Парлямэнцкія выбары, асноўны дзень галасаваньня, яўка, выбарчы ўчасткак, 17 лістапада, галасаваньне, участак дзе галасуе Лукашэнка

— Але ў гэтым змаганьні давядзецца перамагаць ня толькі канкурэнтаў з дэмакратычнага лягера, а і тых людзей (таксама з дэмакратычнага поля), якія цяпер заяўляюць, што ня трэба апазыцыі вылучаць свайго кандыдата. Некаторыя ўжо называюць здраднікамі тых, хто пойдзе на прэзыдэнцкія выбары. Што б вы адказалі на гэтыя аргумэнты?

— Давайце сядзець дома на канапах і чакаць, калі за нас нехта нешта зробіць. У мяне няма думкі, што такім спосабам можна нешта ў краіне зьмяніць. Калі б тыя палітыкі, якія змагаюцца за дэмакратыю, сказалі «мы стаміліся і нічога рабіць больш ня будзем» — то мы б ужо жылі як у Паўночнай Карэі. Не было б нават тых мінімальных свабодаў, якія яшчэ ёсьць у Беларусі.

Таму мне хочацца, каб людзі, якія так заяўляюць, далучыліся да дэмакратычнай працэдуры, выказалі сваю думку і актыўна паўдзельнічалі ў тым, каб рэальна нейкія зьмены былі.

Я лічу, што калі не вылучаць кандыдатуру на выбарах, то апазыцыя губляе нашмат болей. Мы ня зможам паказаць, што ёсьць альтэрнатыва, знайсьці прыхільнікаў для гэтай кандыдатуры. І гэта акурат на карысьць уладам. Мне здаецца, якраз тут падыгрываньне ўладам, а не вылучэньне адзінага кандыдата. Бо людзі хочуць пераменаў і хочуць бачыць альтэрнатыву, тых людзей, якія не баяцца і гатовыя змагацца за будучыню.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Назіральнікі выходзілі з участкаў і плакалі ад бясьсільля». Тры экс-кандыдаткі пра ўдзел у кампаніі

Калі нікога не вылучаць, то можна сесьці і сказаць — яшчэ 5 гадоў жыцьця мы згубілі. За гэтыя 5 гадоў колькі яшчэ людзей зьедзе з нашай краіны, бо яны ня будуць бачыць ніякай пэрспэктывы.

— Але вы ж разумееце, што чыста электаральным шляхам гэтую ўладу не прымусіш сысьці. Нават калі рэальны вынік будзе самы лепшы для апазыцыйнага кандыдата, выбарчыя камісіі пакажуць вынік зусім іншы. Так што прэзыдэнцкія выбары — гэта як варыянт дабіцца зьмены ўлады іншымі шляхамі, у тым ліку пратэстамі. Вы разумееце, што такі шлях будзе вельмі верагодны, вы гатовыя да яго?

— Усе шляхі трэба абмяркоўваць і быць гатовымі. Мы павінны быць гатовыя, каб не паўтарыўся сцэнар 2010 году. Для гэтага апазыцыя павінна быць больш адказнай і думаць у тым ліку на крок наперад.

Я раблю выснову, што шляхам змаганьня толькі за працэдуру сумленных выбараў мы ня зможам узяць уладу. Пачынаючы ад фармаваньня камісій — ніхто ня будзе лічыць галасы выбарцаў. Таму трэба сядаць і шукаць тэхналёгію, ставіць мэту, чаго мы хочам гэтымі выбарамі дамагчыся. І з гэтага выбудоўваць сваю агульную стратэгію.

— Калі ўжо ўзгадваць розныя выбары, то быў ня толькі 2010, але і 2015 год, калі, на думку многіх, былі «ганебныя» для апазыцыі выбары. Кандыдат ня быў адзіным, сур’ёзнай пагрозы для Лукашэнкі не было, пра Плошчу ніхто не казаў. Вы і ўся апазыцыя гатовыя даць сур’ёзны бой Лукашэнку? Ці проста трэба паўдзельнічаць, калі ёсьць выбары?

— Я ўпэўненая, што апазыцыя цяпер гатовая. Сапраўды, 2015 год — гэта была памылка, і я як палітык яе прызнаю. У 2020 годзе нам трэба зрабіць высновы і дзейнічаць адзіным фронтам. Я лічу, што кандыдатур, людзей, якія могуць прадстаўляць апазыцыю на досыць высокім узроўні, — дастаткова. І я сябе да іх адношу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Няма патрэбы гуляць у дэмакратыю з Захадам. 9 высноваў пасьля «выбараў»

Я ўпэўненая, што выбары-2020 павінны быць больш асэнсаваныя і эфэктыўныя для той дэмакратычнай супольнасьці, якая хоча пераменаў. Я хачу ў Беларусі жыць. І дзеля гэтага кожны мой крок — каб ня зьехаць і не згубіць краіну.

— Парлямэнцкая кампанія паказала, што ўлада завяршыла свой паварот ад умоўнай «лібэралізацыі» да больш жорсткага сцэнару. І мы пакуль ня ведаем, наколькі гэта можа праявіцца ў 2020 годзе. Магчыма, улада можа вярнуцца нават да сцэнараў зьняволеньня апазыцыйных кандыдатаў. Вы як чалавек, які заяўляе, што можа стаць кандыдатам, — гатовыя да такога?

— Калі я кажу, што гатовая — значыць, я гатовая, я з адказнасьцю прымаю такія рашэньні. Але мне хочацца, каб грамадзтва, якое выступае за зьмены, адстойвала сваіх кандыдатаў. Вольга Кавалькова ж змагаецца не за жыцьцё для сябе — мне хочацца, каб наша краіна жыла лепш.

І мне падаецца, што людзі змогуць абараніць тых кандыдатаў, якія выступаюць за перамены. Калі яны ня змогуць гэтага зрабіць — то, напэўна, мы ўсе тады заслугоўваем таго, што ёсьць у краіне. І ня трэба тады казаць, што хтосьці недастаткова змагаецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улада грамадзтву: «Я начальнік — ты дурань; мне ўсё, табе нічога»

Напэўна, мой плюс, што ў мяне няма дзяцей (хоць для мяне асабіста гэта мінус), празь якіх можна чыніць на мяне дадатковы ціск. Але ёсьць сям’я і сябры, якія ня так абароненыя, калі штосьці ў гэтым кірунку будзе.

Але іншыя кандыдаты, у тым ліку Аляксандар Лукашэнка, тут нічым не адрозьніваюцца. Мы такія ж грамадзяне краіны, мы плацім падаткі, фінансуем з падаткаў усю дзяржаўную сыстэму.

І я не баюся, у тым ліку таго кандыдата, які адчувае сябе мацнейшым. Ён такі ж чалавек, як і я. Такі ж слабы.

— Калі вы будзеце вылучаныя ад шырокай кааліцыі, то такі кандыдат міжволі становіцца даволі абмежаваным у сваіх выказваньнях, бо розныя партыі, якія яго вылучылі, маюць розныя ідэалёгіі. Ці, па-вашаму, на гэтых выбарах ідэйная праграма будзе не настолькі важная?

— Мая думка, што трэба запытацца ў людзей, што ім трэба. У нас у апазыцыі ёсьць розныя ідэалёгіі і розныя пункты гледжаньня наконт таго, як будаваць эканоміку і іншыя сфэры. Але сёньня апазыцыя павінна аб’яднацца вакол чалавека, які будзе казаць пра праблемы людзей. Сёньня людзей хвалюе, што ўлада ўтрымліваецца ў руках аднаго чалавека і гэта не дае магчымасьці разьвівацца іншым сфэрам.

Я гатовая да таго, што будуць нейкія рамкі і ўмовы. І кожны кандыдат на «адзінага» будзе дзейнічаць у пэўных рамках. Гэта магчыма, калі будзе агульная згода і разуменьне, што мы павінны аб’яднацца вакол чалавека, які можа дамагчыся зьмены правілаў выбараў. І тады я думаю, што на выбарах і ў парлямэнт, і ў мясцовыя саветы пройдуць людзі, якія адстойваюць розныя ідэалёгіі.

— Чым вы лепшая за астатнія мільёны беларусаў, чаму вы вылучаецеся ў прэзыдэнты? Чаму людзі павінны прагаласаваць менавіта за вас?

— Я маю юрыдычную і эканамічную адукацыю. Я працавала ў дзяржаўным сэктары, ведаю, як працуе дзяржаўная ўлада ўнутры сыстэмы. Я працавала ў прыватным сэктары, у будаўніцтве, ведаю і гэтую сфэру. Я 7 гадоў належу да дэмакратычнай партыі і зьяўляюся адным зь яе лідэраў. Нясу каштоўнасную ідэалёгію ў наша грамадзтва — ідэалёгію хрысьціянскай дэмакратыі. Я праваслаўная верніца, і праз прызму веры ўспрымаю палітыку, якая павінна быць у Беларусі.

Мы, нават ня маючы ніякай улады і будучы апазыцыйнымі палітыкамі, шмат зрабілі для таго, каб былі зьмененыя пэўныя законы. Мы дамагліся зьменаў у законы аб ахове здароўя, аб рэкляме, мы дамагліся ўсе разам, што быў зьменены «дэкрэт аб дармаедах».

Я адчуваю ў сабе сілы, каб нават пасьля такога пляўка, які быў на парлямэнцкіх выбарах, працягваць дабівацца зьменаў і разумець, што трэба аб’ядноўвацца, каб паказаць альтэрнатыву на выбарах у 2020 годзе.