«Ён мяне біў галавой аб сьцяну». Мужчына зьдзекаваўся з жонкі, а потым зьнік з малым сынам

Маці амаль месяц ня ведае, куды былы муж зьвёз сына

Гарадзенец забраў пяцігадовага сына Міхаэля з садку і зьехаў зь ім. Амаль месяц іх ня могуць знайсьці. Маці хлопчыка ўпершыню расказала, за што былы муж мог ёй помсьціць.

Раней хацеў скрасьці старэйшага сына

Тата і сын таямніча зьніклі 28 кастрычніка. Бацька прыйшоў па дзіця ў садок не ў пару, аб 11 гадзіне дня. Больш іх ня бачылі. Дваццаць пяць дзён маці ня ведае, дзе сын, як сябе адчувае, ці паеў ён.


Маці зьніклага хлопчыка Людміла Якімчык расказала гісторыю сваёй сямʼі.

Людміла Якімчык

Людміла і Вітальд былі жанатыя пяць гадоў. Летась у красавіку яны разьвяліся. Людміле 30 гадоў, Вітальду — 44. Яна працуе выкладчыкам у горадзенскім каледжы. Ён гандляваў на рынку, браўся за розныя падпрацоўкі.

У Вітальда ад першага шлюбу застаўся старэйшы сын Д., на 5 гадоў старэйшы за Міхаэля.

«Я бачыла, як яны „рвалі сына на часткі“ зь першай жонкай», — узгадвае Людміла.

Толькі праз суд былыя сужэнцы здолелі дамовіцца, пры якіх умовах бацька будзе наведваць Д. Людміла памятае, як на самым пачатку іх адносін Вітальд хацеў скрасьці старэйшага сына і зьехаць разам зь ім. Ён прасіў Людмілу дапамагчы ў гэтым, аднак яна не пагадзілася.

Тата з маленькім Мішам

Неўзабаве ў пары нарадзіўся Міхаэль, або проста Міша, і такія размовы спыніліся.

Пачаў раўнаваць да калег і студэнтаў

Праблемы пачаліся, калі Мішу споўнілася 3 гады. Людміла выйшла на працу ў каледж празь фінансавыя цяжкасьці ў сямʼі. Муж пачаў раўнаваць яе да калег і студэнтаў.

«Ён мог прыйсьці пасярод заняткаў, адчыніць дзьверы ў кабінэт і глядзець, што я раблю. Я яму казала: „Праходзь, будзем разам задачы рашаць“», — расказвае жанчына, як яна спрабавала залагоджваць канфлікты.

Муж пачаў раўнаваць да калег і студэнтаў, кажа Людміла.

Вітальд настойваў, каб яна сышла з працы. Дамагаўся свайго празь ціск: уключаў ноччу сьвятло і музыку, каб жонка з сынам не маглі спаць.

Летась увосень, калі ў Вітальда ня стала працы, у яго «сарвала дах», кажа Людміла. Ён пачаў прыніжаць яе, казаў, што яна нічога ня вартая, ня здолее безь яго жыць.

Нечакана — падняў на яе руку. Потым прасіў прабачэньня на каленях. Спачатку жанчына не заяўляла ў міліцыю, бо баялася, што муж адпомсьціць.

«Ён папярэджваў, што калі нехта даведаецца, то я моцна пашкадую і ня ўбачу больш Мішы», — пераказвае словы былога мужа суразмоўніца.

Праз рэўнасьць муж пачаў біць Людмілу

Выпадкі гвалту паўтараліся. Пасьля чарговага моцнага зьбіцьця Людміла трапіла ў шпіталь са страсеньнем мозгу. Ейныя бацькі ў гэты час папрасілі Вітальда зьехаць з кватэры. Дагэтуль сямʼя жыла ў кватэры бацькоў Людмілы.

Людміла зьвярнулася да псыхоляга — спэцыялісткі, якая дапамагае жанчынам у сытуацыі хатняга гвалту. Пазьней падала на развод. Празь некалькі месяцаў пара разьвялася.

У Вітальда пачаліся праблемы з сэрцам

У гэты час у Вітальда пачаліся сурʼёзныя праблемы з сэрцам, ён ня раз трапляў у шпіталь. Людміла кажа, што шкадавала былога мужа, рэгулярна яго наведвала, гатавала яму хатнюю ежу, прывозіла сына, каб убачыўся з татам. Муж часта парушаў рэжым, мог сысьці са шпіталя, не застацца там на ноч, не прымаць прызначаныя лекі.

Вітальд зь Міхаэлем

Потым, ужо з дому, мужчына ня раз званіў Людміле па начах, скардзіўся на стан здароўя, казаў, што можа неўзабаве памерці. Былі выпадкі, калі праз тэлефон прасіў прыехаць разьвітацца зь ім, нібыта ён памірае.

У нейкі момант Людміла пачала разумець, што былы муж ёю маніпулюе, і перастала яго шкадаваць. Вітальд пачаў перасьледаваць жанчыну, сачыць за ёй, зьяўляўся ў месцах, дзе яна працуе або жыве. Студэнты ведалі, што былы муж можа пакрыўдзіць выкладчыцу, і не пакідалі іх адных, калі той прыходзіў у каледж.

У міліцыі зь ім праводзілі гутаркі, а ён тлумачыў свае паводзіны тым, што кахае.

Дагэтуль Вітальда аднойчы аштрафавалі на 10 базавых велічынь за тое, што зрабіў скандал з жонкай на вуліцы.

Па словах жанчыны, Вітальд прадаў кватэру і машыну, якія сужэнцы набывалі разам, грошы забраў сабе. Частку грошай, якая належала Людміле, абяцаў вярнуць. Жонку, якая магла быць супраць продажу, пры гэтым запужваў тым, што яна ня ўбачыць сына, што ейныя бацькі не пражывуць доўга.

Людміла падала заяву аб гвалце

Пасьля летняй рэабілітацыі сардэчнай сыстэмы ў шпіталі Вітальду зрабілася лепш, ён менш дакучаў былой жонцы.

Праўда, жанчына ўрэшце наважылася падаць заяву ў міліцыю аб тым, што муж яе біў, і не пагаджалася забіраць заяву і ісьці на замірэньне. Пасьля чарговай перадсудовай размовы Вітальд сказаў, што больш ня будзе хадзіць у суд.

У канцы кастрычніка гарадзенка даведалася, што былы муж атрымаў ІІ групу інваліднасьці і стаіць у чарзе на трансплянтацыю сэрца.

Раней у іх была паміж сабой дамоўленасьць, што двойчы на тыдзень тата забірае сына з садку і пасьля гуляе зь ім. З прычыны стану здароўя Вітальда Людміла пачала баяцца пакідаць сына з татам. Вырашылі забіраць сына разам. Але 28 кастрычніка Вітальд зайшоў па Мішу адзін, раней за дамоўлены час, і больш не адказваў на тэлефанаваньні.

Вядома, што перад зьнікненьнем Вітальд прадаў сваю кватэру, забраў асабістыя рэчы.

У міліцыю жанчына зьвярнулася толькі ўвечары, бо ня думала, што былы муж можа зьехаць з сынам.

Спадзяецца, што тата не пакрыўдзіць сына

Людміла мяркуе, што Вітальд забраў дзіця, каб ёй адпомсьціць за тое, што яна перастала яму падпарадкоўвацца, што падала на яго пазоў у суд за гвалт. Такім чынам, яна думае, муж хацеў зрабіць ёй балюча.

Калі Міша зьнік, Людміла напісала заяву, што ня мае прэтэнзій да мужа наконт гвалту і гатовая прымірыцца. Аддала сястры Вітальда ягоную расьпіску, што ён забраў усе грошы ад продажу сумесных кватэры і машыны, то бок сьцьвердзіла, што не прэтэндуе больш на частку грошай, якія ёй належалі. Спадзявалася, што пасьля гэтага Вітальд вернецца. Аднак гэта не падзейнічала. Цяпер яна ня ведае, што трэба зрабіць, каб сын вярнуўся.

Вітальд зь Мішам. Бацькі стараліся не сварыцца на вачах у сына

Людміла кажа, што Міша не баяўся таты, у іх былі добрыя адносіны. Вітальд падкупляў сына — набываў яму цацкі. Бацькі стараліся не сварыцца на вачах у дзіцяці.

Дзе цяпер Міша з татам, ніхто ня ведае. Іх шукае беларуская міліцыя, дапамагаюць расейскія калегі, задзейнічаныя беларускія і расейскія пошукавыя атрады. Правяраецца вэрсія, што яны могуць быць у Расеі. Аднак дакладнай інфармацыі ў маці няма. Хутчэй за ўсё, у «больш далёкае» замежжа яны ня выехалі, бо Мішаў пашпарт застаўся ў Людмілы.

Налета Мішу трэба ісьці ў школу

Людміла кажа, што Вітальд марыў жыць у цёплай краіне, таму дапускае, што яны маглі накіравацца на поўдзень Расеі.

Яна перажывае, што дзіця знаходзіцца зь цяжка хворым татам, якому можа раптам стаць блага. Да таго ж Вітальд ніколі не займаўся побытавымі справамі, ня ўмее гатаваць, прыбіраць, праць і прасаваць рэчы. Маці перажывае, чым сын харчуецца, ці не захварэў ён у халодны сэзон.

Але, на думку Людмілы, бацька ня ў стане наўмысна пакрыўдзіць сына. Яна спадзяецца, што Міша гэты час успрыме як прыгодніцкае падарожжа.

Маці спадзяецца, што сын неўзабаве вернецца

Яна думае, што паміж маці і дзіцем існуе моцная псыхалягічная сувязь. Таму нават на адлегласьці стараецца заставацца ў добрым настроі. Пасьля першапачатковага шоку зноў пачала весьці нармальны лад жыцьця, адпачываць. Ня брала адпачынак, ходзіць на працу, каб не хвалявацца ўвесь час дома. Пачала хадзіць у царкву і стала верыць у цуд.

Заведзеная крымінальная справа

Па факце зьнікненьня Вітальда і Міхаэля Якімчыкаў Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу 7 лістапада.

«Праводзіцца аналіз атрыманай інфармацыі, арганізаваныя далейшыя пошукавыя, апэратыўна-вышуковыя і сьледчыя дзеяньні, накіраваныя на вызначэньне месцазнаходжаньня асобаў у пошуку», — паведамляецца ў Telegram-канале Сьледчага камітэту Беларусі.

Людміла патлумачыла, што калі бацьку з сынам знойдуць, Вітальд не панясе крымінальнай адказнасьці, бо ён ня скраў дзіця, ён не пазбаўлены бацькоўскіх правоў.

Па інфармацыі каардынатара гарадзкога пошуку ў пошукавым атрадзе «ЦэнтарСпас» Яўгена Тышчанкі, дакладнае месцазнаходжаньне Якімчыкаў невядомае. Мяркуецца, што яны, хутчэй за ўсё, у Расеі, аднак у гэтым няма стопрацэнтнай упэўненасьці. Да пошуку падключыліся расейская міліцыя, расейкія пошукавыя атрады, працуюць беларускія пашукавікі.

Тышчанка кажа, што ў Беларусі досыць часта здараюцца выпадкі, калі дзяцей вывозіць адзін з бацькоў. Ва ўсіх выпадках, да якіх мелі дачыненьне пошукавыя атрады, такіх дзяцей знаходзілі.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яму далі 24 гадзіны на зборы». Ці вернецца «бацюшка са свастыкай» у царкву ў Гатаве
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бывае, накрычыць або шлёпне». Што вядома пра бацьку, які да сьмерці зьбіў сваю малую дачку. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 4,5 тысячы хатніх скандалістаў сёлета прымусова адселеныя ад сям’і