Адкрылі доступ у віленскую турму, дзе перад сьмерцю трымалі паўстанцаў Каліноўскага. ФОТА

Былую турму для палітычных вязьняў у Вільні, дзе расейскія ўлады ўтрымлівалі асуджаных на сьмерць паўстанцаў 1863–64 гадоў, 21 лістапада адкрылі для наведнікаў. Тут пачала працу выстава «Абуджэньне. Гісторыя паўстанцаў, знойдзеных на гары Гедзіміна». Адрас — вуліца Касьцюшкі, 1 (Kosciuškos gatvė, 1).

Больш за паўтара стагодзьдзя будынак пад Замкавай гарой выкарыстоўваўся паводле прызначэньня. У часы першай усясьветнай вайны тут была турма для палонных, за савецкім часам — гаўпвахта віленскага гарнізону, пазьней — паліцэйскі арыштны дом. Толькі сёлета ў ліпені яго пастаяльцаў вывелі ў іншыя пэнітэнцыярныя ўстановы краіны.

Помнік паўстанцам у двары былой турмы

Прывіды паўстанцаў у турэмных камэрах

Рашэньне прысьпешыла гістарычная знаходка на колішняй Замкавай гары (у навейшы час перайменаванай у Гедзімінаву). У 2016-м тут двойчы здарыўся апоўзень, а на пачатку наступнага году археолягі знайшлі на яго месцы парэшткі 21 чалавека, у тым ліку кіраўнікоў народных выступаў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.

Каб пабачыць карціну, трэба паглядзець у акенца дзьвярэй камэры

Восем зь іх чакалі сьмяротнай кары менавіта ў гэтай турме: Караль Тэафіл Сіповіч, Ян Марчэўскі, Эдвард Чаплінскі, Баляслаў Калышка, Альбэрт Вандалін Лясковіч, Юльян Лясьнеўскі, Генрык Макавецкі, Уладзіслаў Нікаляі (псэўданім, сапраўднае прозьвішча Вярнішын).

Зразумела, за прамінулы час антураж моцна зьмяніўся — кафляная плітка, жалезныя лесьвіцы, электрычнасьць у камэрах. Аднак дух старой вязьніцы адчуваецца дагэтуль — арачныя скляпеньні, высокія столі, гулкае рэха.

У некаторых «боксах» аднавілі інтэр’еры, у якіх працавалі царскія сьледчыя: стол на гнутых ножках зь зялёным сукном, масіўнае крэсла-трон, катавальня. На нарах на трох мовах (літоўскай, польскай і беларускай) напісаныя прозьвішчы 21 героя паўстаньня, вышэй — іх фатаздымкі.


На калідорныя сьцены выводзіцца анімацыйная 3D-праекцыя з хронікай тагачасных падзеяў. Расейскія канваіры вядуць на расстрэл ці эшафот палонных, выкананьне прысуду... Сьледам чорна-белыя выявы парэшткаў: са зьвязанымі рукамі, зь пераламанымі касьцьмі і чарапамі. Тут жа ў нішах асабістыя рэчы, знойдзеныя падчас раскопаў.


Праз паўтара стагодзьдзя іх парэшткі знойдуць спачын у капліцы на старых віленскіх могілках Росы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перапахаваньне Каліноўскага 22 лістапада. Глядзіце трансьляцыю Свабоды зь Вільні

Занядбаныя кельлі сяброў Каліноўскага

Расейскія ўлады ператварылі ў турму і Дамініканскі кляштар. Менавіта адсюль 22 сакавіка 1864 году павялі на эшафот Кастуся Каліноўскага. У гэтых сьценах былі напісаныя ягоныя легендарныя «Лісты з-пад шыбеніцы». Цяпер на муры вісіць мэмарыяльная дошка пра кіраўніка паўстаньня.

Трапіць у колішні манастырскі двор немагчыма — цяжкія дзьверы зачыненыя на замок. Большая частка будынка занядбаная: муры асыпаюцца, аконныя праёмы забітыя. Празь дзіркі ў фанэрных лістах усярэдзіне відаць размаляваныя сьцены і сьмецьце. Захаваліся хіба толькі аўтэнтычныя аркі і лесьвіцы .

Раней літоўскія ўлады плянавалі аднавіць будынак, аднак пакуль што не знайшлі інвэстара.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 адрасоў паўстанцаў Каліноўскага, якія варта наведаць у Вільні
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Магілы вядомых беларусаў на віленскіх Росах, дзе пахаваюць Каліноўскага
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вільня ці Вільнюс? Ці карэктна называць горад традыцыйным беларускім імем
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пароль, які немагчыма ўзламаць ніякімі хакерскімі атакамі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі