Амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка назваў колькасьць узгодненых дарожных мапаў па «паглыбленьні інтэграцыі» ў так званай «саюзнай дзяржаве» Беларусі і Расеі.
Сямашка, як перадае БелТА, заявіў, што на раніцу 19 лістапада, да перамоваў прэм’ер-міністраў Беларусі і Расеі, былі зацьверджаныя 16 такіх дакумэнтаў з плянамі інтэграцыі, а падчас сустрэчы Сяргей Румас і Дзьмітры Мядзьведзеў зацьвердзілі яшчэ пяць і «далі даручэньне міністрам, каб яны да канца бягучага тыдня паклалі гэтыя ўзгодненыя дарожныя мапы на стол». Агулам плянавалася падпісаць 31 дарожную мапу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інтэграцыйны туман. Пра што (не)дамовіліся Румас і МядзьведзеўАле, дадаў Сямашка, застаюцца няўзгодненымі пытаньні энэргетыкі, доступу на рынкі, мытнага і падатковага заканадаўства — паводле яго, гэта «прынцыповыя, сыстэмаўтваральныя пытаньні».
Амбасадар заявіў, што верыць: яны ў рэшце рэшт будуць вырашаныя. У беларуска-расейскіх стасунках, нагадаў ён, ужо бывалі гарачыя спрэчкі, але «разважлівасьць перамагала».
Падпісаньне ключавых дакумэнтаў плянуецца на асабістай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў — Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна. Мяркуецца, што гэтая сустрэча пройдзе на пачатку сьнежня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка расчараваны Расеяй: «На храна патрэбен такі саюз?» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На храна»? Пра што 11 месяцаў ня могуць дамовіцца Менск і Масква***
Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі», як прызнаў беларускі бок, няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
У канцы 2018 году расейскі прэм’ер Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
Беларусь не адмовілася ад «паглыбленьня інтэграцыі», але выкананьне ўмоваў «ультыматуму Мядзьведзева» не анансавалася. Самі дамовы яшчэ не падпісаныя — плянуецца, што праграму інтэграцыі кіраўнікі Беларусі і Расеі падпішуць у сьнежні.
Расея ж настойвае, што падатковы манэўр — гэта ейнае «сувэрэннае права», а патрабаваньне кампэнсацыі некарэктнае. Акрамя таго, Беларусь усё яшчэ чакае ад Расеі кампэнсацыі за брудную нафту, а расейскі бок не пагаджаецца зь беларускімі разьлікамі ўчыненай шкоды.