Супадзеньне хутчэй за ўсё выпадковае, але сымбалічнае: на наступны дзень пасьля завяршэньня парлямэнцкіх выбараў Эўразьвяз зацьвердзіў рашэньне аб падпісаньні візавай дамовы з Беларусьсю. Гэта не апошняя кропка ў працэсе зьніжэньня цэнаў на шэнген, але перадапошняя.
Наўрад ці ў Брусэлі так адмыслова падгадалі, сьвядома наладзілі такую дэманстрацыю таго, што вынікі выбараў у Беларусі ня надта ўплываюць на адносіны з ЭЗ. Ясна, што ў бюракратыі свае тэрміны і працэдуры падрыхтоўкі дакумэнтаў. Але так атрымалася. 4 гады таму вынікі выбараў мелі значэньне, магчыма, ужо ў наступным годзе ізноў будуць мець значэньне. Цяпер не мелі.
І яшчэ адзін сымбаль. Падчас кампаніі ў ФБ зьявіліся практычна ідэнтычныя фатаграфіі з выбарчых сходаў двух кандыдатаў у дэпутаты — апазыцыянэра, лідэра сацыял-дэмакратаў Ігара Барысава і праўладнага кандыдата, дыплямата Андрэя Савіных. На абодвух фота — самотны кандыдат і пустая заля.
Гэта паказчык і адносінаў народу да гэтых выбараў, да такіх выбарах, і агульны паказчык грамадзкай «тэмпэратуры». Магчыма, калі б выбары прыпалі на зіму-вясну 2017 году, калі па ўсёй краіне пракатваліся пратэсты «недармаедаў», цікавасьць да выбараў быў бы вышэй, незалежна ад іх характару. Ну а цяпер ён вось такі.
Зрэшты, яшчэ адзін сымбаль: фантастычныя лічбы праглядаў фільму блогера NEXTA пра Лукашэнку — 2 мільёны чалавек. То бок, не ўсім усё роўна. Пакуль на ўзроўні ўспрыняцьця, стаўленьня. Пакуль не на ўзроўні палітычнага дзеяньня, што паказала і акцыя, якая прайшла на заклік NEXTA ў Менску 8 лістапада.
Але 2 мільёны праглядаў — гэта паказчык таго, што спакой — вонкавы. Адсюль і беспрэцэдэнтная кампанія ціску на назіральнікаў на выбарах. Раней Аляксандр Лукашэнка назіральнікам не пагражаў карамі, а Ярмошына не заклікала пакараць назіральніка, які зафіксаваў парушэньні.
Не тое, каб улада баялася якой-небудзь канкрэтнай пагрозы. Ну якая пагроза ў тым, што людзі выдатна разумеюць характар выбараў, якая пагроза ў тым, што маса народа захацела паглядзець выкрывальнае кіно? А чым савецкай сыстэме пагражаў той чыньнік, што і Брэжнеў, і Чарненка, і камуністычная ідэалёгія не выклікалі ўжо нічога, акрамя зьдзекаў? З аднаго боку, здавалася б, і нічым. З іншага боку, шмат чым. У нейкім сэнсе і ўсім.
Але як прадухіліць гэтую пагрозу, як адрадзіць былую веру і давер уладзе? Толькі і застаецца, што ганяць назіральнікаў, разьбіваць люстэрка, у якім адлюстроўваецца маланатхняльны вобраз сыстэмы.
Акрамя гэтых агульных меркаваньняў на гэтых выбарах ва ўлады было некалькі чыста практычных матываў, па якіх, зь яе пункту гледжаньня, новы парлямэнт павінен быў быць палітычна стэрыльным.
- Інтэграцыйны наступ Масквы наўрад ці скончыцца падпісаньнем праграмы інтэграцыі 8 сьнежня.
- У наступным годзе прэзыдэнцкія выбары могуць суправаджацца нечаканасьцямі, з боку той жа Масквы ледзь ня ў першую чаргу.
- Лукашэнка на выбарчым участку паўтарыў, што ад плянаў зьмены Канстытуцыі ён не адмовіўся.
Гэтыя тры выклікі падштурхоўвалі ўладу ў фармаваньні новага парлямэнту нічога не пакідаць на самацёк. Ня трэба ініцыятыўных дэпутатаў, якія прапануюць нейкія законапраекты, задаюць пытаньні, ствараюць легітымны шум. А можа, іх нехта паслухае, а можа, іх прамовы стануць каталізатарам нейкіх нечаканых паваротаў?
Ці можна было прадбачыць, што на ўсе тры выклікі, якія не былі сакрэтам, улада дасьць адзін і той жа адказ? Зразумела, можна. Гэта выглядала вельмі імаверным. А калі так, то ці варта было ўдзельнічаць у гэтых выбарах, ці варта было вылучацца ў дэпутаты?
А хто што пры гэтым страціў? Зразумела, Беларусь страціла яшчэ адзін шанец стаць крыху больш падобнай на краіны Эўропы. Але яна страціла б яго і ў выпадку няўдзелу, гэта вызначалася і настроямі грамадзтва, і настроямі ўлады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АБСЭ: Выбары ў Беларусі не адпавядалі міжнародным стандартамНу а так прагучала некалькі сьмелых выступаў па тэлебачаньні і ў газэтах, грамадзтва ўбачыла некалькі новых асобаў, маладыя грамадзкія дзеячы заявілі пра свае амбіцыі і пра сваё бачаньне будучыні краіны. Палітычныя структуры нагадалі аб сваім існаваньні, скарысталіся магчымасьцю правесьці некалькі публічных акцый, за якія не давялося плаціць вялікія грошы міліцыі і гарадзкім службам. Тыя ж канфлікты з назіральнікамі — сьведчаньне таго, што не ўсе ўпалі ў апатыю.
Няшмат, прама скажам. Але варта прыгадаць, што тыя ж пратэсты 2017 году ня спарадзілі новай генэрацыі лідэраў, людзі ішлі за тымі актывістамі, лідэрамі, якія былі вядомыя ў сваіх гарадах і раней. Вядомымі людзей робяць і выбары ў тым ліку.
Аляксандр Лукашэнка многае памятае. Памятае, несумненна, эпоху Гарбачова, магчыма, перасьцерагаецца, што нават невялікія паслабленьні могуць выклікаць лявіну. Але ў яго ёсьць і вопыт жыцьця пры Брэжневе. Новыя ідэі, сэнсы прыходзяць тады, калі паміраюць старыя, калі ў грамадзтве пануе цынізм. Выбары 2019 году вельмі гэтаму паспрыялі.
Перадрук з парталу TUT.BY