Горадзенскія адрасы паўстанцаў Каліноўскага. МАПА

Шыльда ў гонар Кастуся Каліноўскага на вуліцы Каліноўскага ў горадзе Сьвіслач на Горадзеншчыне

Горадня была адным з важных цэнтраў паўстаньня 1863–1864 гадоў. У гэтым беларускім горадзе, мабыць, захавалася найбольш будынкаў, якія памятаюць Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў. І сутыкненьняў з расейскімі войскамі найбольш было на Горадзеншчыне.

Упершыню беларускія адрасы паўстаньня 1863–1864 гадоў сабралі ў адным даведніку на 150-я ўгодкі гэтай падзеі. Буклет «Шляхамі паўстаньня 1863» паўстаў дзякуючы руху «За свабоду» ў межах кампаніі «Год Каліноўскага» ў 2013 годзе.

Топ-12 адрасоў Каліноўскага на Горадзеншчыне

1. Езуіцкі калегіюм

Турма № 1 у Горадні, у будынку былога езуіцкага кляштара побач з фарным касьцёлам

📍 Горадня, Кірава, 1

📜 Што там было ў часы Каліноўскага. Вязьніца. З чэрвеня 1863 па жнівень 1865 году там сядзелі толькі ўдзельнікі паўстаньня. Пастаянна там знаходзілася да 350 чалавек і штогод праходзіла да 700 перасыльных арыштантаў, якіх накіроўвалі ў іншыя турмы або на катаргу. З чэрвеня 1863 па кастрычнік 1864 году тут месьціліся, да таго ж, вайскова-судовая і сьледчая камісіі. Езуіцкі калегіюм у гэтым будынку дзейнічаў з 1625 да 1773 году.

🏠 Што там цяпер. Турма № 1, адна з трох турмаў у Беларусі.

2. Кляштар кармэлітаў

Былы кляштар кармэлітаў у Горадні

📍 Горадня, Маставая, 37

📜 Што там было ў часы Каліноўскага. Трымалі ў вязьніцы паўстанцаў. Будынак быў пашкоджаны яшчэ ў вайну з Напалеонам, больш яго так і не аднавілі. Калі кляштар расфармавалі, яго будынак у 1843 годзе дастаўся вайсковаму ведамству.

🏠 Што там цяпер. Банк. Стары кляштар урэшце зруйнавалі, а на ягоных падмурках адбудавалі новы гмах, фасад якога паўтарае абрысы кляштарнага.

3. Стары замак

Стары замак у Горадні

📍 Горадня, Замкавая, 22

📜 Што там было ў часы Каліноўскага. У 1863–1864 гадах выкарыстоўваўся як астрог для паўстанцаў. Замкавы комплекс XI стагодзьдзя быў перададзены Расейскай імпэрыі пасьля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай. Пры расейскай уладзе тут быў афіцэрскі сход, казармы, вайсковы шпіталь, склады.

🏠 Што там цяпер. Гісторыка-археалягічны музэй. Неўзабаве музэй пераедзе ў іншы будынак на час рэканструкцыі, якая ідзе ў замкавым комплексе з 2014 году.

Каралеўскі палац старога замка ў Горадні

4. Аптэка Адамовіча

Аптэка-музэй у Горадні

Унутры аптэкі-музэя ў Горадні

📍 Горадня, Савецкая плошча, 4

📜 Што там было ў часы Каліноўскага. Аптэка Адамовіча. Правізарам у аптэцы быў шляхціц Адольф Шміт. У сакавіку 1863 году ён падрыхтаваў для паўстанцаў паходную аптэку, якую захапілі расейскія войскі падчас сутычкі на горадзенскай чыгуначнай станцыі. Шміт сьцьвярджаў, што рыхтаваў лекі «па просьбе невядомай асобы», аднак яго прызналі ўдзельнікам паўстаньня і саслалі ў Томскую губэрню.

🏠 Што там цяпер. Самая старая аптэка ў Беларусі і адзіная ў краіне аптэка-музэй. Яе заснавалі езуіты ў 1709 годзе. Амаль палову мінулага стагодзьдзя яна выкарыстоўвалася пад іншыя мэты.

5. Дом Фукса

Былы дом Фукса ў Горадні

📍 Горадня, Савецкая вуліца, 7

📜 Што там было ў часы Каліноўскага. Тут на другім паверсе, у кватэры Ільдэфонса Мілевіча адбываліся сустрэчы Горадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі, якія наведваў Кастусь Каліноўскі. Тут жылі начальнік Горадзенскага павету Сільвястровіч, начальнік рэвалюцыйнага бюро Геніюш, памочнік ваяводы Адольф Талочка.

🏠 Што там цяпер. Крамы оптыкі і галянтарэі.

6. Мужчынская гімназія

Былая мужчынская гімназія ў будынку дамініканскага кляштара ў Горадні

📍 Горадня, Савецкая вуліца, 6

📜 Што там было ў часы Каліноўскага. Горадзенскія гімназісты актыўна ўдзельнічалі ў паўстаньні і рэвалюцыйным руху напярэдадні яго. На пачатку сакавіка 1863 году ня менш як 24 гімназісты ўзялі ўдзел у няўдалай выправе чыгункай з Горадні. Пасьля гэтага царскія ўлады паставілі ў гімназіі вайсковы каравул з афіцэра і дзесяці жаўнераў. У гімназіі навучаліся паўстанцы браты Баляслаў і Эразм Заблоцкія, Уладзіслаў Жалкоўскі, Зыгмунт Урублеўскі, Юзаф Руткоўскі.

🏠 Што там цяпер. Крама салодкіх ласункаў, крама мабільных тэлефонаў, салён прыгажосьці, хостэл.

7. Дом і гатэль Ромэра

Былы дом Ромэра ў Горадні

📍 Горадня, Савецкая, 23

📜 Што там было ў часы Каліноўскага. Тут Кастусь Каліноўскі сустракаўся з удзельнікамі горадзенскай паўстанцкай арганізацыі. Севярын Мікалай Ромэр і ягоная жонка Тэадора актыўна дапамагалі паўстанцам. Севярын быў высланы ў Томскую губэрню, Тэадора — у Казанскую, але паехала за мужам. Пасьля ссылкі Ромэры вярнуліся на радзіму. На той момант гатэль быў канфіскаваны і прададзены. Пасьля называўся — гатэль «Маскоўскі», але гарадзенцы яго яшчэ доўга называлі «гатэлем Ромэра» або «гатэлем паўстанцаў».

🏠 Што там цяпер. Рэстарацыя.

8. Акруговы шпіталь

Былы акруговы шпіталь у Горадні

📍 Горадня, Ажэшкі, 9

📜 Што там было ў часы Каліноўскага. Шпіталь. Ён быў перабудаваны напрыканцы 1850-х з былога бровара баніфратраў. Тут быў лекарам Ёсіф Маркевіч, які зьбіраў грошы для Горадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі. Яго арыштавалі ў сакавіку 1863 году і выслалі ў Пермскую губэрню. Уладкаваўся лекарам на залатых рудніках на Ўрале. З 1868 году жыў у Варшаве, займаўся мэдыцынай і музыкай. Дапамог стаць мастаком і кампазытарам Мікалоюсу Чурлёнісу.

🏠 Што там цяпер. Пошта, арганізацыі тэлефоннай сувязі.

9. Дом Элізы Ажэшкі

Дом-музэй Элізы Ажэшкі ў Горадні

📍 Горадня, Ажэшкі, 17

📜 Што там было ў часы Каліноўскага. Эліза Ажэшка, тады яшчэ будучая пісьменьніца-дэмакратка, актыўна дапамагала паўстанцам. Калі жыла на Палесьсі разам са сваім першым мужам Пятром Ажэшкам, то прымала ў сябе атрад Рамуальда Траўгута.

🏠 Што там цяпер. Дом-музэй Элізы Ажэшкі.

10. Дом Абрэмбскіх

Дом Абрэмбскіх у Горадні (пасярэдзіне, жоўтага колеру)

📍 Горадня, Ажэшкі, 19

📜 Што там было ў часы Каліноўскага. Трохпавярховы дом пабудавала на зямлі Ажэшкі сям’я Абрэмбскіх у канцы XIX стагодзьдзя. Абрэмбскія падтрымлівалі паўстанцаў. Любамір Абрэмбскі служыў у губэрнскай палаце дзяржаўных маёмасьцяў. Падчас паўстаньня стаў касірам горадзенскай паўстанцкай арганізацыі. У яго на кватэры адбываліся сустрэчы паўстанцаў. Абрэмбскі быў арыштаваны царскімі ўладамі, высланы ў Сыбір, вярнуўся адтуль у 1878 годзе. Увесь гэты час ягоная сям’я жыла ў вялікай нястачы. Любамір памёр у 1894 годзе, пахаваны на старых горадзенскіх могілках па вуліцы Антонава.

🏠 Што там цяпер. Упраўленьне спорту і турызму горадзенскага аблвыканкаму.

11. Чыгуначны вакзал

Чыгуначны вакзал у Горадні

📍 Горадня, Будзённага, 37

📜 Што там было ў часы Каліноўскага. 2 сакавіка 1863 году тут адбыўся бой паміж царскімі ўладамі і паўстанцкім атрадам, які меўся выехаць з Горадні ў бок Парэчча. Атрад заўважыў вайсковы патруль Калускага палку і падняў трывогу. Салдаты атакавалі цягнік з паўстанцамі. Машыніст Вінтэр адчапіў вагоны з паўстанцамі ад цягніка. Зьехаць з гораду ўдалося толькі начальніку горадзенскай станцыі Кульчыцкаму, які пасьля памёр ад ран, і яшчэ 6–8 паўстанцам. Рэшту паўстанцаў салдаты расьсеялі, двух паранілі. У наступныя дні ў горадзе затрымалі ня менш як 46 паўстанцаў.

🏠 Што там цяпер. Чыгуначны вакзал. Пра паўстанцкае змаганьне нагадвае шыльда на сьцяне вакзалу з боку прывакзальнай плошчы зь лічбамі «1863».

Шыльда з надпісам «1863» на чыгуначным вакзале ў Горадні

12. Гімназія, дзе вучыўся Кастусь Каліноўскі

Былая гімназія, дзе вучыўся Каліноўскі

📍 Горад Сьвіслач Горадзенскай вобласьці, вуліца 17 верасьня, 3

📜 Што там было ў часы Каліноўскага. Сьвіслацкая павятовая вучэльня, якую наведвалі браты Каліноўскія, Рамуальд Траўгут. Кастусь Каліноўскі вучыўся тут у 1847–1852 гадах.

🏠 Што там цяпер. Сьвіслацкі цэнтральны раённы шпіталь. Сучасная гімназія ў Сьвіслачы месьціцца па іншым адрасе, але носіць імя Каліноўскага.

Шыльды на будынку былой гімназіі ў Сьвіслачы

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 40 мясьцінаў у Беларусі, дзе можна ўшанаваць паўстанцаў Каліноўскага. МАПА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як жыве мястэчка, дзе помнікаў Кастусю Каліноўскаму болей, чым Леніну