Чаму аднагрупнікі цкуюць дзяўчыну, якая выклала відэазапіс пра прымус да датэрміновага галасаваньня

Кадр зь відэа, на якім куратарка БДЭУ «заахвочвае» студэнтаў да датэрміновага галасаваньня.

Аўтарытарная матрыца перазагружаецца. Беларуская моладзь — хутчэй не лукашысты, а пафігісты і канфармісты.

Сьцісла:

  • Цкаваньне ад аднагрупнікаў сьведчыць пра аўтарытарную матрыцу ў сьвядомасьці беларускай моладзі.
  • Грамадзтва ў ідэалягічным, каштоўнасным, палітычным сэнсе аднаўляе само сябе.
  • Эўрапейскія каштоўнасьці, трапляючы на нашу глебу, аўтаматычна ператвараюцца ў славутую беларускую «талерантнасьць».
  • Уладам удалося ў значнай ступені інтэграваць моладзь у створаную ў краіне сацыяльную мадэль.
  • Галоўная функцыя сыстэмы адукацыі, школ і ўнівэрсытэтаў Беларусі — не атрыманьне якасных ведаў, не фармаваньне творчай асобы, а выхаваньне палітычнай ляяльнасьці, забесьпячэньне паслухмянасьці.

«Аднагрупнікі называюць мяне цяпер "крысай"»

Студэнтка-першакурсьніца БДЭУ Аліна Шмігель, якая даслала ў рэдакцыю Свабоды відэазапіс, дзе куратарка патрабуе ад студэнтаў галасаваць датэрмінова, паведаміла, што яе пачалі цкаваць аднагрупнікі. «Аднагрупнікі называюць мяне цяпер "крысай", — кажа яна. — Якая ж я "крыса"? Я ж выканала свой грамадзянскі абавязак, у адрозьненьне ад іх. Узлаваліся на мяне. Кажуць, што калі ў іх празь мяне ўзьнікнуць праблемы, то праблемы буду мець і я. Кажуць, што я падставіла чалавека».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ўсё адсочваецца». Як куратарка БДЭУ прымушае студэнтаў да датэрміновага галасаваньня. ВІДЭА

Гэта факт вельмі яскравы. Ён вельмі шмат кажа пра беларускае грамадзтва, шмат што тлумачыць.

Калі прадстаўнікі апазыцыі кажуць, што ў правінцыі людзі баяцца публічна камунікаваць з прадстаўнікамі апазыцыі, бо «яны супраць улады», то гэта больш-менш зразумела. На тое яна і правінцыя.

Тут жа гаворка ідзе пра сталіцу, пра моладзь, пра студэнтаў. Ва ўсе часы моладзь была баромэтрам грамадзкіх тэндэнцый, паказчыкам таго, у якім кірунку ідуць працэсы сацыяльнага разьвіцьця краіны. Яна хутчэй рэагуе на новыя ідэі, прыстасоўваецца да новых зьяваў грамадзкага жыцьця. І што ж паказвае беларускі баромэтар?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першакурсьніца, якая апублікавала відэа пра загон на галасаваньне: «Аднагрупнікі пачалі мяне цкаваць»

Чаму беларускія студэнты — самая паслухмяная частка грамадзтва?

Калі Аляксандар Лукашэнка прыйшоў да ўлады, то ў асяродзьдзі незалежных экспэртаў нярэдка гучала меркаваньне, што час працуе супраць яго. Маўляў, пакаленьні мяняюцца, і калі на зьмену людзям, якія выйшлі з СССР, прыйдзе моладзь, то электарат прэзыдэнта пачне звужацца, у выніку чаго ў аўтарытарнага кіраўніка ня будзе палітычнай будучыні.

Але ўсё аказалася зусім ня так.

Грамадзка-палітычныя настроі ў моладзевым асяродзьдзі даволі супярэчлівыя. З аднаго боку, паводле шматлікіх сацыялягічных апытаньняў, сярод моладзі значна больш распаўсюджаныя дэмакратычныя, праэўрапейскія, рынкавыя каштоўнасьці, калі параўноўваць з усім насельніцтвам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Перашкаджае выбарчаму працэсу». Назіральніка, які зьняў спробу ўкіду бюлетэняў, пазбавілі акрэдытацыі

Аднак, зь іншага боку, высьветлілася, што фактычна грамадзтва ў ідэалягічным, каштоўнасным, палітычным сэнсе аднаўляе само сябе.

Клясычны прыклад — студэнты. Ва ўсіх краінах студэнцтва — гэта самая пратэставая, неспакойная, бунтарская, «прасунутая» частка грамадзтва, носьбіт найноўшых ідэйных плыняў, стылёвых паводзін. Студэнцкае вальнадумства — адна з самых слаўных традыцый эўрапейскіх унівэрсытэтаў. І актыўная грамадзянская пазыцыя — адзін з элемэнтаў эўрапейскага мысьленьня.

Беларускія студэнты вонкава мала адрозьніваюцца ад сваіх замежных калег. Яны жывуць у новай інфармацыйнай прасторы, сацыяльных сетках, ведаюць ангельскую мову, падарожнічаюць па сьвеце. Але гэта слаба ўплывае на ўспрыняцьце імі эўрапейскіх каштоўнасьцяў. У палітычным сэнсе беларускія студэнты — самая паслухмяная, кіраваная, канфармісцкая частка грамадзтва. У выбарчых акругах, дзе знаходзяцца студэнцкія інтэрнаты, — самы высокі працэнт датэрміновага галасаваньня. Маладыя людзі без супраціву масава ўступаюць у БРСМ. Апазыцыйныя моладзевыя арганізацыі і рухі застаюцца маргінальнымі. Ідэя свабоды ня надта натхняе моладзь. То бок эўрапейская традыцыя, трапляючы на нашу глебу, аўтаматычна ператвараецца ў славутую беларускую «талерантнасьць».

Аўтарытарная матрыца

Аўтарытарная матрыца перазагружаецца. Наўрад ці аднагрупнікі Аліны Шмігель — лукашысты. Але беларусы ня любяць тых, хто высоўваецца, хто занадта сьмелы, хто выбіваецца з агульнага шэрагу. Быць як усе — вось ідэал, які падзяляе большасьць грамадзян.

Адзін знаёмы выкладчык БДУ мне апавядаў, як ён на паліталёгіі даў заданьне студэнтам — прапанаваць, як можна вырашыць пэўную рэальную сацыяльную праблему. Вынік яго зьдзівіў. Большасьць студэнтаў бачыла вырашэньне праблемы ў забаронах, жорсткім дзяржаўным кантролі і іншых мэханізмах аўтарытарнага кіраваньня.

Чаму так атрымліваецца? Вядома, што каштоўнасьці — даволі кансэрватыўная рэч. Яны перадаюцца ад пакаленьня да пакаленьня. Тут шмат залежыць ад стану грамадзтва, дзяржаўнай палітыкі. За кароткі дэмакратычны пэрыяд пачатку 1990-х гадоў не пасьпела зьявіцца, кажучы расейскай мовай, «непоротое» пакаленьне.

Аляксандар Лукашэнка кіруе Беларусьсю ўжо 25 гадоў. За гэты час у краіне вырасла новае пакаленьне, якое нічога іншага, акрамя аўтарытарнай сыстэмы, ня бачыла. Уладам удалося ў значнай ступені інтэграваць моладзь у створаную ў краіне сацыяльную мадэль.

Як працуе сыстэма адукацыі

Галоўная функцыя сыстэмы адукацыі, школ і ўнівэрсытэтаў Беларусі — не атрыманьне якасных ведаў, не фармаваньне творчай асобы, не падрыхтоўка крэатыўных і таленавітых маладых людзей. Гэтая задача — другасная. Не выпадкова якасьць адукацыі ў краіне рэзка ўпала.

Асноўная ж функцыя сыстэмы адукацыі ў нас — нэўтралізацыя моладзевай актыўнасьці, выхаваньне палітычнай ляяльнасьці, забесьпячэньне паслухмянасьці. Школа і ўнівэрсытэты перш за ўсё пакліканыя выгадаваць не грамадзян, а падданых. Дырэктара школы ці рэктара ўнівэрсытэту хутчэй пакараюць не за дрэнную якасьць адукацыі і нават не за хуліганскія ўчынкі выхаванцаў, а за ўдзел вучняў ці студэнтаў у нейкай апазыцыйнай арганізацыі ці акцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Моладзевы блёк пікетаваў Міністэрства адукацыі. ВІДЭА

Вядомы журналіст Анджэй Пачобут з нагоды гэтай гісторыі ў БДЭУ піша ў Фэйсбуку: «Што ж, моладзь заўсёды добра паддаецца дрэсіроўцы. Глядзіш, хутка ім і ідэалягічна-БРСМаўскія пастухі ня будуць патрэбныя. Статак сам будзе сябе кантраляваць. У гэтым і ёсьць галоўная праўда разьвітога аўтарытарызму: вінаваты ня той, хто прымушае, а той, хто супраць прымусу».

Таму беларускія маладзёны — хутчэй не лукашысты, а пафігісты і канфармісты. Уласна, як і большасьць насельніцтва. Але, на жаль, з пафігізму і канфармізму ня вырасьце дэмакратычная Беларусь. І гэта сумна.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.