На нарадзе 15 лістапада Аляксандар Лукашэнка расказаў пра «патрабаваньні немцаў» наконт беларускіх дражджавых камбінатаў, піша БелТА.
Дражджавы завод у Слуцку цяпер выпускае 20 тысяч тон прадукцыі на год, магутнасьці можна нарасьціць да 70 тысяч тон. У яго было ўкладзена 37 млн эўра інвэстыцыяў, зь якіх 10 млн — нямецкія (сам завод на 75% належыць нямецкім інвэстарам). Таксама ў краіне працуюць дражджавы камбінат у Менску і ягоная філія ў Ашмянах, іх агульная вытворчасьць — 15,1 тысяч тон. Прадукцыю экспартуюць, у тым ліку ў Эўразьвяз.
Нараду, заявіў Аляксандар Лукашэнка, давялося склікаць, каб «ня ўтойваць наяўныя нюансы» і каб не было «ўсялякага кшталту цемры і кансьпіралёгіі».
«Сёньня немцы нібыта патрабуюць, каб мы закрылі ўсе нашыя вытворчасьці дражджавой галіны і пакінулі адно прадпрыемства для працы на беларускім рынку, — заявіў Лукашэнка. — Прыкладна такое патрабаваньне. І нібыта яно заснаванае на тым, што мы абяцалі гэта зрабіць да таго, як быў пабудаваны ў Слуцку новы дражджавы завод.
І мяне таксама ў гэтым пераконвалі і чальцы ўраду, і прэм'ер-міністар, што мы абяцалі, і калі гэта ня зробім, то заўтра пачнецца вайна зь Нямеччынай, якая можа перарасьці ў трэцюю сусьветную».
Лукашэнка запатрабаваў разабрацца, ці абяцалі нешта такое немцам, і «знайсьці нармальнае выйсьце».
На дражджавым заводзе ў Слуцку працуе 79 чалавек зь сярэднім налічаным заробкам каля 1400 беларускіх рублёў. На менскім камбінаце працуе 150 чалавек, сярэдні налічаны заробак — каля 850 рублёў, на яго ашмянскай філіі адпаведна 64 чалавекі і 582 рублі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наша і ня наша вайна для Лукашэнкі і Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гэта вайна. Лукашэнка запатрабаваў ад спартоўцаў не выступаць кепска на Эўрапейскіх гульнях ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары, мова, наркотыкі. 10 заяваў з пасланьня Аляксандра Лукашэнкі