Міжнародная аб’яднаная сьледчая група (JIT), якая займаецца расьсьледаваньнем авіякатастрофы «Боінга» «Малайзійскіх авіяліній» у небе над Данбасам у 2014 годзе, просіць даць паказаньні аб магчымай ролі расейскіх чыноўнікаў у трагедыі.
Група апублікавала расшыфроўку новых запісаў перахопленых размоваў зь меркаванымі лідэрамі сэпаратыстаў і ў сувязі з гэтым зьвярнулася да сьведак па дадатковыя паказаньні, паведамляе Голас Амэрыкі.
Сьледчыя на аснове аналізу перамоваў мяркуюць, што лідэры самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» падтрымлівалі кантакты з расейскімі чыноўнікамі наконт вайсковай падтрымкі.
У прыватнасьці, у размове ў пачатку ліпеня 2014 году сэпаратыст з «ДНР» з пазыўным «Мангол» паведамляе невядомай асобе, што ў рэгіён «прыбудуць людзі з паўнамоцтвамі» ад міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу. Паводле словаў «Мангола», гэтыя людзі прыедуць замяніць мясцовых камандзіраў падразьдзяленьняў. Вызваленыя пасады, як сьцьвярджаецца, займаюць людзі з Масквы.
У прыведзеных расшыфроўках размоў Аляксандр Барадай, так званы прэм’ер-міністар «ДНР», кажа, што «выконвае загады і абараняе інтарэсы выключна адной дзяржавы — Расейскай Фэдэрацыі».
Сьледчая група са спасылкай на крыніцы сьцьвярджае, што ўрад «ДНР» фінансаваўся за кошт ахвяраваньняў з Расеі. Паводле словаў высокапастаўленага прадстаўніка «ДНР», амаль увесь бюджэт самаабвешчанай рэспублікі быў прафінансаваны за кошт расейскіх сродкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Нідэрляндаў заклікаў расьсьледаваць ролю Ўкраіны ў справе пра MH17«Боінг» «Малайзійскіх авіяліній» выконваў рэйс з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур і пацярпеў крушэньне 17 чэрвеня 2014 году. Загінулі ўсе 298 чалавек на борце, пераважна грамадзяне Нідэрляндаў. У чэрвені 2019 году пракуратура Нідэрляндаў вылучыла афіцыйныя абвінавачаньні ў забойстве супраць траіх грамадзян Расіі і аднаго грамадзяніна Ўкраіны, якія ваявалі на баку сэпаратыстаў на ўсходзе Украіны. Пад падазрэньне трапілі былы камандуючы сіламі данецкіх сэпаратыстаў Ігар Стралкоў (Гіркін), яго намесьнік Сяргей Дубінскі, намесьнік Дубінскага Алег Пулатаў і Леанід Харчанка. Сьледзтва лічыць, што яны нясуць адказнасьць за арганізацыю дастаўкі зэнітна-ракетнага комплексу «Бук» з тэрыторыі Расеі, зь якога, як мяркуецца, быў зьбіты самалёт.
Масква неаднаразова заяўляла пра прадузятасьць расьсьледаваньня і вінаваціла Ўкраіну ў падробцы доказаў. Расія таксама лічыць, што Кіеў нясе адказнасьць за тое, што не закрыла паветраную прастору над зонай баявых дзеяньняў ва Ўкраіне.